Актывісты прафсаюзу РЭП правялі 31 сакавіка пікет у падтрымку свайго актывіста Міхаіла Сошка ў Слоніме.
Актывісты з розных гарадоў Беларусі прыехалі ў Слонім і зладзілі пікет ля цэнтральнай прахадной «Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі» падчас перапынку на абед.
Перашкоду ў правядзеньні акцыі ніхто не чыніў. Але, пасьля таго, як актывісты РЭПу зьехалі са Слоніму, стала вядома, што на месца пікетаваньня прыяжджалі міліцыянты.
Сьлесару 6-га разраду са «Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі» Міхаілу Сошку працадаўца не працягнуў кантракт. Міхаіл адпрацаваў на фабрыцы 30 год. Згодна з калектыўнаю дамоваю на прадпрыемстве яму павінны былі працягнуць кантракт да дасягненьня пэнсійнага ўзросту.
Міхаіл лічыць, што кіраўніцтву не падабалася ягоная дзейнасьць у свабодным прафсаюзе. Таму, сьцьвярджае актывіст, у дачыненьні да яго было складзеная справа аб парушэньні.
Дзеяча прафсаюзу РЭП апраўдалі ў судзе. Кіраўніцтва «Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі» зьвярнулася з пратэстам у абласны суд. І за час, пакуль разглядалася скарга, Міхаілу не працягнулі кантракт.
Міхаіл Сошка зьбіраецца падаваць скаргу ў Канстытуцыйны суд. Ён мае намер змагацца за свае правы да апошняга.
— Мы зьбіраемся надаць міжнародны розгалас гэтай справе, — кажа старшыня прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч.
Яўген Глаголеў-Васьковіч