Пэнсіянэры, якіх не прыняў Косінец, выйшлі на акцыю пратэсту

Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў пракуратуры і судах» пратэставалі на плошчы Свабоды ў Менску.

Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў пракуратуры і судах» пратэставалі на плошчы Свабоды ў Менску.

У пераважнай бальшыні гэта пэнсіянэры, якія намагаюцца адстаяць свае правы ў спрэчцы зь дзяржаўнымі органамі і патрабуюць ад уладаў захаваньня законнасьці. Гэта чарговая несанкцыянаваная акцыя, на якую пэнсіянэраў змусілі адпіскі чыноўнікаў адміністрацыйных устаноў, праваахоўных органаў, судоў і пракуратуры.

Каля дзясятка чалавек выйшлі з плякатамі: «Патрабуем ад чынавенства выкананьня Канстытуцыі краіны», «Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак», «У Канстытуцыі правы і свабоды на паперы, а нам патрэбныя ў жыцьці».

Пікетчыкі казалі, што да пратэсту іх змушаюць дзеяньні чыноўнікаў, якія парушаюць іх правы — працоўныя, жыльлёвыя, маёмасныя. Суды і пракуратура не разглядаюць іх скаргі па сутнасьці і дасылаюць заяўнікам адпіскі.

Як паведаміла актывістка ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў пракуратуры і судах» Тамара Сяргей, штуршком для правядзеньня іх пікету сталася тое, што іх адмовіўся прыняць кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Косінец:

«Мы як законапаслухмяныя грамадзяне загадзя накіравалі калектыўную заяву на прыём. Нас праігнаравалі і не далі нават адказу. Мы сёньня прыйшлі ў прыёмную, і ніхто да нас ня выйшаў, не запытаўся і не пацікавіўся, хто мы, чаго там сядзім і каго чакаем — мы для іх не існуём. Таму мы моўчкі выйшлі на плошчу Свабоды, каб праз плошчу размаўляць з нашым кіраўніцтвам.

Мы некалькі гадоў увесь час зьвяртаемся ў дзяржаўныя органы, мы дамагаемся таго дыялёгу, пра які ўвесь час кажа кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка з экрана тэлевізара. Ніякага дыялёгу няма, і бачна, што дыялёг з чыноўнікамі магчымы толькі праз плошчу.

І я лічу, што народ павінен адумацца і прааналізаваць, куды мы прыйшлі за дваццаць гадоў такога стаўленьня да сябе. Чаму за памылкі кіроўных чыноўнікаў мы павінны расплочвацца нашымі грашыма, нашымі лёсамі і нашымі жыцьцямі? І мы будзем прыходзіць на плошчу да тае пары, пакуль улада нас не пачуе.

На сёньня ёсьць поўнае самавольства чыноўнікаў, поўнае самавольства судзьдзяў і поўнае самавольства пракурораў. Заканадаўства не выконваецца, правы людзей парушаюцца. Я як юрыст часта бываю ў судах і бачу, якое самаўпраўства чыняць судзьдзі, як яны пераступаюць закон».

За ўдзельнікамі пікету сачылі шматлікія супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, але ў ход акцыі ня ўмешваліся.

Актывісты зьвярталіся ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, каб трапіць на асабісты прыём да яе кіраўніка больш за трыццаць разоў, але безвынікова.

Удзельнікі пікету прыехалі ў Менск з розных гарадоў Беларусі