Неміласэрная

Джакома Чэруці, «Дзяўчынка-жабрачка і пральля» (1720).

Яны прыходзяць часта, але яна зачыняе перад імі дзьверы. Яна неміласэрная.

За дзьвярыма яна ўгледзела дзяцей. Спачатку яны папрасілі есьці для самага маленькага, гадоў пяці хлопчыка, равесьніка яе сыночку. Вынесла тое, што было на абед. Не магла глядзець на чырвоныя, сьсівераныя ручкі. Вынесла рукавічкі. Папрасілі даць з сабою. Наладавала торбу. Папрасілі адзеньня. Сабрала тое, што было ад сына і дачкі. Папрасілі для маці. Тлумачыла, што адзеньне, якое магла б прапанаваць, на лецішчы. Не сыходзілі. Аддала сарафан, у якім хадзіла на працу. Падзякавалі. Сышлі.

Вечарам, вяртаючыся з працы, убачыла каля сьметніцы свой сарафан. У ліфце стаяў слоічак з марынаванымі агурочкамі.

Яны прыходзяць часта, але яна зачыняе перад імі дзьверы.

Яна неміласэрная.

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org