Двум фанатам-антыфашыстам выставілі абвінавачаньне ў асабліва злосным хуліганстве. Пагражае да 10 гадоў

Сьледчы камітэт, ілюстрацыйнае фота

Каля будынку Сьледчага камітэту ў Менску невядомыя вывесілі расьцяжку «Волю антыфа». Гэта адбылося ўвечары 29 сакавіка. Адказнасьць за акцыю ўзяла на сябе група менскіх антыфашыстаў, якія гэтак выказалі салідарнасьць з аднадумцамі Вадзімам Бойка і Ільлёй Валавіком. Міліцыя затрымала гэтых хлопцаў некалькі дзён таму, іх утрымліваюць у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Зьвесткі пра антыфашыстаў паведаміла крыніца «Наша справа» ў сацыяльнай сетцы «Укантакце»:

«Увечары 29 сакавіка стала вядома, што двум арыштаваным антыфашыстам, Вадзіму Бойка і Ільлі Валавіку, у якога хутка народзіцца дзіця, Сьледчы камітэт перапрад’явіў абвінавачваньне, і цяпер яны зьяўляюцца абвінавачанымі паводле часткі 3 артыкулу 339 КК РБ („Асабліва злоснае хуліганства“). Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне тэрмінам да 10 гадоў няволі».

На сайце Сьледчага камітэту зьвестак пра затрыманых антыфашыстаў няма.

Намесьнік старшыні Праваабарончага цэнту «Вясна» Валянцін Стэфановіч паведаміў пра затрыманых:

Валянцін Стэфановіч

«Мы ведаем, што гэтыя хлопцы — сябры клюбу футбольных фанатаў клюба „Партызан“, якія пабіліся з фанатамі клюба „Тарпеда“. У іх ёсьць падзел на ўмоўных правых і антыфашыстаў. Паводле нашых зьвестак, паміж імі адбылася нейкая бойка ў тралейбусе, падчас якой пабіліся самі, пабілі вокны і распылілі сьлезацечны газ. За тое міліцыянты затрымалі двух чалавек і праводзілі ператрусы, шукаючы рэчавыя доказы, відаць, балёнчыкі. Але, наколькі мы ведаем, было ня 20 ператрусаў, як напісалі, а некалькі. Гэта 20 ператрусаў у фанатаў было за 2 апошнія гады, як кажуць міліцыянты. Спачатку ў справе не было пацярпелых, ніхто з фанатаў не заяўляў пра зьбіцьцё, таму затрыманых абвінавачвалі па іншым артыкуле, але цяпер нібыта знайшоўся пацярпелы (прычым ён сам затрыманы за наркотыкі), вось на падставе яго заявы нібыта і перапрад’явілі абвінавачаньне Бойку і Валавіку. Гэта папярэдняя інфармацыя, мы да яе асьцярожна ставімся, яшчэ шмат што трэба высьвятляць. Ёсьць зьвесткі, што адзін з хлопцаў ужо затрымліваўся падчас чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску, але хто і за што, высьвятляем», — сказаў Валянцін Стэфановіч зь «Вясны».