Фотагалерэя цалкам у вялікім памеры тут
Афіцыйная цырымонія пачалася з выкананьня беларускага гімна «Магутны Божа». У ёй узялі ўдзел валянтэры, пабрацімы беларусаў, што загінулі на Майдане і на Данбасе, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў «Правы сэктар» і УНА-УНСО, а таксама жыхары Кіева.
Камандзір тактычнай групы «Беларусь», якая ваюе на Данбасе, Ігар падзякаваў украінскаму народу і валянтэрам за тое, што адзначылі такім чынам памяць Алеся Чаркашына, ягонага пабраціма Віталя Ціліжэнкі і Міхася Жызьнеўскага:
«Я пакуль што не здымаю балаклаву, бо ў Беларусі нас перасьледуюць, называюць наймітамі, нашых сваякоў і родных, якія жывуць у Беларусі, дапытваюць і абшукваюць. Але ня мы пачалі гэтую вайну, аднак мы яе скончым. Разам з украінцамі... Прыйдзе час, і на Беларусі, на беларускіх вуліцах таксама ўшануюць нашых хлопцаў, якія пражылі годнае жыцьцё».
Яшчэ адзін беларускі добраахвотнік, баец з пазыўным Рустам Док з тактычнай групы «Беларусь», ня змог утрымацца, каб не распавесьці пра цяжкасьці зь легалізацыяй у замежных грамадзян, якія ваявалі на Данбасе за ўкраінскую дзяржаву:
«На працягу двух гадоў мы атрымліваем толькі адпіскі зь міграцыйнай службы, і з-за адсутнасьці дакумэнтаў замежныя добраахвотнікі ня могуць уладкавацца на працу, на вайсковую службу, нават адкрыць рахунак у банку».
Валянтэрка Вольга Гальчанка, ініцыятарка ўсталяваньня гэтага знаку, пашкадавала, што, нягледзячы на запрашэньне, на цырымонію не прыехалі бацькі Чаркашына і Жызьнеўскага:
«Але мы вельмі рады, што цяпер у Кіеве зьявілася месца, на якім усе жадаючыя, і беларусы, і ўкраінцы, могуць ушанаваць памяць беларускіх добраахвотнікаў».
На помніку зьмешчаныя прозьвішчы загінулых беларусаў — Міхаіла Жызьнеўскага, які загінуў на Майдане ад кулі снайпэра, а таксама Алеся Чаркашына і Віталя Ціліжэнкі, якія ваявалі ў складзе тактычнай групы «Беларусь» і загінулі ў Данецкай вобласьці ў жніўні 2015 году.
Помнік выкананы ў колерах нацыянальнага сьцяга Беларусі, шчыт упрыгожвае герб «Пагоня». Аўтар помніка Глеб Гржабоўскі сам страціў сына падчас баёў у Данецкім аэрапорце.
«Я хачу падзякаваць загінулым беларусам і іх пабрацімам, вечная памяць і гонар ім! Я ганаруся, што сёньня мы сабраліся, каб ушанаваць іх памяць», — сказаў аўтар помніка.
Сродкі на помнік зьбіралі сябры і блізкія загінулых, а кіеўскі зьвяз вэтэранаў АТА дапамог прайсьці ўсе інстанцыі, каб атрымаць дазволы на ўстаноўку на сьцяне Кіеўскага коледжу тэхналёгіяў і дызайну.