З гэтай асобай адбылася гутарка, у якой ён пракамэнтаваў публікацыі пра сябе ў беларускіх СМІ. Аднак ад яе публікацыі чалавек пакуль адмаўляецца.
26 сакавіка Наша ніва апублікавала расьсьледаваньне, у якім параўнала фотаздымкі з Плошчы-2010 і Дня волі-2016. Журналісты Нашай Нівы сьцьвярджаюць, што чалавек на фота зьяўляецца правакатарам, які пачаў біць шыбы у Доме ўраду падчас падзеяў 2010. А сёлета зьявіўся на Дзень волі ў тым самы адзеньні — куртцы з трыма палоскамі і чорнай шапачцы.
«Гэты чалавек на вачах у журналістаў тады спакойна сышоў з плошчы Незалежнасці ў кампаніі некалькіх мужчын.
І вось падчас шэсця на Дзень Волі — 2016 у аб’ектыў камэры журналіста „Нашай Нівы“ трапіў надзіва падобны мужчына. Ён быў нават апрануты гэтаксама — у чорную шапачку і шэрую спартовую куртку з трыма палоскамі на плячах» — піша Наша Ніва.
Радыё Свабода праз тэлефон зьвязалася з чалавекам, які называе сябе чалавекам на фотаздымку. На нашыя пытаньні ён адказаў праз мэсэнджар фэйсбука.
Ён адмаўляе абвінавачаньні, выстаўленыя ў Нашай Ніве. Канкрэтнага адказу на тое, чаму яму ўдалося пазьбегнуць лёсу сотняў затрыманых пасьля падзеяў Плошчы і дзясяткаў асуджаных на доўгія тэрміны, нам атрымаць не ўдалося. Працяглы час чалавек знаходзіўся за межамі Беларусі.
Раней адміністратар суполкі Жыве Беларусь Вконтакте заявіў, што ў публікацыі Нашай Нівы размова ідзе менавіта пра яго. Удзельнікі абмеркаваньня пад гэтай заявай паставіліся да яе з сумненьнем.