Пра гэта ў інтэрвію газэце «Зьвязда» паведаміў начальнік галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі, палкоўнік міліцыі Мікалай Карпянкоў.
«Важна не прапусьціць у Беларусь замежных баевікоў-наймітаў, радыкальна настроеных мусульман, удзельнікаў ваенных апэрацый ва Ўкраіне, на Блізкім Усходзе. Мы фарміруем апэратыўны ўлік беларускіх баевікоў, якія ваявалі ва Ўкраіне, а цяпер вяртаюцца дадому. Усё гэта робіцца дзеля таго, каб людзі , якія могуць несьці ваенную пагрозу дзяржаве, знаходзіліся пад кантролем. Ужо распачата 135 крымінальных спраў у дачыненьні да такіх беларусаў», — сказаў ён.
У Сьледчым камітэце Беларусі гэтую інфармацыю не камэнтуюць.
Падобныя лічбы агучваюцца ўпершыню.
На прэс-канфэрэнцыі 1 сакавіка кіраўнік МУС Беларусі генэрал-лейтэнант міліцыі Ігар Шуневіч паведаміў, што беларускія органы папярэдняга расьсьледаваньня будуць накіроўваць ва Ўкраіну даручэньні аб аказаньні прававой дапамогі для збору інфармацыі аб беларускіх грамадзянах, якія ваююць у Данбасе.
Мы зьбіраем, атрымліваем, здабываем матэрыялы, фактычныя дадзеныя, сьведчаньні зь любых крыніц, даступных сёньня праваахоўнай сыстэме.
«Мы зьбіраем, атрымліваем, здабываем матэрыялы, фактычныя дадзеныя, сьведчаньні зь любых крыніц, даступных сёньня праваахоўнай сыстэме. Гэта адкрытыя крыніцы, закрытыя крыніцы, правядзеньне апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў, разьведвальных мерапрыемстваў (электронная разьведка). Гэта цэлы комплекс працэсуальных дзеяньняў, якія мы выконваем па даручэньні сьледчых», — сказаў Шуневіч.
Паводле кіраўніка МУС, ёсьць сьпіс асоб, якія знаходзяцца ў зоне ўзброенага канфлікту, прымаюць удзел у баявых дзеяньнях «у той ці іншай форме на тым ці іншым баку канфлікту». Зьвесткі ёсьць прыкладна аб 140 грамадзянах Беларусі.
«Вядзецца сьледзтва па крымінальнай справе. Мы, Міністэрства ўнутраных спраў, выконваем даручэньні сьледчых па дакумэнтаваньні гэтых фактаў. І сьледзтва будзе даваць прававую ацэнку гэтым асобам», — сказаў Шуневіч.