У Віцебску зьявіцца вуліца Шагала. Фота

Трансфарматарная будка з партрэтам Марка Шагала

Імя Марка Шагала гарадзкія ўлады Віцебску плянуюць даць участку вуліцы Праўды ад вуліцы Леніна да вуліцы Калініна.

«Ужо распрацаваны праект адпаведнай пастановы», — паведаміў старшыня Віцебскага гарвыканкаму Віктар Нікалайкін. Перайменаваньне зьвязана з тым, што ў гэтым месцы аднаўляецца будынак народнай мастацкай вучэльні, якой кіраваў Марк Шагал.

«Гэта няправільна, што ў нашым горадзе да гэтага часу няма вуліцы Марка Шагала», — заявіў пры гэтым Віктар Нікалайкін.

Сайт «Народныя навіны Віцебска» у сувязі з гэтым зазначае: «Мэр Віцебска, падобна, ня вельмі ўпэўнена арыентуецца ў тапаніміцы свайго гораду, бо з 2011 году ў Віцебску ёсьць праезд Шагала. Ён знаходзіцца ў мікрараёне Білева, у частцы яго катэджнай забудовы».

Праезд Марка Шагала, “няцотная частка”


Праезд, які носіць імя вядомага мастака — гэта аднабаковая забудова: з аднаго боку дарогі катэджы, з другога — пустка. Сьпярша йдуць дамы зь няцотнымі нумарамі, а за паваротам — з цотнымі. Спадар, які жыве ў «цотнай частцы», з гонарам кажа, што ягоны дом стаіць на вуліцы сусьветна вядомага мастака:

Праезд марка Шагала, “цотная частка”


«Праўда, афіцыйна кажучы, у нас тут ня вуліца, а праезд. Хацелі зрабіць вуліцу вось тут, у нас. Ды нешта ў іх не атрымалася. Цяпер Нікалайкін казаў, што вуліца Шагала будзе побач з вуліцай Леніна. Мусіць, вырашылі, што ў нас тады трэба помнік Шагалу ставіць, а дзе грошы ўзяць?»

Тут пачынаецца частка вуліцы, якую хочуць перайменаваць


Паводле Віктара Нікалайкіна, вуліцу Шагала вырашана зрабіць у цэнтры Віцебска. Дзеля гэтага ён прапануе перайменаваць «частку вуліцы „Праўды“ — ад перакрыжаваньня з вуліцай Леніна да вуліцы Калініна».

Дарэчы, гістарычна гэты раён гарадзкой забудовы і быў асобнай вуліцай: да 1918 году — Уваскрасенскай, названай у гонар разьмешчанай тут царквы, потым яе перайменавалі ў Бухарынскую. А ў 1962 годзе, з нагоды 50-годзьдзя газэты «Праўда», былыя Ўваскрасенская і Духаўская вуліцы былі злучаны ў адно, і названыя паводле найменьня органа друку ЦК КПСС. Пад гэтым назовам вуліца існуе і дагэтуль, але мала хто зь віцяблян памятае пра яе «газэтнае мінулае». Яны кажуць проста: «Жыве на Праўдзе», і нават у тралейбусе прыпынак абвяшчаюць адпаведна «Вуліца Праўды».

Вуліца вядзе ўніз, да будынка «народнай мастацкай вучэльні»


Што да часткі гэтай вуліцы, якую плянуюць перайменаваць, то старшыня гарвыканкаму цьвердзіць, што «праект адпаведнай пастановы будзе разгледжаны на чарговай сэсіі гарадзкога Савета дэпутатаў». Спадар Нікалайкін паведаміў, што перайменаваньне грунтуецца на гістарычных рэаліях: тут (на тагачаснай вуліцы Бухарынскай) дзейнічала мастацкая вучэльня, у якой да 1920 года выкладаў Марк Шагал.

У гэтым будынку працаваў Марк Шагал


Вучэльня (у дакумэнтах яна значыцца таксама як Віцебская народная мастацкая школа або Віцебская народная мастацкая вучэльня) адчынілася ўвосень 1918 году — прыём пачаўся з 11 лістапада. 28 студзеня 1919 году адбылося афіцыйнае адкрыцьцё: установа разьмясьцілася ў доме былога банкіра Ізраіля Вішняка. Будынак гэты быў нацыяналізаваны пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Будынак «народнай мастацкай вучэльні» — на рэстаўрацыі


Марку Шагалу належала і ініцыятыва стварэньня мастацкай вучэльні. У той час ён быў у Віцебску ўпаўнаважаным па справах мастацтваў, і запрасіў для работы ў новай навучальнай установе Казіміра Малевіча, Эль Лісіцкага, Мсьціслава Дабужынскага. Крыху пазьней у вучэльні было створана творчае аб’яднаньне УНОВІС — Сьцьвярджальнікі новага мастацтва, якое аб’яднала прыхільнікаў супрэматызму.

Мэмарыяльная шыльда на будынку


У пачатку 1922 года навучальную ўстанову рэарганізавалі, а з 1923 году мастакоў і скульптараў пачалі навучаць ужо ў іншым будынку.

Ацалеўшы ў час Вялікай Айчыннай вайны, дом № 5 на вуліцы «Праўды» некалькі разоў мяняў гаспадароў, з 1976 года тут знаходзіўся вылічальны цэнтар з вялікімі ЭВМ. Дзеля іх зрабілі перапляніроўку, зруйнавалі некалькі капітальных сьцен. Цяпер першапачатковы выгляд будынка аднаўляецца — яго рэстаўруюць. Плянуецца, што ў помніку архітэктуры ХІХ стагодзьдзя будзе адчынены філіял Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва, а дакладней — музэй гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні.

Выгляд з боку вуліцы Калініна