Упершыню больш як за палову году ў Бярозе на Берасьцейшчыне адбылася дазволеная масавая акцыя. Пікет да 98-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі прайшоў на стадыёне Паўночнага гарадка. Гэта далёка ня цэнтар гораду, але побач — шматпавярховікі.
Пікетоўцы трымалі плякаты з надпісамі ў гонар абвяшчэньня БНР, у падтрымку прадпрымальнікаў супраць указу № 222, на адным з плякатаў было напісана «Беларусь — не Расея», на іншым — «Не — Еўразійскаму саюзу».
Большасьць удзельнікаў акцыі — людзі сталага веку, хоць была і маладая жанчына з маленькім дзіцем. Часам да пікетоўцаў падыходзілі цікаўныя жыхары Бярозы, распытвалі пра акцыю.
4 міліцыянты назіралі за акцыяй наводдаль, за плотам стадыёну, і да пікетоўцаў не падыходзілі. Апэратар у цывільным паздымаў прысутных на камэру.
Акцыя доўжылася з 18-й да 19-й гадзіны, ніякіх інцыдэнтаў і правакацыяў не адбылося.
Your browser doesn’t support HTML5