«Дзякуй богу, дзень сёньня сьветлы, ясны сонечны, – казаў 25 сакавіка ў парку Купалы Павал Севярынец. – І дзякуй вам, тым, хто не пабаяўся! У беларускай мове воля азначае і свабоду, і рашучасьць. Гэта адна зь нямногіх моваў сьвету, якая аб’ядноўвае паняцьці, так неабходныя нашаму народу.
Дваццаць два гады гэтую краіну спрабавалі ўтаптаць у бруд. Ужо хутка сто гадоў, як розныя прыблуды спрабавалі ператварыць нашую радзіму ў адзін суцэльны калгас, у якім бы кіравалі ад балды, у якім былі б толькі сьвінафэрмы, чырвоныя куткі, брыгадзіры і людзі па калена ў брудзе. Але гэтаму не бываць! Савецкі саюз разваліўся, Расейская імпэрыя развальваецца – і час Лукашэнкі ўжо праходзіць. Беларусь ніколі ня будзе калгасам.
Дарагія сябры! Дзень Волі, 25 сакавіка, для многіх хрысьціянаў, каталікоў і пратэстантаў, гэта дзень Дабравешчаньня, калі бог сказаў Марыі, што ў яе народзіцца збаўца сьвету, Езус, і так і сталася. Таму гэты дзень надзвычай сьветлы. І таму гэта дзень тых, хто верыць. Калі мы будзем верыць, мы пераможам. Жыве Беларусь!»
Акцыя на Дзень Волі пачалася ў менскім парку Янкі Купалы каля 17 гадзіны, завершыўся праз 20 хвілін ускладаньнем кветак да помніка Янку Купалу. З палітычных лідэраў у парк прыйшлі разам зь Севярынцам Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Вячаслаў Сіўчык, Уладзімер Някляеў і іншыя – яны трымаюць прамовы пад помнікам Янку Купалу. Улады дазволілі правесьці шэсьце ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор і мітынг у Парку дружбы народаў.
На пачатку адзначэньня Дня Волі ў Менску кароткую прамову выказаў заснавальнік «Маладога Фронту», старшыня аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Павал Севярынец.