У вёсцы Вяшэўка Бярэзінскага раёну 23 сакавіка падчас выбуху загінулі сямягідовы Саша і васьмігадовы Вася.
Целы Сашы і Васі знайшлі пасярод разаранага зімовага поля, каля каменя. Такі разьмежавальны камень на полі адзін. Ісьці да яго ад дамоў мэтраў 400-500.
Вярхушка каменя пашкоджаная. Мяркуецца, што хлопчыкі паклалі на яго «боегалоўку часоў другой сусьветнай вайны».
«Ніколі там не гулялі, ніколі туды не хадзілі», — сваякі загінулага другаклясьніка Сашы ня могуць зразумець, як хлопчыкі апынуліся на полі.
Побач з каменем дзьве плямы крывы — адна бліжэй, другая далей.Некалькі ямінаў, вырытых сапёрамі, валяюцца гумовыя пальчаткі. Варонкі ці сьлядоў ад выбуху не відаць. Хадзіць там, як запэўнілі прадстаўнікі Сьледчага камітэту, можна, бо мясцовасьць правераная сапёрамі.
«Прыйшоў са школы, пераапрануўся, кажа: „Мама, я пайду гуляць“. Ну ідзі — куды тут пойдзеш, — распавядае маці загінулага Сашы Алена Ахрамейка. — Мы іх бачылі, гулялі і тут і там. А палове на шостую ён звычайна дахаты прыходзіць. А тут гляджу — няма. Пайшлі яго шукаць».
Шукалі хлапцоў усёй вёска. Каля дзявятай гадзіны зьвярнуліся ў міліцыю.
Ад выбуху пацярпеў таксама дзесяцігадовы Ваня. Ён знаходзіцца ў бальніцы ў Беразіно. У другой палове дня 24 сакавіка каля дома Вані стаялі дзьве службовыя машыны і людзі ў куртках з надпісам Сьледчы камітэт. Як патлумачылі супрацоўнікі, праводзяцца сьледчыя дзеяньні.
Сваякі Сашы дзівяцца, чаму Ваня доўга не распавядаў, што адбылося.
«Ён прыйшоў дахаты, памыўся, рану сваю перавязаў і нічога нікому не сказаў, — кажуць яны.
«Гэта сьледчыя ўжо, гадзіне а 12 ночы ці можа пазьней, сталі „ціснуць“, і тады ён паказаў, што там і там. А адразу ён паказаў, што яны пайшлі дахаты», — тлумачыць маці Алена.
Сама яна даведалася пра тое, што Сашы няма, а палове чацьвёртай ранку.
«Гэта здарылася хай сабе а пятай гадзіне (удзень 23 сакавіка — РС.). Гэта ж колькі часу прайшло?!! Можа ім яшчэ можна было дапамагчы?!» — пытаецца сваячка.
«Вельмі спакойны хлопчык, — кажа пра Сашу цёця. — Я блізка не паверу, што ён сам туды мог пайсьці. Ці пад ціскам, ці яго чымсьці зацікавілі і прывялі. Ён хатні хлопчык быў — у доме дапамагаць, посуд мыць. Ня мог ён туды пайсьці».
Паводле сваякоў, райвыканкам вельмі дапамагае ў арганізацыі пахаваньня. Хлопчыка пахаваюць заўтра ў роднай вёсцы маці Жыроўкі.
Сям’я загінулага Васі выхоўвае яшчэ траіх дзяцей. У сям’і пацярпелага Вані дзяцей трое. Маці выхоўвае іх адна. У Алены яшчэ двое дзяцей — старэйшая Елізавета і малодшы Ўладзь.
«Але гэтаму замены ня будзе ніколі», — кажа Алена і плача. Пра трагічнае здарэньне адразу даведаўся ўвесь раён, а ў вёсцы — кожны.
«Саплякі зусім, — распавядае аднавясковец. Кажа, што выбуховыя рэчывы захоўваюцца вельмі добра і праз шмат гадоў. Памятае такія небясьпечныя «прыгоды» па сваім дзяцінстве і кажа, што знаходзяць і дагэтуль рэгулярна.
Сама вёска Вяшоўка робіць уражаньне надзвычай занядбанай. Тут закінутыя ня толькі прыватныя вясковыя хаты, але і цэлыя будынкі. Гнятлівае ўражаньне робіць ужо нядзейсны клюб, пафарбаваны ў ружовы колер, і разбураная спартовая пляцоўка пры ім.
Жывуць у вёсцы нібыта паўтары сотні чалавек. Дзяцей — некалькі дзясяткаў.
«У нас тут нічога няма ані школы, ані саду, і клюб нават закрыты, ніякага досуга няма. У аўтобусе школьным чалавек 20 дзяцей едзе. ... П’юць.. Заробак атрымалі і стараюцца напіцца. Пэнсіі на два тыдні хапае, пасьля ідуць у краму просяцца ў пазыкі. Сельсавет раней быў у Пагосьце, а цяпер далі ў Дзьмітравічах. Калі ў Пагост можна было на аўтобусе пад’ехаць, а да Дзьмітравічаў трэба на чымсьці дабрацца спачатку да Жыроўкі пяць кілямэтраў, а пасьля яшчэ да Дзьмітравічаў на чымсьці восем кілямэтраў», — распавядае жыхарка Вяшэўкі.
«Не найлепшае дзяцінства было ў гэтых дзетак», — кажа яна і плача.