Жданко: На пачатку году і ўлада, і грамадзтва сутыкнуліся зь некалькімі вострымі сацыяльнымі праблемамі, якія сталі наступствам значных эканамічных узрушэньняў, што перажывае цяпер Беларусь. Размова найперш пра істотны рост камунальных тарыфаў і хуткае (і, відаць, ужо непазьбежнае) падвышэньне пэнсійнага ўзросту.
Гэтыя дзьве тэмы — бадай, самыя папулярныя сёньня і на лаўках каля пад’ездаў, і ў грамадзкім транспарце, і ў рабочых «курылках».
Адметна тое, якую лінію паводзін абрала ўлады ў гэтых умовах, калі, з аднаго боку, грошай на тое, каб утрымліваць ранейшую сыстэму субсідый, няма; а з другога — хочацца падтрымліваць імідж сацыяльнай дзяржавы, якая дбае пра інтарэсы простага чалавека, і боязна за ўласныя рэйтынгі на тле хуткіх палітычных кампаній.
Дык вось, як сталася, напрыклад, з камунальнымі тарыфамі. Напрыканцы мінулага і на пачатку новага году былі шматкроць падвышаныя кошты на электраэнэргію, водазабесьпячэньне і практычна на ўсе іншыя паслугі. Потым — памятная нарада ў Лукашэнкі з пагрозамі надзець кайданкі на кіраўнікоў ЖКГ, якія «ад балды» налічылі людзям плату за камунальныя паслугі. І вось дзень таму — разьвязка: 23 сакавіка Лукашэнка падпісаў указ, якім часткова нібыта «адкручвае» цэны назад, але ў рэальнасьці для карыстальнікаў патаньнее толькі вада. І тое зусім не да таго, узроўню, як да падаражэньня. А вось самыя істотныя артыкулы — ацяпленьне, гарачае водазабесьпячэньне і электраэнэргія — засталіся бязь зьменаў. Гэта значыць, цэны на іх застаюцца падвышанымі.
Вельмі стары, шматкроць апрабаваны Лукашэнкам прыём пад умоўнай назвай «Цар добры — баяры кепскія». Але прыём гэты, як ні дзіўна, спрацоўвае.
Вельмі стары, шматкроць апрабаваны Лукашэнкам прыём пад умоўнай назвай «Цар добры — баяры кепскія». Але прыём гэты, як ні дзіўна, спрацоўвае... Я ўжо мімаходзь чуў размову дзьвюх пэнсіянэрак, якія з захапленьнем расказвалі адна адной пра тое, як Лукашэнка ня даў сквапным чыноўнікам залезьці ў народную кішэню. Што праўда, новыя «жыроўкі» за кватэру яны яшчэ ня бачылі. Думаю, што ўрэшце іх чакае вялікае расчараваньне....
Падобнае адбываецца і з падвышэньнем пэнсійнага ўзросту. Яшчэ год таму Лукашэнка абяцаў, што такога падвышэньня не дапусьціць. Потым — абяцаў параіцца з народам, і калі народ скажа «Не» — то ні ў якім разе... Цяпер вось загаварыў пра падвышэньне як пра меру непазьбежную — без усялякага абмеркаваньня. І, думаю, на фінішы нас таксама чакае які-небудзь стандартны апрабаваны прыём, дэманстрацыя царскай шчодрасьці і справядлівасьці. Нягеглыя чыноўнікі задзяруць пэнсійны ўзрост гадоў на пяць, а ён цьвёрдай і справядлівай рукой паставіць іх на месца: зьнізіць падвышэньне гадоў да трох. І заслужыць народную падзяку і ўхваленьне.
Зьбяднелы, пакрыўджаны, дэзарыентаваны люд хоча бачыць і ведаць тых, хто вінаваты ў ягонай галечы.
Без сумневу, зь дзьвюма гэтымі тэмамі зьвязана і трэцяя, пра якую цяпер шмат гавораць і пішуць — арышты вядомых бізнэсоўцаў. Зьбяднелы, пакрыўджаны, дэзарыентаваны люд хоча бачыць і ведаць тых, хто вінаваты ў ягонай галечы. І ўлада паслужліва пераводзіць стрэлкі на тых, каго ўсе бедныя апрыёры ня любяць і каму зайздросьцяць — на багатых.
Тут, праўда, паўстае пытаньне: дзеля чаго патрэбны ўладзе ўсе гэтыя складаныя канструкцыі самаабельваньня і самавыгароджваньня, калі ад рэальных грамадзкіх настрояў у краіне даўно ўжо нічога не залежыць: галасы на выбарах не лічаць, апазыцыянэраў да ўлады блізка не падпускаюць, дэмакратызацыі грамадзкага жыцьця няма і не прадбачыцца.
Мяркую, Лукашэнку, як палітыка, які добра памятае канец 80-х і пачатак 90-х гадоў, усё ж турбуе пытаньне ўласнага рэйтынгу. Адна справа — падпраўляць лічбы на выбарах, калі твая рэальная падтрымка вагаецца ў межах 50-ці працэнтаў; зусім іншая — калі амаль ніякай падтрымкі няма (як у савецкіх камуністаў пад завесу перабудовы). У такой сытуацыі ўстойлівасьць аднаасобнай і непадзельнай улады апынаецца пад вялікім пытаньнем. Чаму ўсё ж такія складаныя канструкцыі прыдумляюцца Лукашэнкам? Яны расьцягваюцца ў часе, абстаўляюцца спэктаклямі, нарадамі, на якіх ён кажа, што трэба пакараць вінаватых, тых, хто гэта папрыдумляў — падвышэньне тарыфаў.
Навумчык: Прыгадаю першыя месяцы прэзыдэнцтва Лукашэнкі ў 1994-ым, тады яшчэ абсалютна легітымнага. Лукашэнка прыйшоў так ці інакш з даволі вялікім крэдытам народнага даверу, і некаторыя аналітыкі, напрыклад, Анатоль Майсеня, пісалі, што маючы такой крэдыт даверу, Лукашэнка, амаль дакладная цытата, сваёй шырокай сьпінай можа засланіць ад народу рэфарматараў, Багданкевіча і іншых, якія за год, два, тры могуць правесьці непапулярныя эканамічныя рынкавыя рэформы, якія безумоўна на першым этапе будуць зьвязаныя з яшчэ большым абядненьнем, але далей дасьць вельмі добры эфэкт — як, скажам, адбылося ў Польшчы. Натуральна, што рэйтынг за гэты час у Лукашэнкі ўпадзе, ён ужо наўрад ці пераабярэцца ў 1999-м, затое справа будзе зробленая і Лукашэнка ўвойдзе ў гісторыю як рэфарматар. Ён будзе крытыкаваць урад, рэфарматараў, але даваць праводзіць рэформы. Вось такія спадзяваньні, якія выявілі сваю наіўнасьць ужо ўвосень 1994-га году, калі Вярхоўны Савет 12-га скліканьня зацьвердзіў эканамічную праграму, якую прапанаваў урад і пачаліся рэформы.
Усё, што ён ні робіць, накіраванае на ўтрыманьне яго асабістай улады.
Адно зь першага, што было зроблена, былі ўзьнятыя цэны. Як толькі яны былі ўзьнятыя, народ імгненна на гэта зрэагаваў, пачалі казаць — «Вось Лукашэнка падмануў, на выбарах абяцаў апусьціць цэны, а як абраўся — падняў». Лукашэнка зьявіўся на экране, усе чакалі, што ён будзе нешта тлумачыць, можа лаяць прэм’ер-міністра Чыгіра, але цэны будуць далей прыводзіцца ў адпаведнасьць з рэальнасьцю. Але Лукашэнка выступіў зусім нечакана для ўсіх, у тым ліку для самага бліжэйшага атачэньня — ён загадаў у чыста адміністрацыйным парадку гэтыя цэны вярнуць назад. І сапраўды яны былі адкручаныя. Да 1995-га году тыя крокі, якія плянаваў зрабіць той жа самы Багданкевіч, былі згорнутыя, але затое Лукашэнка ўратаваў свой рэйтынг. Гучала ў рабочых курылках, каля пад’ездаў тое самае: ай які Лукашэнка маладзец, ён міністраў ставіць на месца. Яшчэ адзін варыянт: Лукашэнка добры, але яму перашкаджаюць. Ну тады яму перашкаджаў БНФ, Пазьняк, а цяпер, выглядае, перашкаджае нехта іншы, у тым ліку і так званыя алігархі. Але лёгіку ў такіх public relation дзеяньнях прасачыць вельмі цяжка. Тут могуць быць розныя мадэлі, адзінае, што для мяне зразумела — што ўсё, што ён ні робіць, накіраванае на ўтрыманьне яго асабістай улады, а зусім не на жаданьне правесьці якіясьці рынкавыя, эканамічныя, а тым больш палітычныя рэформы.
Грузьдзіловіч: Апошнія пяць гадоў у памяці такі ж палітычны трук, які выкарыстаў Аляксандар Лукашэнка, гэта было ў 2011-м годзе, калі пачыналіся маўклівыя акцыі, а тут улада ўзяла і рэзка падняла кошт на бензін. Адбылася гучная і выразная акцыя, нешматлюдная, але выехалі кіроўцы. Тады затрымалі некалькіх актывістаў, расказвалі, што міліцыянты калі складалі пратаколы, казалі: што ж вы робіце, не бачыце, што цэны вяртаюцца назад! Не прайшло 2 дні, цэны вярнуліся і з таго часу яны растуць, але паступова. Лукашэнка за гэтыя гады адпрацаваў ня толькі наступленьні на правы людзей, на рэформы, але і адступленьні. Калі нешта робіцца, потым адкручваецца назад і падаецца ў такім выглядзе, нібыта ўлада прыслухалася да людзей. Гэта спрацоўвае. Нядаўна быў на пікеце ў падтрымку Надзеі Саўчанкі каля амбасады Расеі — там шмат людзей пэнсійнага ўзросту жыве, вэтэранаў, у тым ліку з Міністэрства абароны, яны былі вельмі не задаволеныя гэтым пікетам. Але калі пераходзіш на размову пра тое, а што, ці ў вас няма праблем, за якія б вы змагаліся, вы ўсім задаволеныя? Яны тады пагаджаюцца, што камунальныя рэчы іх вельмі хвалююць. Тое, што адкінулі назад, яны ў гэта яшчэ не вераць. Пакуль не атрымалі жыровак — ім жа сказалі, вы зможаце заплаціць пазьней, не хвалюйцеся. Людзі думаюць, што іх зноў падмануць. Такія супярэчлівыя настроі я адчуў, калі размаўляў з людзьмі. Пытаньне такое: колькі яны яшчэ будуць цярпець? Колькі яны гатовыя выглядаць падманутымі? Мая думка, што яшчэ 2-3 гады гэта працягнецца. Але калісьці гэта закончыцца, будзе выбух, і тыя ж самыя пэнсіянэры, кіроўцы, прадпрымальнікі могуць гучней выступіць супраць такой палітыкі.