У Аддзеле інфармацыі, адукацыі і культуры амбасады ЗША ў Менску адкрылася дакумэнтальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакумэнты, сьведчаньні».
Ініцыятарам выступіла амбасада ЗША і грамадзкая ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» пры падтрымцы шэрагу беларускіх грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятыў. Удзел у адкрыцьці ўзялі прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці: творчыя дзеячы, навукоўцы, археолягі, дасьледчыкі гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі. Выставу наведалі таксама кіраўнікі шэрагу дыпляматычных місіяў краін Эўразьвязу ў Беларусі, а таксама амбасадары іншых краін.
Выставу адкрыў павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд, які прывітаў прысутных па-беларуску і сказаў:
«Перадусім хацеў бы падзякаваць арганізатарам гэтай выставы — грамадзкім, культурным дзеячам, гісторыкам, палітыкам за тое, што вы падкрэсьліваеце важнасьць гэтай тэмы для беларускага грамадзтва і ўсяго сьвету.
Таксама тут прысутнічаюць прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу. Ваша ўвага да гэтай тэмы дапаможа міжнароднай супольнасьці прызнаць яе важнасьць».
Скот Роланд падзяліўся сваімі асабістымі ўзгадкамі і ўражаньнямі пра Курапаты, якія ўпершыню наведаў у 2014 годзе, як прыбыў у Менск. Ён прыгадаў, як ня раз наведваў урочышча ў складзе дыпляматычных дэлегацыяў і са сваёй сямʼёй, каб зразумець глыбіню жудаснай трагедыі народа, які перажыў сталінскія рэпрэсіі.
«Калі гэтая выстава адкрылася ў лістападзе ў Палацы мастацтваў, я быў глыбока ўражаны многімі работамі, а таксама спробай беларускіх творцаў раскрыць гэтую глыбокую трагедыю. Вось гэтая карціна (Маці Божая) застаецца глыбока ў маёй душы. Многія ў мяне перапытваюць, якая сувязь Курапатаў з Амэрыкай, і я кажу, што ўся сувязь адлюстраваная на гэтых стэндах. А менавіта — паказаны візыт у Беларусь прэзыдэнта Клінтана, які таксама наведваў Курапаты.
Я быў вельмі расчараваны, калі арганізатары паведамілі мне, што выстава будзе доўжыцца ўсяго некалькі дзён. Бо я хацеў паказаць яе сваім сябрам і калегам. Таму падчас таго візыту нарадзілася ідэя паказаць гэтую выставу большай колькасьці людзей і зладзіць яе ў аддзеле інфармацыі, адукацыі і культуры амбасады. Сёньня гэтая ідэя ажыцьцявілася.
Праз выставу, кшталту сёньняшняй, мы нагадваем людзям, асабліва маладому пакаленьню, і спадзяёмся іх пераканаць рабіць усё магчымае, каб гэта зноў не паўтарылася. Пакуль мы памятаем пра Курапаты і пра тыя сумныя падзеі, ёсьць спадзяваньне, што гэтая трагедыя не паўторыцца».
«Праўда пра Курапаты. Факты, дакумэнты, сьведчаньні» — гэта першая ў Беларусі выстава, якая расказвае пра гісторыю адкрыцьця, абароны і захаваньня Курапатаў ад часу іх першай публічнай згадкі ў 1988 годзе. Экспазыцыю выставы складаюць творы мастацтва: жывапісныя, графічныя і скульптурныя працы, інсталяцыі, фатаздымкі, копіі дакумэнтаў, рэчы абаронцаў Курапатаў 2001–2002 гадоў, газэты, судовыя матэрыялы, якія тычацца Курапатаў.
Упершыню выстава адбылася ў лістападзе мінулага году ў менскім Палацы мастацтваў і доўжылася пяць дзён. Адзін з арганізатараў выставы, сябра ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Вінцук Вячорка пра важнасьць дэманстрацыі выставы на тэрыторыі амбасады ЗША сказаў:
«Мы вельмі ўдзячныя амэрыканскай амбасадзе і спадару паверанаму за запрашэньне нашай выставы. Безумоўна, перадусім гэты крок мае сымбалічны сэнс: гэта азначае, што ЗША падзяляюць тыя каштоўнасьці, дзеля якіх мы гэтую выставу і стваралі. Гэта праўда пра гістарычную памяць, патрэба ніколі больш не дапусьціць таталітарызму і крокі дзеля таго, каб ведала як найбольшая колькасьць людзей і ў Беларусі, і ва ўсім сьвеце пра тую трагедыю, якую перажыў беларускі народ у 30-я гады і ў пазьнейшыя гады камуністычнага таталітарызму. Вельмі важна, што сюды былі запрошаныя і прыйшлі амбасадары дэмакратычных краін Эўропы перадусім. І, безумоўна, мы разглядаем гэтае запрашэньне як аванс дзеля таго, каб гэтую выставу пашырыць, перавесьці яе ў онлайн-вэрсію, зрабіць, магчыма, перасоўны варыянт. Бо мы пераканаліся, што голад на праўду пра Курапаты, пра рэпрэсіі — ён вельмі высокі ў нашым — і ня толькі — грамадзтве».
На завяршэньне ўрачыстай часткі імпрэзы сьпявачка Тацяна Грыневіч засьпявала вядомую песьню «Авэ Марыя» на словы Зянона Пазьняка. А затым арганізатары правялі экскурсіі для прысутных.
Выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакумэнты, сьведчаньні» ў амбасадзе ЗША будзе доўжыцца да 29 сакавіка.