Каля 700 мігрантаў, якія спрабавалі нелегальна пранікнуць празь Беларусь у краіны Эўразьвязу, былі затрыманыя летась непасрэдна на мяжы.
Самым папулярным напрамкам у нелегалаў стала мяжа зь Літвой, пасьля яе ідзе мяжа з Латвіяй, потым — з Польшчай. Усяго за год нелегальных мігрантаў на тэрыторыі Беларусі было выяўлена каля 20 тысяч. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў прэсавы сакратар Памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка.
«Людзі прабіраюцца праз Расею ў Беларусь, адтуль — ляснымі сьцежкамі ў Літву, а потым на захад Эўразьвязу. Заўважыць іх у лясным масіве памежнікі могуць толькі зь верталёта з дапамогай цеплавізара», — піша пра новыя шляхі міграцыі ўцекачоў з Блізкага Ўсходу ў Эўропу інтэрнэт-рэсурс «Настоящее время».
Карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да Аляксандра Цішчанкі па камэнтар да гэтага паведамленьня: ці сапраўды гэтак лёгка нелегальна перасекчы беларуска-літоўскую мяжу?
Аляксандар Цішчанка: «Пачну з таго, што змаганьне зь нелегальнай міграцыяй вядзецца ня толькі на мяжы, а яшчэ на падыходзе да яе.
Хоць мяжа з Расеяй празрыстая, але ўнутры краіны вельмі шчыльны міграцыйны кантроль. Найперш правяраецца выкананьне правілаў уезду-выезду, знаходжаньня на нашай тэрыторыі. Далей ідзе памежная зона, уезд на якую таксама мае рэжымныя парамэтры. І толькі потым — лінія мяжы. Таму, каб дабрацца да гэтай лініі, трэба прайсьці яшчэ сама меней два фільтры.
Дык вось, на гэтых фільтрах за год выяўляецца ад 15 да 20 тысяч замежных грамадзянаў. То бок большая частка адсякаецца, пэўная частка зь іх нават дэпартуецца. Але і на лініі мяжы таксама ня ўсё так проста. У тым ліку літоўска-беларускай, дзе няма звыклага з савецкіх часоў калючага дроту.
Цяпер як з нашага боку, гэтак і зь літоўскага ўжываюць вельмі шмат сыгналізацыйнага абсталяваньня, у тым ліку мабільныя комплексы, якія дазваляюць назіраць за мяжой і кантраляваць яе і ўдзень, і ўночы. Такія комплексы ёсьць уздоўж мяжы, ёсьць і пераносныя, мабільныя.
Дадайце, што мясцовыя жыхары аказваюць вялікую дапамогу. Таму насамрэч да лініі мяжы дабрацца вельмі складана.
Тым больш што мяжа ахоўваецца з двух бакоў. Нават калі мы знайшлі сьляды, а парушальніка ўжо няма, дык дзелімся інфармацыяй з прылеглым бокам, і пошук працягваецца. І гэткая сыстэма працуе ў два бакі.
У выніку да мяжы з тых 15–20 тысяч парушальнікаў дабіраюцца ўсяго некалькі соцень. Летась на самой мяжы гэтак затрымалі каля 700 парушальнікаў, гэта на ўсіх межах, ня толькі зь Літвой.
Вядома, некаторая частка нагрузкі дастаецца і прылегламу боку, але ўсё роўна ў нас вельмі шчыльны кантроль, які дазваляе пасьпяхова стрымліваць незаконную міграцыю».