Мігранты: ляснымі сьцежкамі праз Беларусь і краіны Балтыі ВІДЭА

Ці стануць краіны Балтыі галоўным калідорам нелегальнай міграцыі ў Эўразьвяз?


Краіны Балтыі ўжо ў бліжэйшыя месяцы могуць стаць адным з калідораў нелегальнай міграцыі мігрантаў з Блізкага Ўсходу ў ЭЗ. Да сёньняшняга дня калідорам у асноўным карысталіся жыхары Віетнама, Аўганістана і Расеі. Людзі прабіраюцца праз Расею ў Беларусь, а адтуль — ляснымі сьцежкамі ў Літву, а затым на захад ЭЗ. Выявіць іх у густым лясным масіве памежнікі могуць толькі з верталёта пры дапамозе цеплавізара.
У Літве ўжо затрымліваюць сырыйцаў або іракцаў, якія спрабуюць прарвацца ў краіны Скандынавіі. Але афіцыйная Вільня рыхтуецца да сапраўднаму наплыву бежанцаў з Афрыкі і Блізкага Ўсходу. У бліжэйшыя два гады толькі па квотах ЭЗ у краіну павінны прыбыць 1105 мігрантаў з гэтых рэгіёнаў. Але і ў Вільні не выключаюць, што бежанцаў можа быць нашмат больш.

«Назіраючы за тым, што адбываецца ў ЭЗ, мы не выключаем магчымасьці, што гэтыя патокі бежанцаў могуць прайсьці і праз наш рэгіён», — заўважае кіраўнік Службы аховы дзяржмяжы Літвы Рэнатас Пажэла. А старшыня адной з партыі кіруючай кааліцыі «Парадак і справядлівасьць» Раландас Паксас ужо абвясьціў, што ў Літве будзе ініцыяваны рэфэрэндум па пытаньні прыёму бежанцаў.

1070 кілямэтраў — такая даўжыня мяжы Літвы з краінамі, якія не ўваходзяць у ЭЗ, гэта адна з самых доўгіх межаў у Эўразьвязе. На ўсім яе працягу плянуецца ўсталяваць камэры і сыстэмы начнога назіраньня. Але ўсё гэта зьявіцца на мяжы толькі да 2022 году. Колькі мігрантаў пасьпеюць перасекчы яе да гэтага часу — невядома.