Песьні смаргонскага акына, або Уварваньне ва ўласны сусьвет

Таня Скарынкіна



Таня Скарынкіна «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэсьлі»; Вільня: Lohvino Literaturos Namai, 2015.

Калі толькі пачынала чытаць гэтую кнігу, увесь час лавіла сябе на думцы, што і стыль, і тэмы, і сюжэты паасобных тэкстаў мяне вельмі моцна раздражняюць. Нават злуюць. Пачнеш чытаць — і такая злосьць бярэ, што хочацца выкінуць кнігу ў фортку! Але апошнія старонкі дачытвала з неверагодным захапленьнем і нават шкадавала, што так хутка кніга скончылася. Дзіва!



Не, я не прымушала сябе чытаць, не кіравалася парадамі сяброў-крытыкаў пад кнігу папіваць віно (нехта сказаў, што менавіта так яна «заходзіць» найлепш). Проста разгортвала выданьне ў тыя моманты, калі найбольш патрэбна было адвабіцца ад рэчаіснасьці і перанесьціся ў міталягічную Смаргонь.

Так, менавіта міталягічную. Думаю, што многія чытачы пасьля знаёмства са зборнікам (ды і нават падчас чытаньня асобных эсэ Тані на сайце «Будзьмы») захацелі зьезьдзіць у Смаргонь. У Таніным горадзе ўсё сапраўды да дасканаласьці цудоўна: тут і мама, і «цёці», і сяброўкі, і тоны ўспамінаў, і кожнае месца са сваёй адметнай гісторыяй-мітам... Мне туды ехаць зусім ня хочацца (баюся расчаравацца), але час ад часу ўцякаць у той міталягічны горад, да прыкладу, калі еду ў мэтро, ці калі чакаю сустрэчы, неверагодна прыемна.

А яшчэ Таніны эсэ моцна ўплываюць на ход думак і нават стыль пісьма. Я гэта заўважыла, калі рэдактар газэты, дзе я працую, неяк няўзнак папракнуў у злоўжываньні інвэрсіямі. Мне падавалася, што такім чынам я ўдала расстаўляю акцэнты ў сказах. Але тут зразумела: паддалася уплыву, і, як загіпнатызаваная, ужываю інвэрсіі «скарынкінаўскія».

Яшчэ большымі ўзмацняльнікамі атмасфэры асабістасьці і інтымнасьці расповедаў-эсэ Тані зьяўляюцца яе вершы

Спачатку я думала ў рэцэнзіі напісаць пра тое, што, падчас чытаньня гэтых тэкстаў мы нібы зазіраем у замочную шчыліну і сочым за чужым жыцьцём. Разам са сваімі згадкамі-роздумамі-ўспамінамі аўтарка вельмі сьмела выстаўляе яго напаказ. Часам аж няёмка становіцца. Але потым зразумела: эсэ Скарынкінай — гэта ўварваньне чытача ў яго ж уласны сусьвет. Кожны з тэкстаў выклікае шмат успамінаў, эмоцый, згадак з мінулага. Хочацца пагадзіцца з Таняй, усклікнуць: «Так, і ў мяне гэтак жа, і я ўвесь час, калі заўважаю, што нехта падстрыгся, кажу „Памаладзеў!“ (ці „Памаладзела!“)». Або наадварот, паспрачацца, не пагадзіцца... Але часьцей за ўсё — падзяліцца і сваімі думкамі, сваімі асабістымі гісторыямі. Стварыць свае міталягічныя Мёры, Слонім, Баранавічы, ... (сюды можна дапісаць патрэбную назву вашай роднай мясцовасьці).

Яшчэ большымі ўзмацняльнікамі атмасфэры асабістасьці і інтымнасьці расповедаў-эсэ Тані зьяўляюцца яе вершы. Яны вельмі арганічна ўплятаюцца ў палатно агульнага тэксту, часам нават не заўважаеш, дзе мяжа паміж вершам і прозай. І проза Скарынкінай рытмічная, амаль на мяжы з паэзіяй, і вершы яе глыбока асабістыя, шчырыя, даверлівыя. Яшчэ большага даверу аўтарка патрабуе ад чытача, калі распавядае, без дадумваньняў, як ёсьць, гісторыі напісаньня твораў, раскрывае крыніцы натхненьня і прызнае паразы, маўляў, кепскі верш атрымаўся, каюся. Ну і як крытыку пасьля гэтага пісаць пра паэзію Тані? Яна сама ўжо ўсё патлумачыла!

Такія тэксты-прызнаньні — добрая падказка для паэтаў-пачаткоўцаў. Натхненьне — у штодзённасьці, у жыцьці. Кожны дзень можа быць напоўнены цудамі, адкрыцьцямі, цікавымі знаходкамі — трэба толькі навучыцца іх бачыць. Ня верыце? А вось самі дзеля экспэрымэнту паспрабуйце вылічыць у натоўпе мінакоў анёла (ці, калі вам прыемней — д’ябла). Ім можа аказацца хто заўгодна — выпадковы пасажыр цягніка, пакупнік, разам з якім вы стаіце ў чарзе ці нават кіроўца таксі. Або дастаньце стары сямейны фотаальбом, распытайце ў мамы ці бабулі пра людзей, якія на фота, сатрыце пыл са старых гісторый-показак-мітаў. Думаецца, у кожнай сям’і такія ёсьць. Фэномэн эсэ Тані Скарынкінай у іх глыбокай асабістасьці, індывідуальнасьці, але яны маюць і пэўную долю калектыўнай сьвядомасьці. Усё ж такі ў адзін час усе жывём, у адной краіне, аднымі сьцежкамі ходзім.

Такія тэксты-прызнаньні — добрая падказка для паэтаў-пачаткоўцаў

Яшчэ ў Тані можна навучыцца запамінаць сны і па-свойму іх інтэрпрэтаваць. Я звычайна вельмі хутка забываюся, што прысьнілася ноччу. Толькі цягам дня ці двух трымаю ў памяці дзіўныя сюррэалістычныя сюжэты, каб распавесьці маме, сястры ці сябру (у залежнасьці ад зьместу). Потым яны назаўжды забываюцца. А ў эсэ Скарынкінай — цэлая навука сноў, іх ўтрыманьня ў памяці (а раптам для эсэ ці верша спатрэбяцца), увязваньня ў кантэкст сноў сяброў і прачытаньня як аднаго вялікага сэнсавага палатна. Гэта сапраўды ўражвае.

сьціплыя пахаваньні сваякоў, далёкіх і блізкіх, суседзяў і пышныя працэсіі-разьвітаньні з ксяндзамі

Не магу ўтрымацца, каб не распавесьці адну сваю гісторыю... Мяне вельмі ўразіла эсэ Тані пра пахавальныя здымкі — дзіўная традыцыя захоўваць сьведчаньні аб разьвітаньні з памерлымі. І ў маёй бабулі такія таксама ёсьць. Іх вельмі многа: сьціплыя пахаваньні сваякоў, далёкіх і блізкіх, суседзяў і пышныя працэсіі-разьвітаньні з ксяндзамі. Сумныя твары ў першых выпадках і нейкія ўрачыстыя ў другім. Гэтыя здымкі захоўваюцца асобна ад будзённых і сьвяточна-сямейных. А паколькі мая бабуля ўсё жыцьцё лічылася ледзь не найлепшай кухаркай у навакольлі, то ў пакеце з пахавальнымі здымкамі мы знаходзім і картачкі зусім незнаёмых людзей — змрочныя «сувэніры» на памяць з пахаваньняў, дзе бабуля «строіла» (менавіта гэтае слова ў Мілашове азначае «гатаваць»). Неяк мы зь сястрой, чарговы раз праглядаючы тыя здымкі, натрапілі на будзённы кадр: бабуля з іншымі жанчынамі ў фартухах пра нешта жартуюць, усьміхаюцца. Мы тады запыталіся: чаму такі вясёлы фотаздымак трапіў у «пахавальныя»? На што бабуля катэгарычна адказала: «Усё правільна, гэта ж з пахарону! Мы ж тут з бабамі строім для жалобнага стала!»

Марына Весялуха