Пасадкі алігархаў як ратаваньне бюджэту?

Карбалевіч: Магілёўскаму бізнэсоўцу, генэральнаму дырэктару групы кампаніяў «Сэрвалюкс» Яўгену Баскіну зьмянілі меру стрыманьня — перавялі зь СІЗА КДБ пад хатні арышт. Як кажуць неафіцыйныя крыніцы, Баскін кампэнсаваў усю суму нанесенай ім, паводле сьледзтва, шкоды.

Нагадаю, што 15 сакавіка былі затрыманыя 15 службовых асобаў групы кампаніяў «Сэрвалюкс» і «Экамол Агра». Паводле інфармацыі старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валерыя Вакульчыка, затрыманыя падазраюцца ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Папярэдне шкода ацэньваецца ў 370 мільярдаў рублёў.


Мінулым годам пасьля некалькіх месяцаў за кратамі вядомы IT-бізнэсовец Віктар Пракапеня заплаціў грошы і быў адпушчаны на свабоду. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, гаворка ідзе пра 1 мільён даляраў. Той жа старшыня КДБ Вакульчык паведаміў, што ўладальнік кампаніі «Біякам» Паўлоўскі выплаціў кампэнсацыю ў 20 мільёнаў даляраў і быў памілаваны прэзыдэнтам.

Такім чынам, запушчана цэлая сыстэма атрыманьня бюджэтам грошай. Бізнэсоўца садзяць за краты, выстаўляюць абвінавачваньне ў фінансавых злачынствах і называюць суму выкупу. Калі той плаціць, то выходзіць на свабоду. Калі чалавек не зразумеў, у якой краіне жыве, і спрабуе даказаць, што невінаваты, — будзе сядзець. Як гендырэктар Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганна Шарэйка. Дагэтуль у Беларусі практыкавалі «стрыжку» толькі дзяржпрадпрыемстваў. Існуе Фонд нацыянальнага разьвіцьця, у які спэцыяльным прэзыдэнцкім указам ці пастановай ураду прыбытковыя прадпрыемствы пералічваюць грошы. Гэта пасьля таго, як яны сплацілі ўсе падаткі і выплаты. Мінулым годам гэтая рэквізыцыя тычылася 36 прадпрыемстваў, кшталту «Беларуськалія», нафтаперапрацоўчых заводаў ды іншых. Але грошай стала не хапаць, і цяпер узяліся за тых, у каго яны яшчэ ёсьць. Схема пастаўлена на паток. Відавочна, што ўжо пачалася кампанія.

Цяжар захаваньня беларускай сацыяльнай мадэлі перакладаецца ня толькі на насельніцтва — у выглядзе росту камунальных тарыфаў і пэнсійнага ўзросту, — але і на бізнэс. Выкуп за свабоду — беларускае палітычнае ноў-хаў. Вось гэта і ёсьць галоўнае прызначэньне бізнэсу ў Беларусі. Ну, а КДБ становіцца самым эканамічна эфэктыўным ведамствам у краіне.

Стрыжка алігархаў паказвае, што ўлады выбіраюць не варыянт даць больш свабоды бізнэсу, які б прыносіў і больш грошай у бюджэт, а варыянт павелічэньня адміністратыўнага кіраваньня эканомікай

Цыганкоў: Апошнія словы Валера Карбалевіча гучаць вельмі іранічна, але блізка да ісьціны. Сілавыя ведамствы, а гэта ня толькі КДБ — гэта і мытны, і памежны камітэты, іншыя структуры — праз санкцыі, штрафы даволі істотна напаўняюць бюджэт. Мабыць, таму ім і ў крызіс не зьмяншаюць фінансаваньня. А ў бюджэце на сёлетні год сілавы блёк ці не адзіны, хто атрымаў прыбаўку, у адрозьненьне ад адукацыі, мэдыцыны, культуры... „Стрыжка“ алігархаў дае толькі тактычны адказ на цяперашнія эканамічныя праблемы. І гэта ў стылі цяперашніх уладаў — вырашаць тактычныя, а не стратэгічныя задачы. З алігархаў выбіваюць канкрэтныя грошы пад канкрэтныя праблемы. Але пры гэтым улады ня ўлічваюць тое, што састрыгчы можна толькі адзін раз. Далей алігархі, якім далі свабоду, або самі пабягуць за мяжу, або перавядуць туды свой бізнэс. Як кажуць, куркі, якія зьнесьлі свае яйкі, болей несьці іх ня будуць.

Гэтыя справы, дарэчы, даюць адказ на пытаньне, якое дагэтуль абмяркоўваюць некаторыя публіцысты і эканамісты: ці будуць у Беларусі эканамічныя рэформы? Стрыжка алігархаў паказвае, што ўлады выбіраюць не варыянт даць больш свабоды бізнэсу, які б прыносіў і больш грошай у бюджэт, а варыянт павелічэньня адміністратыўнага кіраваньня эканомікай. І гэта дае адказ на пытаньне пра пэрспэктывы рынкавай эканомікі ў Беларусі.

Глод: А мне падаецца, што на стрыжку бізнэсоўцаў трэба паглядзець ня толькі з эканамічнага пункту гледжаньня, а, можа, найперш з псыхалягічнага. Лукашэнку, зразумела, штодня розныя спэцслужбы кладуць матэрыялы пра рэальную, падкрэсьліваю гэтае слова — «рэальную» сытуацыю ў краіне. Нават ня маючы да іх доступу, можна беспамылкова меркаваць, што нічога добрага для ўладаў гэтая інфармацыя не нясе. Людзі ўсё больш незадаволеныя: цэны ў крамах растуць, паслугі ЖКГ імкліва даражэюць, рэальныя заробкі падаюць і г.д., і г.д. Што застаецца ўладам? Шукаць вінаватых.

Першы этап такога пошуку правялі раней, калі Лукашэнка амаль штодня заяўляў, што ва ўсім вінаваты ўсясьветны крызіс. Мы ўсё робім правільна. Але гэты крызіс ад Беларусі не залежыць, ад гэтага мы цярпім. Цяпер надышоў час зьмяніць кружэлку. Другі этап — вінаватыя бізнэсоўцы. Гэта яны ня плацяць падаткаў, гэта яны вывозяць грошы за мяжу, гэта з-за іх не хапае грошай у бюджэце. Вось і зьявіліся гэтыя справы Чыжа, Баскіна. Неўзабаве яшчэ некага прыціснуць.

Іхнымі грашыма бюджэт не ўратуеш. Але хвалю незадаволенасьці прыгасіць можна. Гэта якраз тое, што мы казалі пра тактыку і стратэгію. Пакуль гэта атрымліваецца — высекуць пару-тройку бізнэсоўцаў, людзі ў ладкі папляскалі. Народу дагэтуль такое падабаецца.

Сыгнал пайшоў — з эканомікай дрэнна. Будзе неўзабаве дрэнна і з грашыма. І людзі пачынаюць гэта разумець

Але справу такім чынам, калі паглядзець хоць на нейкі час наперад, не ўратуеш. Гэта ня тая стратэгія. Па-першае, гледзячы на такое, ніхто з уладальнікаў вялікіх грошай ня стане інвэставаць уласныя сродкі ў Беларусь. Па-другое, ужо пачынаецца трэнд на адток капіталу зь Беларусі. А калі бізнэсоўцы выводзяць капіталы, значыць, яны адчуваюць небясьпеку ў эканоміцы.

І гэта сыгнал, як мне падаецца, для ўсяго беларускага грамадзтва. І для багатых, і сярэдніх, і бедных. Бо першымі на зьмяненьне эканамічнай сытуацыі рэагуюць менавіта багатыя людзі. І калі Чыж, Баскін, яшчэ нехта пачалі выводзіць капіталы, то гэта азначае, што яны страхуюць свае капіталы ад рызыкі. А ў кожнага свой капітал, нават у таго, хто трымае пару-тройку тысяч даляраў на чорны дзень.

Сыгнал пайшоў — з эканомікай дрэнна. Будзе неўзабаве дрэнна і з грашыма. І людзі пачынаюць гэта разумець. Упершыню яны адмаўляюцца набываць эўрабонды, якія выпускае Міністэрства фінансаў Беларусі. Новыя аблігацыі разьлічаныя на тэрмін ад трох да чатырох з паловай гадоў. Працэнты па іх вышэйшыя, чым у любым беларускім банку. Да таго ж яны на прад’яўніка, прозьвішча не патрэбнае. І нават гэта ўжо не спрацоўвае. Так далёка беларусы «ў самай стабільнай краіне сьвету» глядзець не рызыкуюць. Адчуваньне эканамічнай бяды, а можа, нават эканамічнай катастрофы трымае людзей у напружаньні.