Парашэнка гатовы абмяняць Саўчанку на расейскіх вайскоўцаў. Відэазварот

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што Ўкраіна «ніколі не прызнае ні судзілішча над Надзеяй Саўчанкай, ні так званага прысуду».


На сваёй старонцы ў Твітэры і ў відэазвароце, апублікаваным на прэзыдэнцкім сайце, Пятро Парашэнка нагадаў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у часе сустрэч у Нармандзкім фармаце абяцаў вярнуць Надзею Саўчанку ва Ўкраіну. Прэзыдэнт Украіны выказаў меркаваньне, што надышоў момант выканаць абяцанку. У сваю чаргу Парашэнка заявіў пра сваю гатоўнасьць перадаць Расеі двух расейскіх вайскоўцаў, затрыманых за ўдзел ва ўзброенай агрэсіі супраць Украіны.

«​Судовае разбіральніцтва іх спраў знаходзіцца на фінальнай стадыі. Адразу пасля іх завяршэньня я гатовы шляхам адпаведных працэдур забясьпечыць іх выезд у РФ. Такі падыход адпавядае пункту шэсьць Менскіх дамоўленасьцяў — аб абмене ўсіх на ўсіх. І гэта павінна быць зроблена неадкладна», — заявіў Парашэнка ў відэазвароце.


У Кіеве працягваецца разгляд справы расейскіх вайскоўцаў Яўгена Ярафеева і Аляксандра Аляксандрава, затрыманых на Данбасе леташняй вясной.