Самалёт прэзыдэнта ЗША Барака Абамы прызямліўся ў Гаване

Трансьляцыю з аэрапорта Гаваны вядуць сусьветныя тэлеканалы

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама пачынае візыт на Кубу на фоне паступовай нармалізацыі адносін паміж дзьвюма краінамі. Кульмінацыяй першага за 90 гадоў візыту дзейнага прэзыдэнта ЗША стане наўпроставы зварот Абамы да кубінскага народу, у якім ён выкладзе сваё бачаньне будучыні двухбаковых адносінаў, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Белы дом лічыць, што візыт Абамы і яго выступ па тэлебачаньні ў Гаване ў аўторак адзначаць новы пачатак у адносінах паміж былымі супраціўнікамі ў «халоднай вайне» і стане крокам наперад у разьвіцьці дыпляматычных адносін, адноўленых летась.

Абама разглядае аднаўленьне адносін з Кубай як адно з найважнейшых зьнешнепалітычных дасягненьняў яго адміністрацыі. Паводле ацэнкі прэзыдэнта, шматгадовая палітыка ізаляцыі Кубы не дасягнула сваіх мэтаў.

Пасьля прыбыцьця на Кубу ў другой палове дня ў нядзелю прэзыдэнт Абама і яго сям’я наведаюць культурныя памяткі Старой Гаваны. У панядзелак прэзыдэнт правядзе перамовы са старшынём Дзяржаўнай Рады Кубы Раулем Кастра, пасьля чаго сустрэнецца з кубінскімі прадпрымальнікамі для абмеркаваньня пытаньня аб разьвіцьці дзелавых кантактаў паміж ЗША і Кубай. У панядзелак увечары ў гонар Абамы будзе дадзены дзяржаўны абед у Палацы рэвалюцыі.

Прэзыдэнт таксама плянуе сустрэцца з прадстаўнікамі кубінскай грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку праваабаронцамі, нягледзячы на пярэчаньні ўладаў у Гаване. Белы дом паведаміў, што сьпіс запрошаных на сустрэчу з прэзыдэнтам падчас ягонага візыту «не падлягае абмеркаваньню».

У аўторак вечарам, пасьля завяршэньня візыту на Кубу, Абама накіруецца з трохдзённым візытам у Аргентыну.