У Данецку Растоўскай вобласьці рыхтуюцца да абвяшчэньня прысуду ў справе Надзеі Саўчанкі. Судзьдзя Леанід Сьцепаненка на апошнім пасяджэньні заявіў, што прысуд будзе зачытвацца на працягу двух дзён — 21 і 22 сакавіка. За дзень да гэтага ў гэтым памежным з Украінай расейскім горадзе былі ўзмоцненыя захады бясьпекі, а мясцовыя жыхары абмяркоўваюць верагоднасьць рыхтаваных публічных акцый.
За некалькі дзён да прысуду жыхары Данецку пачалі перадаваць журналістам інфармацыю пра плянаваную на панядзелак публічную акцыю «ў падтрымку расейскага правасудзьдзя». Паводле аднаго з інфарматараў, з суседняга Каменску-Шахцінскага для ўдзелу ў мітынгу заплянаваны прыезд каля ста бюджэтнікаў, якіх зьбіраюць празь мясцовае міністэрства адукацыі. Праверыць гэтую інфармацыю не ўдалося, але пераважныя настроі ў горадзе падчас усяго працэсу працягваюць заставацца вельмі агрэсіўнымі ў дачыненьні да Саўчанкі.
Для забесьпячэньня парадку падчас акцый у дні прысуду, акрамя праваахоўных органаў, могуць прыцягнуць сілы МНС. Праспэкт Леніна, на якім месьціцца гарадзкі суд, па ўсёй бачнасьці, будзе перакрыты. Будуць правераны пад’езды і гарышчы прылеглых да суду дамоў. Мясцовыя жыхары адзначаюць, што падобныя мерапрыемствы праводзіліся і раней.
Праваахоўныя органы чакаюць правядзеньня акцый у падтрымку ўкраінскай лётчыцы і ўзмацнілі захады аховы правапарадку. Паводле крыніцы ў праваахоўных органах, у Данецк загадзя прыехалі больш за чатыры дзясяткі паліцыянтаў і шэсьць экіпажаў дарожнай паліцыі, якія раней патрулявалі галоўным чынам ускраіны гораду, што прымыкаюць да ўкраінскай мяжы.