Пра тое, чаго мала

Сяргей Дубавец

У звычайнай менскай крамцы Белсаюздруку сярод рознакаляровых альбомаў на верхняй паліцы стаіць фаліянт «Гісторыі беларускай крыўскай кнігі» Вацлава Ластоўскага. Аб’ёмісты том, які я калісьці пазычыў на тыдзень і перапісаў ад рукі.

Тады, трыццаць гадоў таму, кожны абзац падаваўся мне адкрыцьцём, калі не азарэньнем, тым, з чаго я сам сябе па цаглінцы складаю і вось такім уступлю ў жыцьцё ў найбольш прыдатным сваім чалавечым выглядзе. Сёньня «Крыўская кніга» каштуе 400 тысяч. Даступная ўсім і паўсюль. Але, як мне падалося, не асабліва запатрабаваная. Як не асабліва запатрабаваная навука быць сабою, узброеным самай адпаведнай табе нацыянальнай ідэяй.

Цяпер стаць беларусам можна і без навукі – схадзіць на шоў Мова нанова ці шоў вышыванкі ці проста пачытаць нешта ў сацсетках. Захопленых беларушчынай стала шмат болей, чым было тады, калі я перапісваў Ластоўскага. Але няма адчуваньня, што гэта – цэгла, зь якой яны будуюць сябе. Гэта нармальна, бо ўсе й ня мусяць быць каменнымі, большасьць народу ня мусіць быць з цэглы. Але гэта ня значыць, што і такіх цагляных не павінна быць, што ім на зьмену прыйшла тонкаслойная сьвядомасьць.

Нажніцы тут вельмі простыя – паміж масавым і элітарным. І масавае ня мусіць паглынаць тыя пляцоўкі, дзе жыве элітарнае – у літаратуры, у СМІ, у культуры ў цэлым. Калі масавае выдае сябе за элітарнае, адразу відаць прафанацыю.

Славуты актор Сяргей Юрскі ў інтэрвію Свабодзе распавёў, што ў папярэднюю эпоху ў Маскве было 27 тэатраў і яны наўпрост уплывалі на жыцьцё, грамадзтва, краіну. Тэатры стваралі тую атмасфэру, той стыль мысьленьня і тыя мадэлі паводзінаў, якіх трымаліся ўсе. А сёньня там 300 тэатраў, але іх прысутнасьць ніяк не адчуваецца і ні на што не ўплывае. Адпаведна шмат што ў цяперашніх мысьленьні і паводзінах для тых, хто выхоўваўся тады, выглядае дзіка. Актор пракамэнтаваў гэты факт словамі свайго героя: «Замнога карнавала. А існуе толькі тое, чаго мала, чаго многа – тое зьнікае». Герой, між іншым, з гэтымі словамі памірае. Выходзіць, маскульт зьеў элітарны маскоўскі тэатар, пра які ў савецкія часы казалі з прыдыханьнем.

Гэты вобраз дакладна кладзецца на сёньняшнюю беларушчыну. Добра, што яе становіцца многа. Але існуе, застаецца, дае глебу пад нагамі толькі «тое, чаго мала». Скажыце мне, пра што ў беларушчыне мы сёньня гаворым з прыдыханьнем, зразумелым для ўсіх? З тым прыдыханьнем, зь якім я калісьці перапісваў «Крыўскую кнігу».

Я ня маю гатовага адказу на гэтае пытаньне. І я ведаю людзей і пляцоўкі, якія лічу элітарнымі і пра якія сам сабе кажу з прыдыханьнем. Але я ня буду называць іх, бо «масавы» камэнтатар сходу наскаквае на іх бяз дай прычыны. Масавае атакуе элітарнае з той самай заўзятасьцю, зь якой дзікуны атакуюць пляцоўкі цывілізацыі. Маскультура ня ведае этыкі. І адзінае, што можа стрымаць яе першародны дзікі парыў – гэта рынак, прагматычны і жорсткі.

Часта наракаюць, што сёньня няма маральных аўтарытэтаў. А яны й не ствараюцца ў парамэтрах маскульту, які можа рабіць толькі «зорак». Аўтарытэты ствараюцца ў непрыкметным маленькім пакоі, дзе вядуць нясьпешную эўрыстычную гутарку тры чалавекі, якія прадукуюць сэнсы. І яшчэ тры тысячы на ўсю краіну здольныя гэта зразумець. Гэта тыя, хто чытае элітарную газэту, слухае элітарнае радыё. Тут зусім ня масавая, ня рынкавая арытмэтыка. Усе астатнія атрымліваюць імя і ім гэтага дастаткова, каб у момант уздыму за гэтым імем пайсьці.

Маскульт па-драпежніцку імкнецца сваіх «зорак» уплічшыць на месца маральнага аўтарытэта, але зноў выходзіць прафанацыя.

Элітарнае ня можа дыктавацца рынкам, яно ўзьнікае само, з цаглінаў сапраўднага самастварэньня, з прыдыханьня перад папярэднікамі і з навукі, калі перапісваеш Ластоўскага, а дасканаліцца пры тым ня толькі твой розум, але і тваё сэрца, бо гэта была ягоная ініцыятыва.

І яшчэ я хачу, каб нашы дзеці вырасталі пасьпяховымі не фінансава ці кар’ерна найперш, а маральна, а гэтага ім ня дасьць маскультура, толькі элітарнасьць. Проста ў часы любых закалотаў, калі ад беларушчыны-моды не застанецца і сьледу, зноў пачнуць гэтую справу толькі яны.

Ларыса Сімаковіч некалі сказала, што ў беларушчыну яе прывёў пратэст супраць несправядлівасьці ў дачыненьні да мовы, традыцыі, усёй беларускай цывілізацыі. Гэта этычны падыход. А маскульт, як я ўжо казаў, ня ведае этыкі і справядлівасьці, ён кіруецца модай, інстынктам натоўпу.

Этыка, эліта ніколі не супрацьстаіць масавасьці, як, груба кажучы, ніводзін інтэлігент ня справіцца з кучай хуліганаў у падваротні. Наезды адбываюцца толькі з боку маскульту – завалодаць вышынямі. А вы мне «Вайну і мір» напішыця!..

Сяргей Юрскі прыводзіць яшчэ адну мэтафару гэтага непатрэбнага супрацьстаяньня – грыбы. Іх можна купіць на рынку, але кожны грыбнік ведае, што значыць самому знайсьці пад хмызамі баравіка ці лісічку. Мне, дарэчы, ніколі ў галаву не прыходзіла думка купіць грыбы ў краме ці ў бабулі пры дарозе. Каму знаёмыя гэтыя адчуваньні, зразумее, пра што мой тэкст.