Былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч лічыць, што абвінавачваньні супраць яго зьяўляюцца спробай дзейнай украінскай улады схаваць уласныя правалы. Пра гэта Януковіч заявіў у пісьмовым адказе на запыт агенцтва Reuters 18 сакавіка.
«Гутаркі пра «міфічныя мільярды» Януковіча зьяўляюцца нічым іншым, як спробай цяперашніх палітычных няўдачнікаў адцягнуць увагу ўкраінцаў ад таго, што яны прывялі краіну да краху. Палітычна і эканамічна», - сьцьвярджае Януковіч.
Раней кіраўнік ураду Арсен Яцанюк паведаміў, што закон прадугледжвае канфіскацыю 50 млрд грыўняў арыштаваных актываў Віктара Януковіча, якія будуць накіраваныя на сацыяльныя і абаронныя выдаткі.
Паводле сьледзтва, Януковіч на дзяржаўныя грошы купіў аблігацыі і, на думку заканадаўцаў, валодае імі праз складаную сетку афшорных кампаній з Кіпра, Сэйшэльскіх выспаў, Вялікабрытаніі, Панамы і Бэлізу.
17 сакавіка дэпутаты Вярхоўнай Рады ўнесьлі ў парадак дня дыскусійны законапраект аб канфіскацыі грошай папярэдняй улады. Рашэньне падтрымалі 228 парлямэнтароў.
Віктар Януковіч зьбег з Украіны ў лютым 2014 пасьля масавых расстрэлаў ўдзельнікаў пратэстаў на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве. З тых часоў ён знаходзіцца на тэрыторыі Расеі, не адказвае на запыты Ўкраіны аб яго выдачы ў рамках міжурадавых дамоўленасьцяў.