«Расеі ўжо абрыдла, што Лукашэнка ўвесь час цягне грошы»

Колькі замежных крэдытаў патрэбна сёньня набраць беларускай эканоміцы? Чаму гэтак складана ідуць перамовы з МВФ? Чаму замежныя інвэстыцыі часам не дапамагаюць, як гэта было з мадэрнізацыяй дрэваапрацоўкі?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамісты Барыс Жаліба і Леанід Злотнікаў.

Цыганкоў: 17 сакавіка кіраўнік Беларусі сустрэўся ў Менску зь віцэ-прэзыдэнтам Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) Аланам Пію. Натуральна, што размова ішла пра патэнцыйныя інвэстыцыі ў беларускую эканоміку. А наколькі крытычная неабходнасьць для беларускай эканомікі ў новых крэдытах ды інвэстыцыях?

Жаліба: Такая неабходнасьць заўсёды ёсьць, бо ўнутраных рэсурсаў заўсёды не хапала. Пазыкі, у прынцыпе, карысныя, — але рэч у тым, у каго іх браць, на якіх умовах, і як расходаваць. Нам востра неабходныя крэдыты і інвэстыцыі на новыя тэхналёгіі, рэканструкцыю прадпрыемстваў і гэтак далей.

Можна зазначыць, што стаўленьне ЭБРР да Беларусі было даволі лагоднае ў параўнаньні з МВФ. Праўда, памеры іхніх крэдытаў таксама непараўнальныя, бо МВФ крэдытаваў на мільярды, а ЭБРР — на сотні мільёнаў. Крэдыты нам неабходныя, бо стан нашай зьнешняй запазычанасьці вельмі крытычны.

Цыганкоў: Вы кажаце, што крэдыты патрэбныя для рэканструкцыі беларускай эканомікі. Але тут узгадваецца прыклад мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны, на якую выдаткавалі сотні мільёнаў даляраў замежных крэдытаў — а ў выніку мадэрнізацыя правалілася, а вінаватых пасадзілі ў турму. Значыць, грошы і інвэстыцыі вырашаюць ня ўсё і не заўсёды?

Жаліба: Гэта так. Гэта прыклад таго, як ня трэба рабіць мадэрнізацыю «зьверху». Яна павінна ісьці зьнізу, каб самі прадпрыемствы былі гаспадарамі сваёй дзейнасьці і адказвалі за яе вынікі. Каб не зь бюджэту давалі гэтыя мільёны даляраў — а каб замежныя банкі крэдытавалі беларускія прыватныя банкі, а тыя крэдытавалі прадпрыемствы. І каб гэта было на поўным гаспадарчым разьліку.

Злотнікаў: Грошы ёсьць. Вісяць 7 мільярдаў даляраў кітайскага крэдыту. Калі ласка, бярыце і рабіце. Але няма праектаў. Наша эканоміка ня можа цяпер спажываць капіталаўкладаньні, якія дадуць аддачу. Я цалкам згодны з спадаром Жалібам, што трэба, каб гэтыя грошы ішлі прыватнаму сэктару. Але пазычае дзяржава, і гэта небясьпечна. Бо колькі б яна ні брала, гэта пераходзіць у замежную запазычанасьць, даўгоў будзе яшчэ больш, і праз год сытуацыя будзе яшчэ горшая.

Цыганкоў: Колькі на сёньня агульная запазычанасьць Беларусі?

Злотнікаў: Цяпер патрэбныя 3 мільярды даляраў, каб дзяржава вярнула ўсе пазыкі гэтага году. Але рэч ня толькі ў тым, што Беларусь павінна разьлічыцца са сваімі замежнымі даўгамі. Грошы патрэбныя ўладам, каб не дапусьціць далейшага рэзкага падзеньня ўзроўню жыцьця, каб пэнсіі можна было выдаць. Гэта рэчы,якіх нашы ўлады вельмі баяцца.

Жаліба: Сапраўды, сёлета мы павінны вярнуць зьнешніх пазыкаў на 3,3 мільярда даляраў. Мы спадзяёмся, што Эўразійскі фонд дасьць 1,1 мільярда. Потым, калі ўдасца дамовіцца з МВФ, то атрымаем першы транш — 1 мільярд. Як бачыце, не хапае, таму даводзіцца разьлічваць на ўласную валютную выручку.

Цыганкоў: А чаму гэтак напружана ідуць перамовы з патэнцыйнымі крэдыторамі?

Жаліба: Перамовы ідуць ужо некалькі месяцаў, і профільныя чыноўнікі шмат разоў заяўлялі, што там усё нармальна. Але, напрыклад, у размовах з Эўразійскім фондам спачатку казалі пра тры мільярды, якія потым сталі двума мільярдамі. Прычына ў тым, што Расея сама апынулася ў крызісе і ўжо ня можа даваць грошы ў ранейшых аб’ёмах. Па-другое, Расея выстаўляе нейкія ўмовы, якія шырокай грамадзкасьці не вядомыя.

Кіраўнікі МВФ уважліва слухаюць, што кажа Лукашэнка. А ён кажа, што ніякіх рэформаў Беларусі не патрэбна

Што да МВФ, то ён з насьцярогай ставіцца да таго, як будзе выкарыстаны ягоны крэдыт. Бо мае нэгатыўны досьвед наконт выкарыстаньня папярэдняга. Тады грошы пайшлі на рэфінансаваньне, выплату ранейшых даўгоў. То бок, як мы кажам, «праелі» — а не патрацілі на рэформы.

Кіраўнікі МВФ уважліва слухаюць, што кажа Лукашэнка. А ён кажа, што ніякіх рэформаў Беларусі не патрэбна, будзем удасканальваць тое, што ёсьць. Адсюль і насьцярога з боку МВФ.

Расеі ўжо абрыдла, што Лукашэнка ўвесь час цягне грошы

Злотнікаў: Крэдыторы з Захаду і Ўсходу патрабуюць ад Беларусі рынкавых рэформаў — лібэралізацыі, прыватызацыі і гэтак далей. Па-другое, у Расеі самой цяжкае становішча, яны ўжо вядуць перамовы з заходнімі банкамі, каб атрымаць крэдыты на рынку эўрабондаў. Да таго ж вельмі складаныя і цяжкія адносіны паміж Масквой і Менскам у геапалітычных пытаньнях, вялікія разыходжаньні ў ідэалёгіі.

Расеі ўжо абрыдла, што Лукашэнка ўвесь час цягне грошы. Па любым пытаньні, дзе патрэбная згода Беларусі — «давай грошы». «Будзе тры мільярды — падпішу дамову аб стварэньні Мытнага саюзу». «Аддайце нам мытныя пошліны» — яшчэ падпішу. Праз паўгода мыта зьменшылася з-за падзеньня коштаў нафты — «Дайце яшчэ мільярд».

Але зь іншага боку — Расея можа спытацца: а дзе базы? Таму Расеі гэта абрыдла. На пачатку гэтага году палітоляг Суздальцаў, які мае сувязі ў Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, заявіў — «Усё, Масква больш ня будзе даваць грошы». І мы бачым, што так і адбываецца.