Ці ёсьць у беларусаў геаграфічная сьвядомасьць?

Дубавец: Мы ўсе ведаем, што такое нацыянальная, гістарычная сьвядомасьць. А вось геаграфічная сьвядомасьць у Беларусі на жаль можа быць пытаньнем, незразумелым паняткам. Нагодай для гэтага пытаньня стала гадавіна Рыскай мірнай дамовы. 95 гадоў таму, 18 сакавіка 1921 году ў Рызе было падпісанае пагадненьне пра спыненьне савецка-польскай вайны. Паводле гэтай дамовы тэрыторыя Беларусі падзялялася паміж Польшчай і Саветамі. Прадстаўнікоў незалежнай БНР і савецкай БССР на перамовы не дапусьцілі.



Беларусы востра адрэагавалі на гэты падзел.

Пасеклі Край наш папалам,
Каб панскай вытаргаваць ласкі.
Вось гэта — вам, а гэта — нам,
Няма сумленьня ў душах рабскіх.


За гэты верш паэта Алеся Дудара ў 1937-м расстраляюць.

А вось як адрэагаваў на Рыскі падзел славуты географ Аркадзь Смоліч:

«Такі палітычны падзел Беларусі не абапіраецца ні на якія геаграфічныя асновы. Межы праведзеныя па жывому целу Беларусі».

Амаль на дваццаць гадоў, да 1939-га, пачынаецца цэлая эпоха існаваньня краіны і нацыі ў выглядзе дзьвюх частак — Усходняй і Заходняй Беларусі з цэнтрамі адпаведна ў Менску і ў Вільні, з падпарадкаваньнем адпаведна савецкай Расеі і Польшчы.

сёньня ў галовах беларусаў пануе адваротная зьява — геаграфічны крэтынізм. Зразумела, што гэта плён жыцьця ў Савецкім Саюзе

Рыскую мяжу, гэты крывавы ў літаральным сэнсе разрэз адчувала на сабе ня толькі інтэлігенцыя, але і ўся нацыя. Пра гэтую трагедыю напісаныя сотні кніг. І я сёньня хацеў бы зьвярнуць увагу толькі на адзін аспэкт — на геаграфічную сьвядомасьць, якая была ўласьцівая тады ўсім беларусам. Усе ведалі, якія гарады і мясцовасьці беларускія, а не чужыя, незалежна ад таго, пад польскай яны ўладай ці пад савецкай. Нацыя ўмела мысьліць фарматам сваёй краіны. Рыская дамова толькі абвастрыла гэтую здольнасьць. Інакш кажучы, гэтая трагедыя для фармаваньня беларускай нацыі стала не канцом гісторыі, а тым страшным выпрабаваньнем, якое беларусы вытрымалі. Геаграфічную сьвядомасьць я б узяў з гэтага сюжэту як безумоўны набытак і тое, чаго катастрафічна бракуе сёньня.

Бо сёньня ў галовах беларусаў пануе адваротная зьява — геаграфічны крэтынізм. Зразумела, што гэта плён жыцьця ў Савецкім Саюзе, дзе мысьліць сваёй тэрыторыяй на шостай частцы сушы было проста немагчыма. «Мой адрес не дом и не улица, мой адрес Советскій Союз» — такая была тады песьня. Вынік гэтага крэтынізму мы з калегамі пабачылі гадоў пятнаццаць таму, калі ў Белдзяржунівэрсытэце задавалі студэнтам ідыёцкія, на першы погляд, пытаньні і атрымлівалі ідыёцкія адказы. Напрыклад, большасьць сьцьвярджала, што Бабруйск знаходзіцца на захадзе Беларусі, а Палесьсе — на поўначы Беларусі. Чаму так? Таму што за пункт гледжаньня «по умолчанию» бярэцца ня Менск, а Масква, Расея.

У тым, што беларусы ў масе сваёй страцілі геаграфічную сьвядомасьць, а геаграфічны крэтынізм за 20 гадоў незалежнасьці толькі ўмацаваўся, я пераконваюся ледзь не штодня. Вось і сёньня на адной сталічнай ФМ-станцыі сярод усякіх пацешных гісторый зь Беларусі пачуў, што ў Новачаркаску пасажыр грамадзкага транспарту пайшоў на прынцып і прасядзеў на прыпынку ажно 11 гадзін, ніводзін аўтобус так і не пад’ехаў.
Ведаю, што ў Беларусі такога проста быць ня можа. Лезу ў гугл — дзе ж той Новачаркаск? Аказваецца, горад ажно ў Растоўскай вобласьці Расеі. А вядучай на радыё ён як свой і песьня «Мой адрес Советскій Союз», відавочна, не чужая. Хоць на слых дзяўчыне гадоў дваццаць-дваццаць пяць. А якія трансьлятары, такія і спажыўцы.

Зразумела, што сытуацыя ненармальная: трэба жыць там, дзе ты жывеш, у сваёй краіне. Трэба ёй мысьліць і каб яе любіць, трэба яе ведаць. Некалі беларусы такімі і будуць, нармальнымі. І геаграфічная сьвядомасьць, здабытая з выпрабаваньня рыскай трагедыяй, гэты каштоўны нацыянальны досьвед, ім на тое прыдасца.

Адносная колькасьць расейцаў у параўнаньні з беларусамі зьмяншалася ад канца Другой Сусьветнай вайны

Максімюк: Хацеў бы паспрачацца з вашым змрочным вобразам таго, што сёньня беларусы геаграфічную сьвядомасьць ці не маюць, ці маюць заслабую. Я думаю, што сёньня сытуацыя не такая трагічная. Натуральна, як напісаў клясык, «свая зямелька — вось аснова», і калі ты маеш сьвядомасьць сваёй уласнай тэрыторыі, то таксама можаш мець моцную нацыянальную сьвядомасьць. У апошніх двух перапісах насельніцтва, якія адбыліся ў Беларусі, можна было заўважыць вельмі цікавую зьяву. Адносная колькасьць расейцаў у параўнаньні з беларусамі зьмяншалася — калі не памыляюся, ад канца Другой Сусьветнай вайны. Я гэта тлумачу тым, што тэрыторыя Рэспублікі Беларусь, якая б гэтая рэспубліка ні была з палітычнага і сьветапогляднага гледзішча, яна ўсё ж уплывае на гуртаваньне нацыі. Куды падзеліся гэтыя расейцы? Магчыма, зьехалі ў Расею. Але, як мне здаецца, больш разумнае і аптымістычнае тлумачэньне ў тым, што частка тых, хто ў часы Савецкага Саюзу лічыў сябе расейцам, пераарыентавалася нацыянальна. Ну, не пад уплывам БНФ і беларускіх адраджэнцаў, а хутчэй за ўсё пад уплывам таго геаграфічнага факту, што яны гадоў дзесяць, а потым дваццаць жылі на тэрыторыі, якая называецца Рэспублікай Беларусь.

Каліноўскі: Калі перайсьці ў больш практычную плоскасьць, то адносна сябе я мог бы сказаць, што геаграфічная сьвядомасьць у мяне ёсьць, гэта Палесьсе, Берасьцейшчына, Піншчына, і ў цэлым я заходнік, калі зьвязваць гэта з падзелам 20-30-х гадоў.

беларускае насельніцтва на агульным фоне становіцца больш маналітным. І адбываецца гэта з-за дамінаваньня расейскіх СМІ

Яшчэ ў 80-я гады можна было сустрэць падзел на заходнікаў і ўсходнікаў, у тым ліку сярод моладзі, ва ўнівэрсытэце. Заходнікі былі больш нацыянльна сьвядомыя, лепей гаварылі па-беларуску, ведалі польскую мову, хаця б за кошт тэлебачаньня, якое маглі глядзець. Цяпер гэта ўсё нівэлявалася і такога выразнага падзелу паміж заходняй і ўсходняй Беларусьсю, як паміж заходняй і ўсходняй Украінай, няма.

Канешне, Гародня больш нацыянальна сьвядомая, чым Магілёў. Але беларускае насельніцтва на агульным фоне становіцца больш маналітным. І адбываецца гэта з-за дамінаваньня расейскіх СМІ. Няма радыёкропак, з якіх беларускія навіны чуваць, людзі ня ведаюць назваў беларускіх гарадоў, райцэнтраў. Вельмі рэдка фіксуецца такая зьява як зямляцтва, берасьцейцы, магілёўцы, хіба што ў войску засталіся такія сувязі.

Добра гэта ці кепска — відаць кепска, бо губляецца беларуская разнастайнасьць, губляюцца дыялекты, якія былі ў кожнай вёсцы, цяпер дзеці ў вёсках пачынаюць гаварыць па-расейску, а не па-беларуску ці на сваім вясковым дыялекце.