Калі б сёньня хто з гасьцей нашай краіны спытаўся ў мяне, куды яму варта паехаць у Беларусі найперш, я бы адправіў падарожніка ў Слонім. Дзе, як нідзе ў Беларусі, захавалася гарадзкое асяродзьдзе з храмамі ўсіх канфэсіяў. Але найперш госьцю варта было б завітаць у Альбярцін. Рэдкая, можа, нават адзіная ў Беларусі мясьціна, дзе настолькі назва адпавядае выгляду. Поўная гармонія зьместу і формы. Але галоўнае ў Альбярціне — ня толькі палацы шляхціцаў Пуслоўскіх, ня толькі стары парк. А тое, што сталася з палацава-паркавым ансамблем пасьля панаваньня саветаў.
Перад клясычным палацам 19 стагодзьдзя ляжаць каменныя львы. Я не аднойчы чуў ад краязнаўцаў, што зрабіў львоў на просьбу Войцеха Пуслоўскага італьянец Антоніё Канова. Самы знакаміты скульптар эпохі клясыцызму. Седзячы ў сталіцы, у гэта паверыць цяжка. Але варта прыехаць у Альбярцін і паглядзець на скульптуру маладой калгасьніцы насупраць уваходу ў палац, дык адразу становіцца зразумела, што гэтыя львы — абсалютны Антоніё Канова. Інакш і быць ня можа.
Сумна, што сыходзіць апошняе несавецкае пакаленьне Заходняй Беларусі. Якое памятае жывых гаспадароў шляхецкіх сядзібаў. Але часам ім на зьмену прыходзяць вельмі нечаканыя людзі, якіх слухаць ня менш цікава. У парку я пазнаёміўся з адной інтэлігентнай дамай. Надзея Гародка, былая альбярцінская бібліятэкарка, так жывапісна распавядала пра апошняга ўладальніка Альбярціна, Уладзіслава, быццам ведала яго не адзін год.
— Пані была з Францыі, з-пад Парыжу, але сама паходжаньнем англічанка. Дачка бібліятэкара. А раней бібліятэкар быў — гэта ня наш бібліятэкар. Гэта быў навуковы чалавек. Яна была вельмі добрая. Яна не саромелася набраць матэрыялу і пашыць сукенак і сабе, і прыслузе з адной тканіны. Яна была не ганарлівая. Але ён быў чалавек жорсткі. Уладзіслаў. Калі камусьці нешта трэба было папрасіць, дык станавіўся той на калені, а ягоны ложак быў там, дзе цяпер сцэна, і на каленях мусіў быў прапаўзьці, каб нешта далі.
Вядома, пані Надзея дзеліцца ўспамінамі сваіх суседак, якія адышлі ў лепшы сьвет. Але і сама спадарыня бібліятэкарка таксама сутыкалася з панам Пуслоўскім. У выглядзе прывіда.
— Я неяк замяняла вартаўніка. І наверсе, там, дзе сцэна, я чула крокі. Нехта ходзіць. Я ў такім шоку была. Абышла вакол Дома культуры. Можа хто залез праз вакно? Можа хто хоча музычныя інструмэнты скрасьці? Я ж адказваю за гэта. Нічога няма. Ізноў крокі. І гэта ня раз паўтарылася. І я сказала, што больш падмяняць нікога з вартаўнікоў ня буду. А адзін вартаўнік бачыў лёгкія празрыстыя фігуры. Але гэты чалавек ужо загінуў. Яго нельга распытаць. Казаў, што пад стольлю лёталі лёгкія фігуркі.
Самы незвычайны будынак у Альбярціне — гэта стары барокавы двухпавярховы палац Пуслоўскіх, які знаходзіцца за клясычным палацам. Быццам хаваецца. Перад палацам замёр высачэзны бэтонны футбаліст з моднай стыляжнай фрызурай 50-х гадоў на галаве. Над вытанчаным франтонам палаца прымацаваны надпіс «Дворец спорта». На сьценах замацаваныя барэльефы спартоўцаў.
Гімнастка, футбаліст, хакеіст зь мячом. Напэўна, барэльефы рабілі ў 40-я гады, калі яшчэ шайба не ўвайшла ў моду. Адзін барэльеф мяне проста напалохаў. Цыцкастая лыжніца з грымасай пакуты на мужападобным твары.
Такое адчуваньне, што гэтая страшная лыжніца хоча вырвацца з праклятай сьцяны. Паглядзіш на такое — і паверыш у любых прывідаў. Але самае цікавае чакае ўсярэдзіне. Вы адчыняеце дзьверы ў барокавым палацы, а трапляеце сапраўды ў палац спорту. За дзьвярыма няма ні лесьвіц, ні перакрыцьцяў, ні пакояў. Усё зьнесена. Уся прастора палаца — адна спартовая заля, у якой альбярцінскія дзеці гуляюць у баскетбол. І сьвятло падае на паркет зь фігурных барочных вокнаў былога другога паверха. Фантастыка.
Вацлава Яфрэменка, у дзявоцтве Крукоўская, жыве ў Альбярціне ад нараджэньня. Роўна 90 гадоў. Падцягнутая, хударлявая пані з разумнымі вачыма частавала мяне кавай і сваімі ўспамінамі. Само паселішча ўзьнікла дзякуючы паперні, якую заснавалі Пуслоўскія. Але сям’я Вацлавы на фабрыцы не працавала. Бо мела ліцэнзію на гандаль алькаголем. І колькі ж, цікава, выпівалі альбярцінцы ў міжваенным часе?
— Мой бацька гэтае права на продаж гарэлкі аддаў яўрэю. І той яму нешта плаціў да 37-га года. Да бацькавай сьмерці. А потым маму выклікалі ў нейкую ўстанову і загадалі забраць у яўрэя краму, бо інакш ліквідуюць гэтае права. Мой дзед купіў неяк пяць аблігацыяў. І мая аблігацыя выйграла трыста злотых. Гэта былі вялікія грошы. За іх мы і забралі віна-гарэлачную краму. Гарэлку я вазіла на ровары ў той склеп. І толькі перад вялікімі сьвятамі, перад Калядамі ці перад Вялікаднем, мама наймала павозку і прывозілі пару скрыняў. Вось так пілі тады гарэлку.
— І колькі вы вазілі той гарэлкі на ровары?
— 10 бутэлек.
— Дзесяць бутэлек у дзень?
— У тыдзень!
— І гэта было няпроста — атрымаць гэтую ліцэнзію?
— Не. Мой бацька быў інвалід вайны. І таму меў права на гэтую канцэсію.
— Калі б не 1939 год, вы б здорава «падняліся».
Пані Вацлава пасьля такога пытаньня паглядзела на мяне зь лёгкім дакорам. Бо пасьля 39-га сапраўды піць народ стаў болей, але гэта быў ужо гешэфт іншых людзей. Паказваючы здымкі старога Альбярціна, старая зьвярнула маю ўвагу на фота касьцёла. Перад храмам стаіць высокі пастамэнт зь фігураю Хрыста. Як і цяпер. Толькі пастамэнт стаў ніжэйшы. А вось што стаяла на гэтым пастамэнце за саветамі.
— Калі Саветы прыйшлі, яны гэты помнік адразу скінулі. Паставілі сюды піянэрку. А калі Савецкі Саюз разваліўся, піянэрку ўбралі. І паставілі ізноў Хрыста.
Перад уездам у Альбярцін, па старым звычаі, стаяць два крыжы. Якія ў Беларусі сымбалізуюць каталіцызм і праваслаўе. Яшчэ зусім нядаўна, гадоў дваццаць таму назад, на гэтым месцы разыгрывалася сапраўдная рэлігійная бітва. Успамінае Вацлава Крукоўская.
— Спачатку каталікі паставілі крыж. Праваслаўным не спадабалася. Яны яго выкінулі і паставілі свой. Быццам Ісус Хрыстос быў на нейкім асаблівым крыжы. Была такая вайна крыжоў. І занесьлі наш крыж пад касьцёл і там кінулі. І паставілі свой. А каталікі потым ізноў паставілі. І цяпер стаіць два крыжы.
Мне цяжка зразумець чалавека, які называе сябе хрысьціянінам і адначасова выкопвае хрысьціянскі крыж. Альбярцінскія храмы стаць зусім побач. Нэагатычны касьцёл суседнічае зь дзіўнага выгляду царквой. Амаль квадратны па пэрымэтры храм з круглым залатым купалам на вежы. Царква прыбудаваная да двухпавярховага доўгага будынка, падобнага да школы. Перад царквою на стэндзе можна прачытаць вось такі тэкст.
Дзякуй, што ўспомнілі сапраўдных гаспадароў гэтых муроў — уніятаў. У міжваенны час у Альбярціне сапраўды была спроба адраджэньня грэка-каталіцкай царквы. Як піша ў сваёй кнізе слонімскі гісторык Сяргей Чыгрын, плян стварэньня ўніяцкіх прыходаў прапанаваў падляскі біскуп Генрык Пшазьдзецкі. Ён прапанаваў таксама, каб у рэалізацыю пляну актыўна ўключыць ордэн езуітаў. Такім чынам узьнікла «ўсходняе адгалінаваньне» Таварыства Ісуса. У 1926 годзе місія была зацьверджана як навіцыят, гэта значыць — установа для падрыхтоўкі да ўступленьня ў сябры манаскага ордэна.
Тут служыў выпускнік Пецярбурскай каталіцкай акадэміі і папскага Ўсходняга інстытуту ў Рыме Антон Неманцэвіч. У 1932–1937 гадах ён рэдагаваў беларускі ўніяцкі часопіс «Да злучэньня». А ў 1938 годзе выдаваў часопіс «Злучэньне». У 1940 годзе львоўскі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі зацьвердзіў Беларускі экзархат Грэка-каталіцкай царквы, кананічна пацьверджаны праз год Ватыканам і ўзначалены Антонам Неманцэвічам. Беларускі экзарх як духоўны прадстаўнік беларускага народа мог выступаць ад ягонага імя ў Ватыкане. У траўні 1942 году айцец Неманцэвіч разам са сваімі паплечнікамі заснаваў Апостальства малітвы за Беларусь. Гэта значыць, кожны грэка-каталіцкі сьвятар абавязаўся раз на месяц праводзіць службу, на якой маліўся за беларускі народ. Але ўжо праз тры месяцы Антона Неманцэвіча арыштавалі супрацоўнікі СД, вывезьлі ў Менск і там расстралялі.
Менш за ўсё я чакаў сустрэць людзей, якія ня тое што памяталі ўніятаў, але хаця б ведалі пра такіх. Але недалёка ад былой грэка-каталіцкай місіі жыве Любоў Язэпаўна Шпак. Вясёлая, крыху какетлівая спадарыня ў гадах. Яна альбярцінскіх уніятаў памятае выдатна.
— Уніяты маліліся на беларускай мове, а падпарадкоўваліся Ватыкану. Уніяты былі някепскія. Мая маці была праваслаўная, а бацька каталік. Пайшлі да ксяндза, каб павянчаў. «Няма грошай, ня буду вянчаць». Ну і ня трэба. У царкве павянчаліся. Пасьля бацька памірае. Маці пайшла да бацюшкі. «Грошы ёсьць?» «Няма». «Хаваць ня буду». Куды ісьці? Да ўніятаў! Тыя пахавалі бясплатна і забралі сястру з братам у летнюю школу. Але мы не перайшлі з праваслаўя.
Адмовіў у адпяваньні нябожчыка протаярэй Андрэй Куц. У 39-м годзе яго разам з жонкаю па-зьверску забілі невядомыя бандыты. Але Любоў Язэпаўна ніяк ня можа пераадолець сваю моцную крыўду на праваслаўных бацюшак.
— Калі грошы зараз зьбіраюць на храмы ці просяць падпісацца на нешта, я не падпісваюся. Бо памятаю, як мама ўся ў сьлязах тады прыйшла з Шылавічаў. Ён не пахаваў, бо не было два пуды жыта. Але ж мой бацька не сабака. А пайшла да ўніятаў, тыя пахавалі задарма. Можа, пашкадавалі маю маму. Што мела шэсьць дзяцей і муж памёр. Не было чаго есьці.
А вось яшчэ адна цікавая дэталь з жыцьця вызваленай Беларусі. Па вайне ў Альбярціне быў невялікі лягер ваеннапалонных немцаў. Якія аднаўлялі паперню, будавалі жытло. А лягерная ахова, салдаты ўнутраных войскаў, хадзілі на танцы ў мясцовы клюб. Клюб той быў зроблены з драўлянай капліцы, якая стаяла паміж касьцёлам і ўніяцкай місіяй. І аднойчы там адбылося забойства. Салдаты расстралялі мясцовага маладзёна.
— Іх воінская частка стаяла ў касьцёле. У клюбе танцавалі. Неяк вайскоўцы пасварыліся з цывільнымі хлопцамі. Пачалі страляць і два чалавекі забілі. Магіленка і Саліта. Імёны ня помню. Дзевак не падзялілі.
— Салдаты прыходзілі на танцы са зброяй?
— Пасьля вайны хадзілі са зброяй.
Цяпер паміж рыма-каталікамі і прадстаўнікамі РПЦ ідзе спрэчка за капітальны будынак, дзе некалі знаходзілася грэка-каталіцкая місія. У Любові Язэпаўны на гэты конт ёсьць свая думка.
— Ідзе вайна, каму аддаць. Я, калі б была пры ўладзе, аддала б гэты будынак пад бальніцу.
Бываюць такія сустрэчы, якія пасьля доўга не забываюцца. І прымушаюць крыху інакш паглядзець на сваё ўласнае жыцьцё, на свае праблемы. Якія пасьля такіх сустрэч ужо не падаюцца праблемамі. У Альбярціне я пазнаёміўся зь Зінаідай Чубаравай, пэнсіянэркай, якая даглядае свайго ўнука-інваліда Валеру. Ахвяру лекарскай памылкі. Зь Зінаідай я пазнаёміўся на вуліцы. Яна прапанавала мне зайсьці ў госьці, каб я на свае вочы ўбачыў — да чаго можа прывесьці некампэтэнтнасьць і абыякавасьць дактароў. Мы зайшлі ў хату, дзе нікога не было. Ні чалавека ў вазку, ні хворага ў ложку. Не было нават ніякага гуку. І калі Зінаіда з суседняга пакойчыка вынесла на руках маленькага хлопчыка, якому на выгляд не дасі больш за пяць гадоў, я абамлеў. Бо гэтаму чалавеку ўжо 18. І, можа, ён адзін такі ў нашай краіне.
— Нявестку паклалі на дзесяць дзён раней. І чамусьці наш гінэколяг палічыў, што яна сама родзіць. Калолі ёй уколы, што выклікаюць схваткі. Яна тужылася, тужылася і загнала яго ў таз. А пасьля спазьніліся з апэрацыяй. І калі выцягнулі яго праз кесарава, ён ужо паміраў. Воды адышлі на дванаццаць гадзін раней. У яго загінулі ўсе клеткі мозга. І ён не расьце.
— У яго ёсьць эмоцыі?
— Ён рэагуе на болі. Калі ў яго баляць зубы, у яго грымаса болю на твары. Плакаць ён ня можа.
— А эмоцыі радасьці?
— Ніякіх.
— Гэта першынец?
— Гэта быў першынец. Жаданае дзіця. Сыну было дваццаць сем. Калі яна была ў раддоме, ён стаяў на каленях і прасіў у Бога. Я нават зь ім хадзіла і прыхіналася да дрэваў, да травы, да зямлі. Чаго толькі ня зробіш, каб вымаліць. Госпадзе, хоць што дай гэтаму дзіцяці. Такая трагедыя. Я часам па начах выю.
— Да гэтага прывыкнуць немагчыма.
— Немагчыма. Такі боль страшэнны — глядзець на гэтае дзіця. Кожны дзень. Кожную ноч. Але ў яго вельмі разумныя вочы.
— Я гэта заўважыў.
— Ён часам мяне ўражвае. Як утаропіцца ў мяне позіркам. Аднойчы я нават не ўтрымалася, мне страшна стала. Кажу: «Хто ж ты насамрэч? Можа, ты ведаеш пра мяне тое, што я сама ня ведаю?» У яго бывае такі выраз вачэй часам. Разумны-разумны.
У гэтага чалавека прыгожыя рысы твару. І, здаецца, асэнсаваны позірк. Можа, сапраўды ён нешта разумее? І пра нас, і пра нашы жарсьці, і пра нашы беды.
— Веру, што дзеля чагосьці ён жыве. Можа, якія грахі нашы празь яго сьпішуцца? Можа, грахі іншых узяў на сябе? Вось такое дзіця.