«Малады Фронт» заклікае на акцыю «Расея — гэта вайна!»

Сустаршыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч і іншыя сябры актывісты арганізацыі, падчас зьезду 12 верасьня 2015 году

2 красавіка, у Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі, актывісты мяркуюць выйсьці з плякатамі і сьцягамі да Расейскай амбасады.

«У Беларусі і Расеі адзначаецца Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі, хаця што і яднала нас усю гісторыю, дык гэта войны, у якіх Беларусь адстойвала сваё права на незалежнасьць ад Расейскай імпэрыі. Тым больш барацьба за незалежнасьць ад шавіністычнай Расеі актуальная цяпер, калі Арда распачала крывавую бойню ва Ўкраіне і акупавала частку тэрыторыі суседняй дзяржавы.

Таму «Малады Фронт» заклікае ўсіх патрыётаў выйсьці 2 красавіка а 12-ай гадзіне да амбасады РФ у Менску пад лёзунгамі «Расея — гэта вайна!», «Не — расейскаму імпэрыялізму!», «Расея, ідзі дамоў!», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце арганізацыі.

«Важна, каб гэтая акцыя праходзіла кожны год. Мы ведаем, што менавіта масавыя акцыі пратэсту ў 1996 годзе не далі Лукашэнку прыяднаць Беларусь да Расеі. Менавіта грамадзтва, патрыёты і масавыя акцыі спынілі гэты працэс. У тым ліку і расейскія сілы ў Крамлі, якія, вядома, у той час былі значна больш адэкватныя, разумелі, што ў Беларусі ёсьць вельмі сур’ёзныя сілы, якія супраць гэтага яднаньня. На жаль, пагроза інтэграцыі з Расеяй застаецца і сёньня. Праз расейскую экспансію ва Ўкраіне выявілася сапраўднае аблічча Крамля. Да падзеяў ва Ўкраіне многія людзі ўспрымалі Расею за ўзор дэмакратыі ў постсавецкай прасторы, адпаведна — што Расея можа паспрыяць дэмакратызацыі Беларусі. Цяпер стала зразумела, што з Расеі нічога станоўчага ў Беларусь ня прыйдзе», — сказаў Свабодзе сустаршыня «Маладога фронту».

У арганізацыі лічаць, што ўлады не задаволяць заяўку на правядзеньне вулічнага мерапрыемства.

«Зважаючы ж на тое, што беларускае заканадаўства патрабуе падаваць заяўку на акцыю не пазьней, чым за 15 дзён да яе правядзеньня, мы гэтую заяўку падаем. Але падаем яе публічна — грамадзтву, усім патрыётам, а не рэжыму, які ўжо трэці дзясятак год гандлюе незалежнасьцю нашай Бацькаўшчыны», — сказаў Зьміцер Дашкевіч.