Трыптых з Лукашэнкамі прадаецца за 300 тысяч даляраў. Што думае мастак?

Мастак Аляксей Панцюк-Жукоўскі

Мастак Аляксей Панцюк-Жукоўскі, які намаляваў карціны з Аляксандрам і Мікалаем Лукашэнкамі, Машэравым і Міндоўгам, даў інтэрвію Свабодзе.

Карэспандэнт Свабоды наведаў майстэрню аўтара трыптыха «На скрыжаваньні стагодзьдзяў» і сярод іншага пачуў, што Аляксей Панцюк-Жукоўскі крытыкуе Лукашэнку за тое, што той не гаворыць па-беларуску. Пры гэтым мастак кажа, што малюе гісторыю, якой яна ёсьць.

Беларусь сярэднявечная — у асобе вялікага князя літоўскага Міндоўга. Беларусь савецкая — у партыйна-партызанскім антуражы Пятра Машэрава. Маладая незалежная Беларусь — пад знакам першага і апошняга прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. У такой пасьлядоўнасьці пэрсаналіяў выбудаваў тысячагадовы шлях беларусаў мастак Аляксей Панцюк-Жукоўскі ў сваім трыптыху «На скрыжаваньні стагодзьдзяў».

Стрыжневая асоба ў нас адна... Лукашэнка

Рыхтаваць матэрыял спадар Панцюк-Жукоўскі пачаў да свайго 60-гадовага юбілею. Праўда, сэрыялам ягоны твор стаў не адразу. Кажа, што пад пэрсанальную выставу ўдалося «адхапіць» залю Нацыянальнага гістарычнага музэю, і каб «зьвязаць» яе з экспазыцыяй Вялікага Княства Літоўскага, напісаў жывапіснае палатно — Міндоўга і ягоных ваяроў. А паколькі часу да імпрэзы было яшчэ дастаткова, галерэю выбітных асобаў вырашыў пашырыць: спачатку ў атачэньні партызанаў зьявіўся Машэраў, а потым у працоўным кабінэце і Лукашэнка — прычым не адзін, а з малодшым сынам:

«Зразумейце правільна: я пішу не для сябе, я пішу для народа. Перш чым пачынаць, запытаў аднаго, другога, трэцяга, дзясятага: каго ў нашай Беларусі вы бачыце лідэрам на кожным гістарычным этапе? Ці справядліва, што ад імя сярэднявечча такім можа быць Міндоўг? Усе пагаджаюцца. Хтосьці, праўда, кажа — Альгерд, хтосьці кажа пра іншых князёў. Але Міндоўг першы, і выбар цалкам лягічны. Калі гаворка пра сацыялістычны пэрыяд — зноў усе пагаджаюцца, што павінен быць Машэраў. А вось як напісаць час сёньняшні?

Мала проста назваць сваю краіну незалежнай, трэба зрабіць пэўныя крокі ў станаўленьні дзяржавы. Перш чым ставіць пячатку на дакумэнце, што ты сувэрэнны, неабходна перапісаць і адаптаваць пад новыя ўмовы ўсе законы. Хто гэта рабіў? Усе ў адзін голас кажуць: ну канечне, Лукашэнка, другой фігуры такога маштабу няма. Ну, хто яшчэ — Шушкевіч, Грыб, Пазьняк? Так склалася, што ў нас адна стрыжневая асоба, астатнія нават не былі прэзыдэнтамі».

На перакананьне суразмоўцы, гледачы павінны спакойна ўспрымаць такі падыход да адлюстраваньня беларускай гісторыі, бо ён ахоплівае найважнейшыя вехі станаўленьня незалежнасьці:

«Мова — самы галоўны брэнд краіны: незалежна ад эпохі, незалежна ад таго, хто намі кіраваў. Іншыя найважнейшыя атрыбуты — сьцяг, герб, гімн. Так склалася, што ў гісторыі Беларусі — тры сьцягі, тры гербы, тры гімны. Гэта калі браць па мінімуму. А гэта азначае, што мы павінны аднолькава шанаваць і бел-чырвона-белы сьцяг, і сьцяг з чырвонай зоркай, і сьцяг сёньняшні. Гэта наша гісторыя! Тое ж тычыцца і „Пагоні“, і бээсэсэраўскага герба.

Не хаваць па кутах, не караць, а, па вялікім рахунку, ва ўладных кабінэтах павінны вісець тры гербы: калі сёньняшні па цэнтры, то іншыя — недзе збоку. У прэзыдэнта ў тым ліку, у ягоным кабінэце. Тры гербы, тры сьцягі — як адлюстраваньне нашай багатай гісторыі, нашай спадчыны. Ён сёньня сядзіць пад сваім штандарам, цяперашнім сьцягам і гербам, а збоку павінна быць уся наша ранейшая гісторыя. І гэта нармальна, гэта выхоўвае народ — як нацыю. Гэта патрыятызм народу надае. Або ня так?».

«Ці я вінаваты, што ў яго ёсьць такое дзіця і што мы ўсе пра гэта ведаем?»

Калі Міндоўг і Машэраў паказаныя разам са сваімі баявымі паплечнікамі, то Лукашэнка абапіраецца на сямейнасьць. Але ў чым сымбалізм таго, што побач зь ім толькі малодшы сын, а ня ўсе тры? Мастак наракае, што крытыкі бачаць толькі тое, з чаго можна выцягнуць скандал ці сэнсацыю. Насамрэч у працы закладзены глыбокі сымбалізм:

«Тут сына няма, гэта вы хочаце яго бачыць. Я пісаў маладую Беларусь, а справа кожнага, што ён сабе ўяўляе. Каб я пісаў Назарбаева і таксама маладую краіну Казахстан, увасабляў бы, мабыць, інакш. Ці Кучму — магчыма, у гетманаўскай шапцы напісаў бы чубаценькага ўкраінскага хлопчыка. Вобраз маладой дзяржавы можа быць розны. Вось карціна, называецца „Пад мірным небам. Маладая Беларусь“ — на ровары дзяўчынка і хлопчык. А ў дадзеным выпадку пішацца сёньняшні дзень у гістарычных асобах.

Напісаць проста Лукашэнку? Так, можна і бяз хлопчыка, тым больш астатнія там безь дзяцей. Але ж ёсьць яшчэ мастацкі вобраз. Таму гэта Васька, Федзька, Пецька, любое беларускае дзіцятка, як мне хацелася напісаць. А ня тое, што менавіта лукашэнкаўскі Коля. Ці я вінаваты, што ў яго ёсьць такое дзіця і што мы ўсе пра гэта ведаем? А каб не было? І размоў ніякіх ня ўзьнікла б. Давайце ісьці ад адваротнага: у Лукашэнкі няма малога сына, а я пішу гэтую карціну. Няма пытаньняў! Вось адсюль і лямант, які розныя „дзевачкі“ ўздымаюць, каб на гэтым яшчэ і зарабіць».

Ці ёсьць нейкая рэакцыя на спосаб увасабленьня «маладой Беларусі» з боку самога Лукашэнкі, якога спадар Панцюк-Жукоўскі запісаў у героі найноўшага часу?

«А гэта ўжо яго справа, я ж на кароткай назе зь ім не хаджу. У нас розныя кватэры, розныя маршруты аўтобусаў, ён едзе сваім транспартам на працу, я — сваім. Значыць, шляхі не пераплятаюцца, каб пра нешта даведацца. Адзін раз толькі давялося зь ім сустракацца, яшчэ ў 2004 годзе, і ўсё. Ён наведаўся ў маю вёску на Петрыкаўшчыне, як там закладалі аграгарадок, задаваў і мне пытаньні — як дапамагчы гэтым людзям, што, на маю думку, можна зрабіць лепш.

І калі чалавек да цябе зьвяртаецца і ты стаіш, як мы цяпер насупраць адзін аднаго, і ты бачыш яго ня толькі як мужчыну, як аднагодка, а як кіраўніка, то з павагай адносісься і мусіш паводле статусу так ставіцца».

Хацелася б, каб са сваім народам загаварыў па-нашаму, па-беларуску

Дзеля справядлівасьці, пры ўсім спагадлівым стаўленьні да кіраўніка дзяржавы спадар Панцюк-Жукоўскі крытыкуе яго за адсутнасьць выразнай нацыянальнай ідэі ў дзяржаўнай палітыцы, што ўжо прывяло да сумных наступстваў:

«Нам кіраўніка, прэзыдэнта як падаюць? Як бацьку — бацьку ўсяго беларускага народа, так? Мы калі ў сваім асяродку сустракаемся, дзесьці нешта гаворым, нешта абмяркоўваем, часьцяком даводзіцца чуць: быў бы ён сапраўдным беларусам — цаны ня меў бы. Ва ўдзячнасьці купаўся б ад гэтага народа. Тады стаў бы і бацькам, і мы б яго шанавалі. Справа ў тым, што сёньняшняя палітыка разьядноўвае нас як народ, як нацыю. У нас няма годнай апазыцыі, я ня бачу кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах. Таму ўсё круціцца вакол Лукашэнкі.

Але не павінна так быць, што прэзыдэнт дае па-беларуску прысягу на вернасьць народу і робіць шэраг агаворак. Чаму? Таму што ня мае моўнай практыкі, не карыстаецца роднай мовай! А хацелася б, каб ён са сваім народам, як кажуць мае аднавяскоўцы, загаварыў па-нашаму. Хацелася б, каб перавёў на беларускую мову ўсё сваё кіраўніцтва. А ўрэшце каб набраўся сьмеласьці і папрасіў прабачэньня ў беларусаў: ну даруйце, што пабаяўся ў 1990-я будаваць незалежнасьць краіны на беларускіх рэйках. Пабаяўся, каб не было канфліктаў, войнаў. А цяпер бачу, што народ мой спакойны, што можна ўводзіць беларускую мову на ўзроўні кіраўніцтва, а вы гаварыце, як вам зручна. Але школьнікі павінны абавязкова ведаць мову, студэнты — абавязкова. Мы ад расейскай мовы не адракаемся, яна павінна быць запісаная як міждзяржаўная мова ў Беларусі».

Аказалася, што спадар Панцюк-Жукоўскі ўжо даўно закідвае дзяржаўныя ўстановы аргумэнтаванымі выкладкамі на карысьць беларусізацыі вэртыкалі ўлады і грамадзтва ў цэлым, але збольшага атрымлівае адпіскі пра «волю народа, выказаную падчас моўнага рэфэрэндуму 1995 году». Але капітуляваць у гэтым пытаньні не зьбіраецца:

«Нам падкінулі: была б чарка і скварка, і больш нічога не патрэбна. Гэты абыватальскі лёзунг ня я прыдумаў, ён быў кінуты кіраўніцтвам. Мы ўсе чулі гэта па тэлевізары, у газэтах чыталі. Ці яшчэ закіды адносна таго, што, маўляў, надакучылі гэтыя „сьвядомыя“, усё са сваёй мовай носяцца як зь пісанай торбай. Гэта абраза! Нельга навешваць ярлыкі. Калі ты па-беларуску не гаворыш, то не вымаўляй у адмоўным сэнсе і само гэтае слова — „сьвядомы“, бо гэта ўжо абраза. Гэта беларусы, гэта іх мова!»

Я мастак, я пішу гісторыю, якая яна ёсьць

Усё ж ці апраўдана, што ролю галоўнага гістарычнага суб’екта, які апрыёры становіцца ўвасабленьнем Беларусі пэрыяду незалежнасьці, прымярае на сябе Аляксандар Лукашэнка? Той, хто за больш як 20 гадоў ва ўладзе не паяднаў нацыю, не зрабіў краіну беларускай па сутнасьці?

«Даражэнькі мой, прабачце: а Леў Талстой каго ў „Вайне і міры“ пісаў? Былі ж там і героі, і антыподы, і г.д. Я мастак, я пішу гісторыю, якая яна ёсьць. Мая задача — напісаць гісторыю ад утварэньня, фармаваньня зямель беларускіх і да сёньняшняга дня, калі Беларусь ужо мае гэтыя землі і стала незалежнай краінай. Я маю на гэта права? Мяркую, што маю. А вось што і каго напісаць?

Калі весьці споведзь ад часоў, якія ўключаюць і Польшчу, і Расею, то гэта будзе таўшчэзны альманах, цэлая карцінная галерэя. Таму, хочаш ці ня хочаш, даводзіцца браць нешта выбарачна. Я спыніўся на трох вобразах і, як гэта традыцыйна робіцца ў станковым мастацтве, адасобіў сваіх пэрсанажаў. Бо калі ў адным творы ты ня можаш паказаць усё, што хацеў, то можна зьвярнуцца, скажам, да трыптыху».

Аляксей Панцюк-Жукоўскі нарадзіўся ў 1953 годзе на Палесьсі ў вёсцы Бабунічы Петрыкаўскага раёну Гомельшчыны. У 1979-м скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Ад 1988 году — сябра Саюзу мастакоў Беларусі. Апошнія 30 гадоў выкладае малюнак, жывапіс і кампазыцыю ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка.