«Ісьці з вайною на братоў па зброі»

Бурскія партызаны, 1900.

У чэрвені 1988 году на стадыёне Ўэмблі ў Лёндане адбыўся гіганцкі канцэрт у падтрымку Нэльсана Мандэлы — Tribute to Nelson Mandela 1988. Канцэрт быў прымеркаваны да 70-годзьдзя з дня нараджэньня гэтага змагара за правы чарнаскурых жыхароў Паўднёваафрыканскай рэспублікі, які ад 1962 году сядзеў у турме.

Нэльсан Мандэла, 2008.

Мандэла быў вызвалены ў 1990, а ў 1994 стаў першым чарнаскурым прэзыдэнтам сваёй краіны, перамогшы на першых поўнасьцю рэпрэзэнтатыўных і дэмакратычных выбарах у Паўднёваафрыканскай рэспубліцы.


У канцэрце, жывая трансьляцыя зь якога праводзілася ў больш чым 60 краінах сьвету для 600 мільёнаў гледачоў і слухачоў, узялі ўдзел некалькі дзясяткаў зорак поп- і рок-музыкі, сярод якіх былі: Стынг, Джордж Майкл, Джо Кокер, Філ Колінз, Пітэр Гэбрыэл, Стыві Ўондэр. Але цьвіком праграмы быў выступ брытанскага гурту «Dire Straits», які тады лічыўся топавым рок-гуртом на сьвеце. Гурт гітарыста-віртуоза Марка Нопфлера зайграў на заканчэньне канцэрту шэсьць сваіх гітоў. Другому гітарысту «Dire Straits» якраз тады нарадзіліся дзяўчаткі-блізьняты, і на канцэрце яго замяніў сам Эрык Клэптан. Аднак героем выступу стаў ня Эрык Клэптан, а Марк Нопфлер, які ў той вечар быў у сваёй найвышэйшай форме. З гэтага канцэрту мне сёньня захацелася прыгадаць песьню «Brothers in Arms» — сапраўдны magic moment, калі майстэрства музыкаў, адпаведны настрой публікі і мэдыяльны антураж стварылі цудоўную і непаўторную музычную падзею.

Словы песьні «Brothers in Arms» на канцэрце, які прыцягваў увагу сьвету да расавай і палітычнай няроўнасьці, былі як бы адмыслова напісаныя для такой нагоды:

There’s so many different worlds
So many different suns
And we have just one world
But we live in different ones


І яшчэ гэтае двухрадкоўе на заканчэньне:

We are fools to make war
On our brothers in arms

Марк Нопфлер, 2001

Зьвярніце ўвагу, як пад канец песьні Марк Нопфлер спрабуе нешта сказаць у мікрафон, але ўзрушанасьць адбірае яму голас. Музыка відавочна адчуў, што ён увесь выклаўся ў геніяльным выкананьні, і словы тут лішнія...


P.S.: «Dire Straits» быў першым заходнім рок-гуртом, на канцэрце якога мне давялося пабываць. Было гэта ў 1992 годзе ў амэрыканскім штаце Нью Джэрсі, куды гурт прыехаў пасьля выданьня свайго апошняга альбому, «On Every Street» (1991). Канцэрт мы паглядзелі з рэдакцыйным калегам Сяргеем Шупам. Паколькі Сяргей — таксама заўзяты мэляман, дык наступны тэкст у «Музыкалку» я папрасіў напісаць якраз яго.