Стартаваў трэці сэзон конкурсу «Засьпявай.BY». Конкурс «пастарэў»

Раней у конкурсе маглі браць удзел выканаўцы ўзростам да 27 год, сёлета — ужо да 33 год. Перавага аддаецца тым, хто ня мае студыйных запісаў і сольных выступаў.

Партал Tuzin.fm і фонд «Вяртаньне» пры падтрымцы TUT.BY абвясьцілі трэці сэзон конкурсу для выканаўцаў ад 16 да 33 год «Заспявай.BY». Прызавы фонд складзе 1500 эўра.

Конкурс ладзіцца ў трох намінацыях: «Сьпяваная паэзія» — для песень на верш сучаснага паэта, «Беларускі кавэр» — для ўжо вядомых песень іншых выканаўцаў«, і «Замежны пераклад» — новая намінацыя, у якой можна выканаць замежныя гіты. Ва ўсіх трох намінацыях мова выкананьня — беларуская.


Перавага ў прыёме заяваў будзе аддавацца найперш музыкам, якія ня маюць афіцыйна выдадзеных альбомаў і сольных канцэртаў. Заяўку на конкурс можна падаць да 1 траўня 2016 году.

Каб падвесьці вынікі, журы спачатку складзе па кожнай намінацыі шорт-ліст, затым удзельнікі шорт-лістоў возьмуць удзел у летніх канцэртах пры падтрымцы вядомых беларускіх выканаўцаў

Падвядзеньне вынікаў пройдзе ў два этапы. Спачатку журы, куды ўвойдуць беларускія музыкі, паэты, перакладчыкі, сфармуе шорт-ліст па кожнай з намінацыяў. Выканаўцы з шорт-ліста возьмуць удзел у летніх канцэртах конкурсу «Засьпявай 3.0», якія пройдуць пры падтрымцы вядомых беларускіх выканаўцаў. Па выніку канцэртаў і будзе названы пераможца.

У першым конкурсе, праведзеным у 2014 годзе, ляўрэатамі сталі Віталь Варанко (гран-пры за песьню «Вяртайся!» на словы Віталя Рыжкова), Лізавета Леўчык («Адзінота» на верш Тацяны Сапач) і Юры Касьцень, вядомы як SP Kava («Эндшпіль» на верш Андрэя Адамовіча). У другім перамаглі Navi («Плакалі ветры» на словы Паўлюка Труса і «Жар-птушка» ансамбля «Сябры»), а ляўрэатамі сталі Марына Вярэніч («Чаму мы стрэліся ня ў час?» на верш Тацяны Дзям’янавай) і Яўген Цярэнцьеў з гурту Teleport («Зачараваная» ансамбля «Песьняры»).