Трайны ўдар для трох аналітыкаў — Валера Карбалевіча, Віталя Цыганкова і Юрыя Дракахруста.
Дракахруст: Учора прэзыдэнт Расеі аддаў загад вывесьці расейскія войскі з Сырыі. Кантынгенты, якія забясьпечваюць функцыянаваньне ваенна-марскіх і ваенна-паветраных базаў, застаюцца, але большая частка сілаў, якія зьявіліся там у верасьні летась напачатку апэрацыі — выводзяцца. Ці дасягнула Масква сваіх мэтаў, дзеля якіх ўплішчылася ў гэтую вайну? На першы погляд, ўся сырыйская эпапэя Расеі нагадвае бойку ў каўбойскім салуне на дзікім Захадзе — прыйшлі, пастралялі, пабілі посуд і сышлі. А чаго прыходзілі? Але гэта не зусім так. Калі лічыць мэтай разгром Ісламскай дзяржавы, што дэкляравалася публічна, то яна відавочна не дасягнутая. Па ёй нанесеныя цяжкія ўдары, але да разгрому ІД далёка.
Расея здолела пазьбегнуць сцэнару другога Аўганістану
Разгром апазыцыі прэзыдэнту Асаду — гэтая мэта, калі яна і была, таксама не дасягнутая. Але варта сказаць, што ваенная апэрацыя Масквы палітычныя і ваенныя пазыцыі Асада безумоўна ўмацавала. Канфлікт перайшоў у стадыю перамоваў, на якіх роля Асада зусім ня зводзіцца да падпісаньня безагаворачнай капітуляцыі. Расейскія войскі сыходзяць на хвалі мірных перамовах, што пры жаданьні можна выдаць за мэту, якую і імкнуліся дасягнуць. Расея здолела пазьбегнуць сцэнару другога Аўганістану. Ваенныя дзеяньні паказалі, што Расею даволі складана абысьці. Калі яна і ня выйшла з ізаляцыі, ў якую патрапіла пасьля Крыму і Данбасу, то прынамсі дыялёг Масквы з Захадам стаў больш інтэнсіўным.
Падчас кампаніі, асабліва напачатку, было балянсаваньне на лязе сусьветнай вайны — калі адбываліся бамбаваньні, няўзгодненыя з заходняй кааліцыяй. Але і гэта прынамсі не аслабіла пазыцыі Расеі. Яўныя пасівы — узрыў расейскага авіяляйнэра і сапсаваныя адносіны з Турэччынай.
Карбалевіч: Рашэньне нечаканае, што сьведчыць аб непрадказальнасьці, ірацыянальнасьці, імпульсіўнасьці пры прыняцьці важных замежнапалітычных рашэньняў у Крамлі. Вясной 2015 году Пуцін казаў, што Ісламская дзяржава (ІД) не пагражае Расеі. Па расейскім тэлеканалам шматлікія экспэрты, разважаючы пра гэты ваенны ачаг на Блізкім Усходзе, у асноўным злараднічалі, кпілі з Захаду, асуджалі ЗША за бамбардзіроўкі ісламскіх ваеўнікоў без згоды кіраўніцтва Сырыі. І лейтматывам іх аналізу было такое сьцьвярджэньне: Расея ні ў якім разе не павінная туды ўлазіць, Захад, найперш, ЗША заварылі гэтую кашу, няхай самі і расхлёбваюць. І раптам восеньню мінулага году ўсё памянялася. Цяпер тыя ж самыя экспэрты зьмянілі сваю пазыцыю на 180 градусаў і кажуць: як правільна зрабіў Уладзімір Уладзіміравіч, што уступіў у чарговую вайну. І казалі, што вайна будзе ісьці да пераможнага канца.
Чаму ж Расея вырашыла вывесьці адтуль свае войскі? Пачаўшы апэрацыю ў Сырыі, Расея стварыла для сябе шмат праблемаў. Справа ў тым, што ў Сырыі РФ стала весьці вайну на два франты: супраць «Ісламскай дзяржавы», і супраць нерадыкальнай апазыцыі, якую падтрымліваюць ня толькі Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз, але і практычны ўвесь арабскі сьвет на чале з Саудаўскай Арабіяй.
Такім чынам, акрамя украінскага пытаньня у дачыненьнях Расеі з Захадам зьявілася новае канфліктнае поле — Сырыя. Цяпер РФ мае з ЗША і ЭЗ два міжнародныя канфлікты. Плюс да таго, Расея на роўным месцы, сьвядома і штучна пасварыцца з арабскім сьветам, Турэччынай. Нагадаю, што у савецкія часы СССР і арабскі сьвет былі калі не саюзьнікамі, то адносіны паміж імі былі даволі дружалюбнымі. А зараз саюзьнікам Расеі апынуліся толькі сырыйскі рэжым Асада і Іран. У выніку адбылося толькі ўзмацненьне міжнароднай ізаляцыі Расеі. Вывад расейскіх войскаў гэтую праблему мікшуе.
Цяпер Расея, Саудаўская Арабія, Катар, Вэнэсуэла вядуць перамовы аб зьмяншэньні здабычы нафты, каб падняць сусьветныя нафтавыя цэны. А ў сырыйскім канфлікце РФ і Саудаўская Арабія — праціўнікі. І вывад войскаў з Сырыі — гэта плата за магчымы кампраміс па гэтым вельмі важным для Масквы пытаньні. Яшчэ адна прычына — эканамічныя цяжкасьці Расеі. Дзеяньні Крамля нагадваюць альгарытм паводзінаў СССР падчас бясслаўнай вайны ў Аўганістане. І пра гэта ўсё больш узгадвае насельніцтва РФ. У любым выпадку падаецца, што замежная палітыка Расеі становіцца ўсё больш неадэкватнай.
Цыганкоў: Перш за ўсё, мы, як і іншыя камэнтатары, ня ведаем, ці існуюць пэўныя дамоўленасьці паміж Масквой і Вашынгтонам па гэтым пытаньні. А таксама (пра што сказаў Валер), як ідуць перамовы паміж Расеяй і Саудаўскай Арабіяй наконт цэнаў на нафту. Магчыма, Масква палічыла, што пытаньне цэнаў на нафту на сёньня стратэгічна больш важнае, чым палітычнае, і ў значнай ступені прапагандысцкае, ўмяшаньне ў сытуацыю ў Сырыі.
ніводная задача Масквы ў стратэгічным сэнсе не была выкананая
Мне, у адрозьненьні ад Юры, здаецца, што сырыйская кампаніі прынесла Маскве значна менш дывідэндаў. Ну ўвайшлі, ну нешта там паказалі — але што далей? Хіба ўсе задачы выкананыя? Хіба Асад пасьля ўмяшаньня Расеі перамог, хіба апазыцыя зьнікла? Не.
Таму мне здаецца, што ніводная задача Масквы ў стратэгічным сэнсе не была выкананая. Магчыма, Масква проста пабачыла, што прысутнасьць у Сырыі не дае ніякіх плюсаў, палітычных і вайсковых. А мінусаў хапае — сапсаваныя адносіны з Саудаўскай Арабіяй ды іншымі краінамі Пэрсыдзкай Затокі, вялікія матэрыяльныя выдаткі на ваенныя дзеяньні. Ды і расейскае войска, як сьцьвярджаюць некаторыя экспэрты, зусім ня ў тым стане, каб весьці паўнамаштабныя ваенныя дзеяньні ў Сырыі. Таму рашэньне Пуціна я б усё ж разглядаў як адступленьне. Вядома, лепш нават позна прызнаць уласную памылку, чым упарціцца да канца.