Чаму ўлады ўпарта ня хочуць рэгістраваць хрысьціянска-дэмакратычны рух? Якія сапраўдныя прычыны нерэгістрацыі? Пры якіх умовах Беларуская хрысьціянская дэмакратыя ўсё ж можа быць зарэгістраваная?
Карбалевіч: У панядзелак 14 сакавіка Вярхоўны суд не задаволіў скаргу аргкамітэту БХД на Міністэрства юстыцыі, якое ў шосты раз адмовіла ў рэгістрацыі гэтай арганізацыі. Дарэчы, апошняя палітычная партыя ў Беларусі была зарэгістравана 16 гадоў таму — 28 лютага 2000 года. Гэта была КХП-БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка. У сакавіку 2011 году ў інтэрвію The Washington Post Аляксандр Лукашэнка заявіў, што БХД, «верагодна, ніколі не будзе зарэгістраваная». «Яны ўдзельнічалі ў беспарадках. Яны не хрысьціянскія дэмакраты, яны бандыты», — сказаў ён. БХД не адзінокія ў сваім горы. Ня мае рэгістрацыі і кампанія «Гавары праўду».
І тут цікавы кур’ёз. Падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў афіцыйныя асобы, дзяржаўныя мэдыя актыўна піярылі кандыдата ў прэзыдэнты ад незарэгістраванай арганізацыі Тацьцяну Караткевіч. Хоць, паводле беларускага заканадаўства дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ёсьць крымінальнае злачынства. І, дарэчы, шэраг людзей сядзелі за каратамі па гэтаму артыкулу Крымінальнага кодэксу. Відавочна, ўлады ня хочуць легалізаваць апазыцыю. Не перасьледуюць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. але і не рэгіструюць. То бок, трымаюць на кручку, пад дамоклавым мячом. Гэта чыста беларуская сытуацыя. Ствараюць юрыдычныя ўмовы, паводле якіх вінавата шмат людзей. Але рэпрэсуюць ня ўсіх, а толькі выбарачна. І тое, нібыта пацяпленьне палітычнага клімату, якое адбываецца апошнімі месяцамі, не паўплывала на сытуацыю з БХД.
Дракахруст: Тут можна прыгадаць формулу Скарыны: «Навіны ня ўводзіць, старыны ня рушыць». Улады ёй і кіруюцца ў гэтым пытаньні. Сапраўды, рэгістрацыя новых грамадзка-палітычных арганізацыяў адбываецца вельмі рэдка. Апошняй зарэгістраванай грамадзка-палітычнай арганізацыяй быў «Рух за Свабоду» на чале з Аляксандрам Мілінкевічам. Гэта адбылося ў 2008 годзе, ў разгар папярэдняй лібэралізацыі. Магчыма, зараз беларускія ўлады палічылі, што яны і так зрабілі шмат для пацяпленьня стасункаў з Захадам, каб яшчэ некага рэгістраваць.
Але на мой погляд рэгістрацыя партыяў і рухаў для ўладаў — гэта не апошні акоп, які яны здадуць за 5 хвілінаў да канца, ў адрозьненьні, скажам, ад свабодных выбараў. Не, за нешта, што вельмі спатрэбіцца, могуць і зарэгістраваць. Хутчэй за ўсё, напачатку зарэгіструюць «Гавары праўду», потым, магчыма, і БХД.
Зь іншага боку, варта прыгадаць, што калі ў 2010 годзе, скажам, АГП актыўна ўдзельнічала ў пратэстах, яе лідэр Анатоль Лябедзька трапіў тады за краты, то з вуснаў чыноўнікаў гучалі пагрозы ліквідаваць гэтую партыю. Але пагроза выкананая не была — «старыны ня рушыць».
А чаго няма — хай і будзе на кручку. Артыкул аб дзейнасьці ад імя незарэгістраваных арганізацыяў не ўжываюць, але і не рэгіструюць.
Калі нешта заплацяць, могуць і зарэгістраваць. Думаю, што гэтая тэма фігуруе ў перамовах заходніх дыпляматаў з беларускімі.
Я б не зьдзівіўся б, каб з сёмай спробы гэтая рэгістрацыя ўсё ж адбылася б, як гэта было з «Рухам за Свабоду». І неба на зямлю ад таго не абрынулася.
Цыганкоў: «Рух за Свабоду» быў зарэгістраваны ў свой час найперш з-за таго, што Захад вылучыў гэта як умову паляпшэньня адносінаў падчас адлігі 2008-2010 гадоў. Ягоны кіраўнік Аляксандар Мілінкевіч, кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году, на той момант быў самым вядомым беларускім палітыкам. Так што калі рэгістрацыя БХД і можа адбыцца, то хутчэй за ўсё ў выніку зьнешняга ціску.
Нерэгістрацыя БХД паказвае, што сыстэма заўсёды знойдзе магчымасьць не выконваць уласныя законы і палажэньні.. Калі пасачыць за прыдзіркамі, якія вылучаюцца супраць рэгістрацыі, то яны не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Калі вышэйшая палітычная ўлада гэтага хоча, то ніякае дакладнае і пільнае выкананьне ўсіх правілаў не дапамагае. Ніякія звароты і апэляцыі ва ўсе магчымыя структуры (а БХД неаднаразова прайшла ўвесь гэты шлях) нічога не даюць. Улады не рэгіструюць партыі, бо ім, сапраўды, так прасьцей.
Рэгістрацыя дае палітычна актыўным грамадзянам пэўныя правы, зь якімі трэба лічыцца. Прасьцей пакінуць палітычных актывістаў у падвешаным стане, калі над імі застаецца пагроза вядомага крымінальнага артыкулу — дзейнасьці «ад імя незарэгістраванай арганізацыі». Гісторыя з БХД паказвае, што «лібэралізацыя», пра якую шмат кажуць, пакуль вельмі адносная.
Карбалевіч: Мне падаецца, што асоба Паўла Севярынца — рэальнага лідэра БХД — выклікае раздражненьне ў кіраўніцтва краіны і гэта адна з прычынаў, па якіх партыю не рэгіструюць.
Дракахруст: Я б ня выключаў яшчэ адзін момант. Нам цяперашнія крокі ў накірунку лібэралізацыі падаюцца занадта дробнымі і непасьлядоўным, што лібэралізацыя недалёка ідэі. Але цалкам магчыма, што ў прэзыдэнцкай камандзе перасьцерагаюцца, ці ня надта далёка яна зайшла. Усе ж там памятаюць досьвед Гарбачова і мала хто там хоча яго паўтарэньня.