Назвалі журы Літаратурнай прэміі Гедройця 2016

Як паведамляе сайт Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця, сёлета ў журы прэміі ўвайшлі:

Ігар Бабкоў — беларускі празаік і філёзаф, ляўрэат прэміі Гедройця 2014;

Анджэй Бжэзецкі — польскі журналіст, аўтар кніг пра Беларусь, галоўны рэдактар часопісу «Nowa Europa Wschodnia»;

Сяргей Дубавец — беларускі пісьменьнік, журналіст;

Малгажата Ноцунь — польская журналістка, аўтарка кніг пра Беларусь, намесьніца рэдактара часопісу «Nowa Europa Wschodnia»;

Людміла Рублеўская — беларуская пісьменьніца, літаратурны крытык;

Ганна Янкута — беларуская перакладчыца, літаратурны крытык.

У адпаведнасьці са статутам прэміі Гедройця журы абіраецца камітэтам, у які ўваходзяць старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, а таксама асоба, якую яны выбралі зь сябраў журы мінулых гадоў. Сёлетні камітэт: Андрэй Хадановіч, Барыс Пятровіч і Ўладзімер Арлоў.

Поўны сьпіс твораў будзе абвешчаны ў канцы сакавіка. Уручэньне прэміі адбудзецца ў верасьні.

Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 году. Папярэднія пераможцы прэміі: Павел Касьцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімір Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» (2013), Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько «Час зьбіраць косьці» (2015).