Пуцін загадаў пачаць вывад расейскіх войскаў з Сырыі 

Расейскія самалёты ў небе над Сырыяй.

Масква пачне вывад асноўных войскаў з Сырыі 15 сакавіка. Такі загад прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін агучыў на сустрэчы з міністрам абароны Сяргеем Шайгу і кіраўніком МЗС Сяргеем Лаўровым.

Агенцтва ТАСС цытуе словы расейскага кіраўніка:

«Лічу, што задачы, пастаўленыя перад міністэрствам абароны, у цэлым выкананыя».

Таксама Пуцін выказаў спадзяваньне што пачатак вываду войскаў будзе стымулам для перамоўнага працэсу ў Сырыі.

ЗША разьлічваюць атрымаць дадзеныя аб вывадзе расейскіх сілаў з Сырыі ў бліжэйшыя гадзіны.

«Мы бачылі паведамленьні пра тое, што прэзыдэнт Пуцін абвясьціў пра
заплянаваны вывад расейскіх сілаў з Сырыі. Мы разьлічваем даведацца пра гэта болей ў бліжэйшыя гадзіны », - сказаў агенцтву «Інтэрфакс» высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі прэзыдэнта ЗША.