Васіль Бязьмен паходзіў з Наваградчыны, зь вёскі Багудзёнка. У 1993 годзе пасьля сканчэньня мэдунівэрсытэту ў Горадні паехаў працаваць у Шчучынскі раённы шпіталь. Усе студэнцкія гады ад пачатку ўтварэньня «Паходні» ў Горадні быў яе сябрам. Затым стаў актывістам БНФ «Адраджэньне».
Падчас вучобы ў Горадні разам з Данутай Бічэль і іншымі актывістамі беларускага Адраджэньня браў удзел у выпуску самвыдата «Рэанімова». Данута Янаўна ўзгадвае пра Васіля Бязьмена:
— Ён быў адзін з тых, хто ствараў «Рэанімову», у яго было мноства цікавых ідэяў. Мяне заўсёды зьдзіўляла ў ім тое, што, навучаючыся ў мэдыцынскім унівэрсытэце, ён, тым ня менш, вельмі добра адчуваў мову і правіў іншых. Яшчэ ў ім была вельмі заўважная патрыятычнасьць і адданасьць Беларусі, дзеля гэтага мог ахвяраваць чым заўгодна. Проста, у адрозьненьне ад іншых патрыётаў, якія падкрэсьлена былі эмацыйныя, часам крыклівыя, Васіль Бязьмен вылучаўся сваёй інтэлігентнасьцю. Ён быў надта добрым спакойным хлопцам...
Мікола Таранда, адзін з кіраўнікоў «Паходні», кажа, што Васіль Бязьмен быў сапраўдным сябрам, ніколі нікога не падводзіў, калі нешта абяцаў.
— Ён імкнуўся ўдзельнічаць ці не ўва ўсіх акцыях «Паходні» ў той час, хаця вучыўся ў мэдунівэрсытэце і часу свабоднага шмат ня меў. Але, тым ня менш, памятаю яго на кожным суботніку. Памятаю, як стаяў на пікетах і агітаваў за Ткачова падчас выбарчай кампаніі. Памятаю, як удзельнічаў у напісаньні лістоў у самыя розныя інстанцыі. Памятаю, як хадзіў па кватэрах і агітаваў бацькоў аддаваць сваіх дзетак у беларускія клясы... Для яго беларуская справа была нечым галоўным.
Гарадзенскі праваабаронца і публіцыст Уладзімер Хільмановіч кажа, што прыйшоў у «Паходню» пазьней, але асобу Васіля Бязьмена таксама добра памятае. Хоць ня часта даводзілася сустракацца, але заўсёды адчуваў блізкага па духу чалавека.
— Ён быў трохі старэйшы і вучыўся раней за мяне, але духам мы былі падобныя. Васіль часта ўсьміхаўся, ад яго заўсёды веяла пазытывам. І потым, я ведаў, што ў беларускай справе ён быў невыпадковым чалавекам. Ягоны бацька Канстанцін Бязьмен быў актыўным удзельнікам беларускага антысавецкага падпольля яшчэ ў 1940-я гады, а затым быў вязьнем ГУЛАГа. Дарэчы, Васіль вельмі сябраваў зь Дзімам Кісялём, бацькі якога былі таксама вязьнямі сталінскіх лягераў. А Дзіма ўжо раней адышоў у лепшы сьвет.
У Васіля Бязьмена засталіся жонка і дачка.