Мітынг і дэманстрацыю правялі прыхільнікі правай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» й эўрапейскага антыісламісцкага руху Pegida. Акцыя была прымеркаваная да выбараў у парлямэнты трох фэдэральных зямель, якія праходзяць сёньня.
Арганізатары акцыі зарэгістравалі ў паліцыі дэманстрацыю на дзьве сотні ўдзельнікаў, аднак яна сабрала ў дзесяць разоў больш людзей, чым чакалася, перадае Deutsche Welle са спасылкай на агенцыю DPA.
Сярод дэманстрантаў выразна вылучаліся групоўкі футбольных фанатаў, нэанацыстаў, прыхільнікаў руху Pegida. Над калёнай можна было заўважыць сьцягі розных краін Эўропы. Сярод іх былі й расейскія сьцягі.
Дэманстранты прайшлі па цэнтральным раёне Бэрліна, у тым ліку каля будынку бундэстагу. Яны выкрыквалі лёзунгі ў адрас канцлера Ангелы Мэркэль: «Мэркель павінна сысьці!», «Не шарыяту ў Нямеччыне!», «Палітыкі сыходзяць – народ застаецца».
Контрдэманстрацыя сабрала крыху больш за тысячу ўдзельнікаў. Прыкладна 200 чалавек паспрабавалі блякаваць шэсьце ўльтраправых, але іх адціснула паліцыя, ужыўшы сьлезацечны газ. Парадак падчас двух паралельных дэманстрацый ахоўвалі 1300 паліцэйскіх.
Раней падобныя акцыі праварадыкалаў у Бэрліне блякаваліся такой вялікай колькасьцю контрдэманстрантаў, што паліцыя спыняла іх да пачатку заплянаваных шэсьцяў. Акрамя таго, упершыню за шмат гадоў правым было дазволена правесьці сваю акцыю ў цэнтральным раёне Бэрліна.
Прыток больш як 1,1 млн мігрантаў у Нямеччыну прывёў да росту антызамежніцкіх настрояў у нямецкім грамадзтве.