На вечарыне-прэзэнтацыі супрацоўніца Інстытуту славянскіх дасьледаваньняў Віржыні Шыманец расказала пра свой беларускі досьвед і беларускую літаратуру ў Францыі — фактычна, пра яе там адсутнасьць.
Прагучалі ўрыўкі з кнігі «Дзеці Аліндаркі» ў выкананьні аўтара і ў францускім перакладзе Алены Лапатнёвай. Альгерд Бахарэвіч расказваў пра раман, пра сябе, пра беларускую мову і літаратуру, тлумачыў, што такое «аліндарка» і раздаваў публіцы стракатыя «таблеткі ад беларускага акцэнту» — якімі ў рамане Доктар «лечыць» беларускіх дзяцей.
Юлія Цімафеева чытала старыя і новыя вершы, некаторыя зь іх упершыню прагучалі па-француску.
Прэзэнтацыю суправаджаў паказ здымкаў Менску Аляксея Андрэева і Джэфа Баніфасіно, а таксама парыскіх фота Юліі Цімафеевай, якая цягам двух месяцаў здымала тамтэйшую «іншую зіму».
У мурах Цэнтру Рэкале беларуская мова за ўсю гісторыю гучала ўпершыню.
«Публіка ўспрыняла ўсё з такой зацікаўленасьцю, быццам перад ёй адкрыўся новы кантынэнт, — дзеліцца ўражаньнямі ад прэзэнтацыі Альгерд Бахарэвіч. — Вельмі хвалілі пераклад, адзначалі музычнасьць і дакладнасьць, пыталіся пра тое, на якой мове мы гаворым міжсобку, і ці гучыць „бэлярусьен“ у школах і унівэрсытэтах. Прызнаваліся, як цяжка ім зразумець нашу моўную сытуацыю».
Віржыні Шыманец на другі дзень пасьля прэзэнтацыі падзялілася сваімі ўражаньнямі:
«Мова — гэта дыялект з арміяй і флётам», сказаў некалі маршал Льётэй. Цяпер звычайна кажуць: «з арміяй і дыпляматыяй». Учора францускія слухачы пачулі беларускую мову як дзяржаўную, мы не далі нікому ўспрымаць яе як «дыялект» або «этнаграфічны элемэнт» іншай мовы. Гэта вельмі вядомая тэма, таксама і для французаў, якія ужо даўно маюць армію, флёт і ведаюць што Францыя была імпэрыяй. Тут адбыўся вельмі важны момант: людзі зразумелі што мы не імкнуліся шукаць эквівалент для перакладу кнігі на брэтонскую або крэольскую мову (чаго ўсе чакалі) — мы перакладалі «Дзяцей Аліндаркі» на чыстую францускую акадэмічную мову. Што незразумела? Усё зразумела. Што мы перакладаем? Мову, або той факт што яна трактуецца як «дыялект»? Мову, або тое, як людзі размаўлаюць пра мову?
Я ўжо больш за 20 гадоў змагаюся, каб было магчыма і нармальна перакладаць менавіта мову. Розьніца ў тым, што ўчора я больш не адчувала сябе ў адзіноце. «Дзеці» гучалі як твор высокай культуры, таму яна і існуе. Альгерд і Юлія выступілі выдатна, вельмі прафесійна. Яны прымалі гледачоў сур’ёзна, і таму гледачы іх сур’ёзна слухалі. Больш нічога ня трэба, беларуская мова мае цяпер сваіх дыпляматаў. Толькі арміі перакладчыкаў яшчэ не існуе. Але гэта вельмі добры пачатак».
Раман Альгерда Бахарэвіча «Дзеці Аліндаркі» мае выйсьці па-француску ў перакладзе Алены Лапатнёвай у наступным годзе ў выдавецтве «Le Ver à Soie».
Фота: Юлія Цімафеева