12 сакавіка ў Менску пройдзе прэм’ерны паказ фільма Валера Мазынскага «Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні».
У інтэрвію Свабодзе рэжысэр расказаў, дзе здымаўся фільм і чаму некаторыя акторы пасьля прачытаньня сцэнару адмаўляліся ўдзельнічаць у праекце.
— Колькі часу цягнуліся здымкі?
— Кіно здымалі паўгода. Можна было, вядома, і хутчэй, але ў нашых умовах так не атрымліваецца. Здымалі ў Беларусі і ў Літве. У нас асабліва цяжка было — складана было дамовіцца, ня кожны аб’ект даваў згоду, некаторыя адмаўлялі ўвогуле, ад гэтага і тэрміны зацягваліся, мяняліся пляны. Тут такая справа, цяпер жа здымаць без дакумэнтаў нічога нельга.
— Хто зьняўся ў фільме?
— Заўсёды ёсьць людзі, які пагаджаюцца на ўдзел у такіх праектах. Разам з тым некаторыя разумеюць, што яны рызыкуюць. Ці думаюць, што рызыкуюць. Так яно і ёсьць. У мяне была сытуацыя, што акторы пагаджаліся, але пасьля адмаўляліся — калі прачыталі сцэнар. З аднаго боку, акторы заўсёды хочуць паўдзельнічаць, і тут не пытаньне аплаты — шмат хто згодны здымацца безь яе. Зь іншага, яны разумеюць, што ўдзел у такім праекце — гэта рызыка. У галоўнай ролі актор Купалаўскага тэатру Раман Падаляка. Іншыя акторы — альбо зь іншых тэатраў, альбо тыя, хто ўжо не працуе як актор. Некаторыя працуюць у бізнэсе, але ўсё роўна застаюцца акторамі і вось пагадзіліся здымацца ў «Каліноўскім». Гэта людзі, якіх я даўно ведаю, у мяне ёсьць пэўная база актораў.
— Вы кажаце, што некаторыя акторы адмовіліся здымацца ў фільме, калі прачыталі сцэнар. Што там такога крамольнага?
— Гэта не звычайны дакумэнтальны фільм. Ён атрымаўся дакумэнтальна-мастацкім. У ім ёсьць і сучаснасьць, гучаць размовы пра актуальную рэчаіснасьць, закідваецца мосьцік у сёньняшні дзень. Нават не асацыяцыі, а простыя паралелі.
— Нядаўна «Арт Сядзіба» ладзіла тэатральную пастаноўку пра Браніслава Тарашкевіча. Пасьля прэм’ернага паказу трупе забаранілі выступаць на пляцоўцы, зь якой была папярэдняя дамова. Можна меркаваць, што адбылася пэўная цэнзура — у спэктаклі таксама ёсьць паралелі зь цяперашняй сытуацыяй у Беларусі. Які лёс чакае «Кастуся Каліноўскага»? Дзе яго можна будзе пабачыць?
— Так, я чуў пра сытуацыю з пастаноўкай пра Браніслава Тарашкевіча. Але тут крыху іншая сытуацыя. Фільм здымаўся для тэлеканалу «Белсат» — там яго і глядзець можна будзе. А таксама на youtube, дзе, дарэчы, ёсьць і іншыя мае фільмы. Гэта не камэрцыйны канал, таму яго кінапрадукцыя ў свабодным доступе.
А тое, што ўзьнікаюць паралелі, — гэта зразумела. Калі няма паралеляў, то гэта быў бы юбілейны матэрыял, прымеркаваны да нейкай даты. У фільме «Кастусь Каліноўскі», вядома, яны ёсьць. Такая ў нас сытуацыя, што ўзьнікаюць паралелі — і праз сто гадоў, і празь дзьвесьце. Чаму? Таму што жаданьне свабоды — гэта вечнае пытаньне. Людзі жадалі свабоды дзьвесьце год таму, жадаюць і цяпер.