Баявік «ДНР», які жыве ў Беларусі, зьнік з сацсетак

Раман Джумаеў

Былы баявік «ДНР» Раман Джумаеў, які цяпер жыве ў Беларусі, у Мар’інай Горцы, пасьля публікацыі Свабодай інтэрвію зь ім выдаліў сваю старонку «Ўкантакце».

На сваёй старонцы ў сацсетках ён значыўся пад сапраўдным прозьвішчам. Там было шмат фатаздымкаў з Данбасу.

Раней Раман выказваў карэспандэнту Свабоды занепакоенасьць вялікім рэзанансам ад публікацыі ягонага інтэрвію. Паводле ягоных слоў, «вельмі пачалі перажываць бацькі» і «пайшоў рэзананс і ў Марыюпаль» (родны горад былога баевіка).

Учора кіраўнік апарату старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны Аляксандар Ткачук заявіў, што СБУ адсочвае грамадзянаў Украіны, якія ўчыняюць супрацьпраўныя дзеяньні супраць украінскай дзяржавы, незалежна ад іх месцазнаходжаньня.

У той жа час Аляксандар Ткачук ня даў канкрэтнага адказу на пытаньне, ці будзе Служба бясьпекі Ўкраіны зьвяртацца да кампэтэнтных органаў Беларусі з запытам аб экстрадыцыі Рамана Джумаева.