Як і на што паўплывае справа Надзеі Саўчанкі?

Рэха справы Надзеі Саўчанкі

Як і на што паўплывае справа Надзеі Саўчанкі?

Як працэс украінскай лётчыцы паўплывае на міжнародную рэпутацыю Расеі? Якую ролю будзе адыгрываць Саўчанка ва ўкраінскай палітыцы? Ці абмяняюць яе на расейскіх афіцэраў, затрыманых ва Ўкраіне?

Тры пытаньні для трох аналітыкаў — Юрыя Дракахруста, Валера Карбалевіча і Віталя Цыганкова.

Дракахруст: Сёньня ўкраінская лётчыца Надзея Саўчанка выступіла з апошнім словам у судзе гораду Данецк Растоўскай вобласьці Расеі. Яна паабяцала аднавіць сухую галадоўку праз 10 дзён пасьля вынясеньня ёй прысуду, якое адбудзецца 21 сакавіка.

Вось што яна сказала. «Расея — гэта краіна трэцяга сьвету з таталітарным рэжымам, у якой не выконваюцца правы чалавека і міжнароднае права... я лічу лішнім марнаваць час свайго жыцьця на тое, каб прымаць удзел у судзе... Заклікаю Парашэнку, які абяцаў маёй маці мяне вярнуць яшчэ вясной мінулага году, правесьці перамовы з расейскімі ўладамі аб маім вяртаньні».

Нагадаю, што на мінулым тыдні, калі яе апошняе слова было перанесенае, яна абвясьціла сухую галадоўку, якую трымала 6 дзён.

Безумоўна, Саўчанка ўжо стала нацыянальнай гераіняй Украіны, сымбалем Украіны, якая вядзе цяжкую вайну. На фоне палітычнага крызісу ва Ўкраіне, расчараваньня ўкраінцаў у многіх кіроўных асобах, яна будзе мець вялікія палітычныя пэрспэктывы, калі вернецца

Хада працэсу і яго блізкае завяршэньне, сухая галадоўка Саўчанкі значна ўзмацніла ўвагу да яе і да яе лёсу. Ва Ўкраіне, у Беларусі, у Расеі, у шэрагу іншых краінаў прайшлі маніфэстацыі ў яе падтрымку. 7 тысяч інтэлектуалаў з розных краінаў сьвету, у тым ліку і Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, падпісалі зварот з патрабаваньнем вызваліць Саўчанку. 57 дэпутатаў Эўрапарлямэнту выступілі з прапановай стварыць «сьпіс Саўчанкі» па аналёгіі са «сьпісам Магніцкага» — увесьці пэрсанальныя санкцыі супраць асобаў, датычных да перасьледу ўкраінскай лётчыцы.

У яе падтрымку выступілі МЗС шэрагу краінаў, хіба не найбольш рэзка выступіў дзяржсакратар ЗША Джон Кэры. Ён заявіў, што ўтрыманьнем Саўчанкі пад вартай і судовым працэсам над ёй Масква парушае менскія дамоўленасьці.

Безумоўна, Саўчанка ўжо стала нацыянальнай гераіняй Украіны, сымбалем Украіны, якая вядзе цяжкую вайну. На фоне палітычнага крызісу ва Ўкраіне, расчараваньня ўкраінцаў у многіх кіроўных асобах, яна будзе мець вялікія палітычныя пэрспэктывы, калі вернецца. У гэтым сэнсе яе папрок, кінуты ў апошнім слове ў судзе прэзыдэнту Парашэнку, наўрад ці палепшыць яго пазыцыі.

Экспэрты ва Ўкраіне і Расеі выказваюць меркаваньне, што хутчэй за ўсё яе абмяняюць на афіцэраў расейскага ГРУ, захопленых на ўсходзе Ўкраіны, суд над якімі таксама адбываецца.

Калі, зразумела, Саўчанка да таго часу не памрэ за кратамі. Але яе паводзіны паказваюць, што яна не самазабойца, яе галадоўкі — гэта сродак маральнай і палітычнай барацьбы з расейскай дзяржаўнай машынай.

Цыганкоў: Саўчанка стала сымбалем барацьбы з расейскай дзяржаўнай машынай, сымбалем таго, што бязглузда і несправядліва ў расейскай сыстэме правасудзьдзя. Увогуле, калі паглыбіцца ў асаблівасьці гэтага працэсу, уражвае, наколькі антыпраўная сутнасьць гэтай сыстэмы. Па матэрыялах сьледзтва бачна, што ніякіх падставаў для абвінавачваньня Саўчанкі няма. Відавочна, што гэта чыста палітычная справа.

Магчыма, Пуцін пойдзе на гэта, калі палічыць, што яе абмен ці вызваленьне можа прайсьці ў такіх абставінах, якія дазволілі б яму захаваць твар і выглядаць больш-менш палітычна прывабна для расейскага электарату

Зараз робіцца гучнейшым міжнародны рэзананс, расьце колькасьць заклікаў, каб вызвалілі Саўчанку. Праўда, некаторыя заўважаюць, што Уладзімер Пуцін ніколі нічога ня робіць пад ціскам, асабліва калі ціск настолькі моцны і настолькі публічны. Зразумела, гэта гаворыць пра тое, што менавіта ў гэтыя дні Саўчанка ня будзе вызваленая, калі гэта адбудзецца, то пазьней.

Магчыма, Пуцін пойдзе на гэта, калі палічыць, што яе абмен ці вызваленьне можа прайсьці ў такіх абставінах, якія дазволілі б яму захаваць твар і выглядаць больш-менш палітычна прывабна для расейскага электарату.

Ва ўплыве Саўчанкі на ўнутрыўкраінскую палітыку праглядаюцца цікавыя сцэнары, відавочна, што яна не самазабойца, яна думае пра свае словы, жэсты і заявы і, магчыма, глядзіць наперад. Для ўкраінскіх палітыкаў, якіх шмат хто абвінавачвае ў недастатковай прынцыповасьці, сьмеласьці, асабліва на фоне падзей апошніх гадоў, зьяўленьне Саўчанкі будзе мэтэорам, які можа памяняць палітычныя расклады ў Кіеве.

Карбалевіч: Сапраўды, я згодны з тым, што гэта працэс не крымінальны, а палітычны. Таму можна казаць толькі пра палітычныя наступствы. Іх некалькі. Найперш, гэта яшчэ адзін удар па сыстэме правасудзьдзя ў Расеі. Калі судзілі Хадаркоўскага і іншых — зьявіўся тэрмін «басманны суд». Цяпер можа зьявіцца новы тэрмін — «данецкі суд».

Думаю, што расейскае кіраўніцтва робіць пэўную памылку, зацягваючы гэтую гісторыю, яно больш прайграе ў вачах міжнароднай грамадзкасьці. Па-першае, захапіўшы ў палон афіцэра ўкраінскага войска, Расея дэ-факта прызнае, што зьяўляецца удзельнікам ваеннага канфлікту з Украінай.

расейскае кіраўніцтва робіць пэўную памылку, зацягваючы гэтую гісторыю, яно больш прайграе ў вачах міжнароднай грамадзкасьці

Па-другое, змаганьне з жанчынай не дадае арэолу мужнасьці Пуціну.

Па-трэцяе, такая чалавечая гісторыя больш кранае грамадзкасьць, чым голая статыстыка пра дзесяткі, сотні і тысячы забітых падчас гэтага канфлікту.

Па-трэцяе, заходнія мэдыі раскручваюць гэтую тэму і робяць дадатковы ціск на палітыкаў у антырасейскім кірунку.

Хачу заўважыць, што Пятро Парашэнка па выніках менскіх перамоваў год таму заявіў, што Надзея Саўчанка будзе вызваленая, ён сказаў, што дамовіўся з Пуціным аб абмене палоннымі, і гэта распаўсюджвалася і на яе. Але хутка высьветлілася, што Масква інтэрпрэтавала менскія дамоўленасьці інакш.