Сёлета шмат якія інтэрнэт-выданьні, аўтарытэтныя і папулярныя, зьмясьцілі шэраг рэйтынгаў гарадоў Эўропы і сьвету, складзеных, як пішуць, «замежнымі адмыслоўцамі». Вось зь іх вынікае, што сталіца Беларусі паводле якасьці жыцьця нібыта ледзь ня самы горшы горад на зямлі, а ў Эўропе то пэўна.
А насамрэч — і сёньня, і ў аддаленай гісторыі, ці быў, ці ёсьць Менск горадам, якасным для жыцьця? Пра гэта наша гутарка з гісторыкам мастацтва, выкладчыкам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргеем Харэўскім.
Вячаслаў Ракіцкі: Cяргей, наколькі справядлівыя такія ацэнкі, на вашу думку? Балазе, як я ведаю, за апошнія гады вам давялося пабываць у багата якіх краінах.
Сяргей Харэўскі: На маю думку, абсалютна несправядлівыя! Мой досьвед кажа, што Менск паводле бальшыні фармальных і нефармальных парамэтраў нашмат больш дагледжаны, камфортны і зручны, чым большасьць сталіцаў СНД. У выніку драматычных падзеяў і Кіеў у цяперашнім ягоным стане ніяк не назавеш больш прывабным для жыцьця, чым Менск. Я ўжо не кажу пра які Кішынёў. Дык жа і сталіцы Македоніі, Альбаніі ці Румыніі шмат у чым відавочна саступаюць Менску. За выключэньнем, хіба, клімату.
Ракіцкі: Згаданыя мною рэйтынгі, якія раптам пачалі гуляць па прасторах Інтэрнэту, характарызуюць гэтак званую «якасьць жыцьця». Як на маю думку, гэта вельмі суб’ектыўны панятак, які залежыць ад сацыяльных статусаў і повязяў, месца нараджэньня й выхаваньня, доўгатрываласьці жыцьця ў тым ці іншым месцы. Ужо ж, паводле вызначэньня, уражаньні выпадковага турыста й адчуваньні карэннага тубыльца будуць адрозьнівацца.
Харэўскі: Цалкам згодны. У Менску бальшыні турыстаў насамрэч сумна — няма такой колькасьці забавак, помнікаў даўніны ці яркіх прыродных дзівосаў. Але хто што шукае... Памятаю, як адзін грузін у Тбілісі быў шчыра зьдзіўлены, што я купляю квіток да Батумі: «А што там глядзець? Тамака ж толькі горы, мора і пальмы!» Затое пасьля доўгага расстаньня так прыемна вярнуцца ў родны горад, дзе няма людзкага тлуму й несупыннага віру турыстаў, ад якіх няма дзе падзецца ў цэнтрах Прагі ці Рыму. Натуральна, не выпадае й параўноўваць, напрыклад, якасьць працы ацяпляльных сыстэмаў, якіх наагул няма ў траціне эўрапейскіх сталіцаў, або сыстэму грамадзкага транспарту, калі параўноўваюцца непараўнальныя паводле памераў гарады. Дарэчы, і якасьць вады з-пад крана ў Менску адна з найлепшых у Эўропе, гэта факт. І вось жа ж з сотняў такіх фактаў і складаецца наша ўяўленьне пра якасьць жыцьця. Пагадзіцеся: ЖЫЦЬ і БЫВАЦЬ — рэчы розныя. Я вельмі часта чуў ад замежнікаў словы шчырага захапленьня Менскам, бо горад перасягаў іхныя чаканьні й ламаў стэрэатыпы, якія фармуюцца, у тым ліку, і згаданымі сумнеўнымі рэйтынгамі. Адным падабалася цішыня, іншым — чысьціня, а трэцім — нашы кавярні ці паркі.
Ракіцкі: А якое ўражаньне рабіў Менск на тых, хто тут бываў, гасьцяваў у колішнія, для нас ужо гістарычныя эпохі? Што найперш адзначалі падарожнікі, наведваючы сталіцу Беларусі ў мінулым?
Харэўскі: Збольшага — вельмі пазытыўнае. Адзначалі тутэйшую шматканфэсійнасьць, шматаблічнасьць, а перадусім — менавіта якасьць тутэйшага жыцьця. Гэтак чэх Бэрнгард Та́нэр, які ў 1678 годзе быў у Маскве з пасольствам Рэчы Паспалітай, пісаў пра Менск, адзначаючы, што шматлікія храмы робяць горад прыгожым, а габрэі карыстаюцца тут вялікай свабодаю:
«Гэта горад вялікі, які шырока раскінуўся па ўзгорках і далінах. Галоўнае ўпрыгожаньне плошчы — ратуша, якая стаіць пасярэдзіне, у атачэньні мноства крамаў. Лад жыцьця і адзеньне, асабліва жаночыя строі, прыгожыя сьвятыні, аздобленыя пры ўваходах карцінамі, паказваюць на заможнасьць месьцічаў. Мы спыніліся ў горадзе, дзе жыхары прынялі нас гасьцінна, удосталь частавалі мёдам, півам і іншымі прынашэньнямі!».
А ангельскі казаньнік і настаўнік Уільям Кокс, зьдзейсьніўшы падарожжа ў наш край напярэдадні падзелаў Рэчы Паспалітай, пісаў пра Менск пасьля шматдзённага падарожжа па нашым краі:
Менск нам здаўся самым прыгожым і шыкоўным горадам. Нас чакаў цяпер даўно ня бачаны камфорт.
«Менск нам здаўся самым прыгожым і шыкоўным горадам. Нас чакаў цяпер даўно ня бачаны камфорт: добры пакой з чыста пабеленымі сьценамі і цаглянай падлогай, адсутнасьць блох і мух, мноства чыстай саломы, добры хлеб і сьвежае мяса».
Мікіта Мураўёў, расейскі дзекабрыст, якому давялося служыць у Менску на пачатку 1820-х гадоў, пакінуў багата характарыстык нашага гораду. Жылося маладому чалавеку тут даволі камфортна. Вось цытата зь ягонага ліста да маці пачатку 1822 году:
«Вы дарма лічыце, што я блага ем. Кожны дзень у мяне бываюць або капуста, або суп з рысам. Я заказваю суп досыць густы, каб лыжка стаяла ў ім. За гэтым ідзе варанае мяса, якое я трымаю такім адмысловым чынам, што яно заўсёды сакаўное. Я забыў грачаную кашу, якая ёсьць раскоша ў тутэйшых краях і абыходзіцца даволі дорага. Абед сканчаецца смажанінаю — індычкай або цяляцінай. Смажаніна пасьля маіх указаньняў заўжды халодная. Пад канец — кава. Часам дзеля адмысловай нагоды Мікалай гатуе мне кандытарскія вырабы для абеду. Спачатку мне было цяжка знайсьці добрага віна... Урэшце я знайшоў тут скляпок, дзе прадаецца чыстае і добрае віно па тры рублі за бутэльку. Калі мы зьявіліся тут, амаль немагчыма было купіць добры белы хлеб, бо нестае добрага белага збожжа. Цяпер яго прывозяць і робяць у Менску выдатны белы хлеб...».
А праз стагодзьдзе пасьля дзекабрыста Мураўёва пра Менск з апартамэнтаў тутэйшага гатэля «Лівадзія» ў захапленьні пісаў кінарэжысэр Сяргей Эйзэнштэйн:
«Тут — проста Эўропа! Зусім свабодна прадаюцца, напрыклад, лімоны, бульбяная мука, рыс, міндаль, чарнасьліў, грэцкія арэхі, цыкорый, шакаляды, эмаляваны посуд, падцяжкі, бялізна (ідэальная), булкі etc. Ёсьць „кафэ“, сапраўдная сэльтэрская з экстрактам. Сода ледзьве ня ў кожнай краме. Адным словам — усё, апрача, апрача — грошай...».
Ракіцкі: Цікава. То бок — падарожнікі й госьці аднадушна адзначалі высокую якасьць тутэйшых прадуктаў і даволі прыстойны, як на тыя часы, сэрвіс... А што да культурнага жыцьця? Ці падаваўся Менск такім людзям, якія выпадкова сюды заехалі, цікавым у гэтым сэнсе?
Харэўскі: Ну, таксама было не бяды, зважаючы на маленькі памер дасавецкага Менску... Расейскі дзекабрыст Мураўёў пісаў зь Менску сваёй маці ў Пецярбург:
«Мы сустрэлі Новы год у казіно. Баль быў вельмі бліскучы, ніколі яшчэ не было столькі дам. Відаць, што яны пачынаюць прывыкаць да нашае прысутнасьці. Я танцаваў катыльён, а для Новага году і мазурку!»
«Але вельмі цікавыя гэтыя балі тым, што вайскоўцы ніяк з тутэйшымі не зьліваюцца — фракі ў адзін бок, мундзіры ў другі, і наадварот. Большая частка маладых людзей тутэйшых носяць ордэн Ганаровага легіёну, які даў ім Напалеон, за тое, што ў 1812-м годзе яны ваявалі супраць нас, і гэта вельмі натуральна надае халоднасьць узаемным стасункам».
А амаль праз сто гадоў, калі Менск усё ж стаў салідным горадам, з палацамі, тэатрамі й клюбамі, расейскі князь Уладзімір Андрэевіч Друцкі-Сакалінскі, апошні менскі губэрнатар, пісаў пра сталіцу Беларусі так:
«Князі Радзівілы, графы Брэйль і Зібэр Плятэр, графы Чапскія і Красінскія, Горват, Вайніловіч, Скірмунт і іншыя — усё гэта былі памешчыкі маёй губэрні, пры тым яны жылі ў сваіх сядзібах летам і ў Менску зімой. Гэтыя багатыя сьвецкія людзі шмат прымалі ў сябе, жыцьцё біла крыніцай, і да вайны Менск, несумненна, быў вельмі ажыўленым і цікавым польскім цэнтрам, мала адрозным паводле складу публікі ад Варшавы. Расейцы, зноў-такі да вайны, былі прадстаўленыя выключна служылым клясам і вайскоўцамі. Апошнія былі вельмі шматлікія, бо ў Менску быў разьмешчаны штаб корпусу, раскватараваныя два пяхотныя палкі, 30-я артылерыйская брыгада і, здаецца, казацкі полк. Вайсковая грамада, якая ўзначальвалася камандзірам корпусу, багатым, зычлівым генэралам Навасільцавым, таксама шмат прымала, выяжджала, танцавала, і таму зімовы сэзон у Менску быў запоўнены вечарамі, балямі, спэктаклямі і прыёмнымі днямі».
Ракіцкі: І ўсё ж, што лічылі раней самым адметным у цяперашняй сталіцы Беларусі? Чым Менск вылучаўся адназначна пазытыўна ў параўнаньні зь іншымі далёкімі й блізкімі гарадамі? Якія козыры былі ў яго?
Харэўскі: Той самы дзекабрыст Мураўёў з захапленьнем пісаў сваёй маці пра тое, што клімат у нас рыхтык як у Італіі. То бок для жыхароў Пецярбургу, Эстоніі ці Скандынавіі Менск быў сапраўды паўднёвым горадам ва ўсіх сэнсах. Пра добры, здаровы клімат і прыемны дух гораду, дзе ўсе дамы стаяць паасобку ў шатах садоў, пісаў і Шпілеўскі, але найперш — Уладзіслаў Сыракомля, які не шкадаваў камплімэнтаў Менску:
«Вуліцы шырокія і прамыя, дамы не заціснутыя, паветра чыстае, скрозь даступнае павевам ветру настолькі, што нават вуліцы, дзе жыве габрэйская бедната, можна праходзіць без гідлівасьці... Усё тут такое чыстае, новае, прыгожае, што напраўду імпануе сваёю эўрапейскасьцю таму, хто як і мы, прыехаў зь Вільні».
Ракіцкі: А ці быў той стары Менск зялёным, як сёньня? Калі зьяўляюцца паркі, сквэры?
Харэўскі: Паркабудаўніцтва пачалося на мяжы XVIII — XIX стагодзьдзяў. І ўсе, хто зьяўляўся ў Менску, як адзін пісалі з захапленьнем пра Губэрнатарскі сад, цяперашні парк Горкага, адзін зь першых публічных паркаў у сьвеце. Расейскі вайсковец і пісьменьнік Уладзімір Бранеўскі пісаў пра наш горад у саракавыя гады ХІХ стагодзьдзя:
«Публічны сад як нешта рэдкае, небывалае спадабаўся мне больш за сам горад. Я прыходзіў у яго чатыры разы і шпацыраваў заўсёды з роўнай прыемнасьцю. У гарадох, дзе лад жыцьця, так бы мовіць, разлучае з прыродай, такія ўстановы, як для ўпрыгожваньня гораду, так і для асьвяжэньня паветра ў ім, карысныя і неабходныя. Шмат я бачыў садоў, і ў параўнаньні стаўлю тутэйшы ў лік найлепшых... Тры прамыя шырокія праспэкты, пакрытыя ўтрамбаваным пяском, ідуць адзін да ракі, другі — направа ад яго па беразе, а трэці ўлева ад другога прыводзіць да вялікага павільёна, пастаўленага на прыгожых калёнах... Перад павільёнам, вялікімі альтанкамі і галерэяй для танцаў разьбітыя правільныя кветнікі, вакол якіх духмяныя і іншыя кусты абстрыжаныя кронамі і гірляндамі. Словам, у садзе мноства выдумак, але ўсе яны дарэчныя і пабудаваныя паводле надзвычай прыемных і прыгожых красьлюнкаў».
Невераемную ў тыя часы прыгажосьць саду падрабязна апісваў і Павал Шпілеўскі, пісьменьнік і публіцыст, які школьныя гады правёў у Менску. Але апісвае ён і месцы адпачынку пад горадам:
«З ваколіц Менску прыкметныя: Камароўка — сваімі гарамі, густым хваёвым лесам, швайцарскімі хаткамі і маслабойнямі, Залатая Горка, якая славіцца ягаднымі палянамі і гуляньнямі на іх у пэўныя эпохі году; каля Горкі могілкі з капліцай у імя сьвятога Роха. Пустыня, прыгожы хутар, аточаны хвойнікам і бярозавымі лясамі, які славіцца сваім чысьценькім ставам, садам і хаткамі зь мяккай гліны з дамешкам верасу, пабудаванымі паводле пляну самога ўладальніка хутару, арцыбіскупа Антонія, былога менскага правялебнага, вядомага аматара аграноміі і натуральных навук, які жыве ў Пустыні. Пры Пустыні заснаваная тым жа арцыбіскупам царква ў імя сьвятога Антонія. Морхаўская Даліна і фэрма паблізу Пярэспы на беразе возера. Кальварыя, уласна рымска-каталіцкія могілкі з каменным касьцёлам; вакол яе арэхавы лес, багаты на грыбы і розныя ягады. Мядзьвежына — хутар, які красуецца гарыстымі палямі, між якімі прыкметныя дзьве глыбокія лагчыны, падзеленыя чыстымі ручаямі і сьпярэшчаныя квяцістымі травамі, якія даюць добрае лугавое сена. Лахманаўка, вядомая гасьцініцай, якую зазвычай наведваюць дзеля сьвежага малака і вяршкоў з суседняга засьценка. Кісьцераўка (або проста Кісьцер) і Серабранскія млыны, якія асабліва наведваюцца сярэднім клясам менскага народанасельніцтва. Нарэшце, Немаршанскі і асабліва велізарны Ляхаўскі гаі, што славяцца сваімі маёўкамі (майскімі гуляньнямі)».
Вось вам якасьць жыцьця тагачаснага Менску.
Ракіцкі: Але ж так не заўсёды было. Менск быў колісь звычайным правінцыйным гарадком. Зь якіх часоў пачынаецца яго росквіт, калі ён пачаў вылучацца менавіта якасьцю жыцьця, калі пачаў ператварацца ў горад для жыцьця чалавека?
Харэўскі: Менск пэрманэнтна паміж разбурэньнямі ў часы Расейскай імпэрыі выглядаў няблага. Усё ж у ім былі каля 30 мураваных храмаў. Захоўваліся і тыя храмы XVI–XVII стагодзьдзяў, якія захаплялі падарожнікаў — мы пра гэта казалі.
Але, натуральна, у нашым сёньняшнім разуменьні горадам ён стаў пры расейскім імпэратару Паўлу І, які раптам зрабіў Менск сталіцай гіганцкай губэрні ад Латвіі да Ўкраіны. Ён перанёс сюды праваслаўную эпархію, утварыў каталіцкую эпархію.
І першы менскі расейскі генэрал-губэрнатар Захар Васілевіч Карнееў пакінуў пасьля сябе добрую славу на вякі. Ён даўмеўся зрабіць у гэтых краях першы гарадзкі публічны парк, выпраставаў вуліцы. На ягоны загад былі зрэзаныя валы і разьбітыя бульвары.
Потым горад разьвіваўся скачкамі. Лепшы пэрыяд быў у паўлаўскую эпоху, а наступны — нечакана і нават парадаксальна — напярэдадні Першай сусьветнай вайны, пасьля лібэралізацыі Мікалая І, пасьля разьняволеньня тут усіх нярускіх, іншаверцаў. Наступіла капіталізацыя, празь Менск прайшлі чатыры чыгункі. Менск прыкладна з 1905–1907 гадоў і да пачатку вайны рос вельмі імкліва. Таму мяне ня дзівяць прыведзеныя намі сьведчаньні Эйзэнштэйна. Інакш як празь Менск, прыкладам, нельга было праехаць зь Вільні ў Кіеў. Натуральна, тут усё і закіпела, завіравала.
Ракіцкі: Вы сказалі пра капіталізацыю, а пазьней пайшла сацыялізацыя, індустрыялізацыя. Яны дадалі Менску як гораду якаснага жыцьця плюсоў ці мінусаў?
Харэўскі: Зноў жа, усё адбывалася скачкамі. Натуральна, першыя дваццаць гадоў савецкай улады — гэта гады аднаўленьня, пазначаныя аб’ектыўнымі цяжкасьцямі пасьля Першай сусьветнай вайны, грамадзянскай, польскай войнаў. Узьнікалі і істотныя складанасьці, зьвязаныя з прапанаваным новым ладам жыцьця. Але напрыканцы 1930-х гадоў, калі крыху суцішыліся сталінскія рэпрэсіі і быў пабудаваны новы, сапраўды вялікі сталічны горад, дзякуючы архітэктару Лангбарду, іншым архітэктарам горад займеў зусім іншы маштаб. Яго добраўпарадкавалі, разьбілі новыя паркі, выкапалі Камсамольскае возера. І калі браць апошнія два гады напярэдадні вайны, то варта сказаць, што Менску было чым ганарыцца. Сапраўды, было чаму дзівіцца людзям, якія прыяжджалі сюды з Захаду.
Ракіцкі: Падсумоўваючы, можам сказаць, што добрую славу Менску колісь стваралі ягоныя паркі, ахайнасьць і чысьціня гораду і высокая якасьць прадуктаў... Як па мне, то й сёньня Менск ганарыцца тым жа самым, і гэта шмат у чым справядліва...
Як бы вы патлумачылі, чаму традыцыя працягваецца? Прычына ў разумных уладах, у мэнтальнасьці беларусаў? Шмат жа сюды прыходзіла чужынцаў, а горад увесь час калі і не мяняўся да лепшага, дык захоўваў парадак і камфорт?
Харэўскі: Перадусім гэта закладзена ў мэнтальнасьці беларусаў. У многіх з нас застаецца шляхецкае стаўленьне да жыцьця. Магчыма, крыху легкадумнае, крыху павярхоўнае, але яно ёсьць. Часам абсурдна выглядаюць нашы пані, якія ў футрах, на высокіх абцасах спускаюцца ў мэтро альбо топчуць перамяшаны зь пяском сьнег на вуліцах. Ёсьць памкненьне да зьнешняга боку справы. Спрадвеку менчукам хочацца быць нейкімі, кажучы сучаснымі словамі, гламурнымі, няпростымі, з наведзеным марафетам. Патрабавальнасьць да зьнешняга боку жыцьця — што за савецкім часам, што з далёкай гісторыі, што цяпер — пераважае. Навесьці парадак, жыць у самым чыстым горадзе — гэта, з майго гледзішча, сядзіць у падсьвядомасьці.
Ракіцкі: Дык тады чаму так лёгка беларусы, менчукі гатовыя паверыць у розныя сумнеўныя рэйтынгі, якія малююць адназначна нэгатыўны вобраз Менску?
Харэўскі: Гэта няўпэўненасьць у сабе, гэта комплекс непаўнавартасьці. Для тых, хто гаворыць на ўласнай мове, для тых, хто паслугоўваецца ўласнай культурай, для тых, хто купляе кнігі, ходзіць на выставы і на тэатральныя прэм’еры, такіх пытаньняў няма. Яны ніколі б не пагадзіліся з такім рэйтынгам. Такім чынам, трэба толькі палюбіць сваё, бараніць сваё, быць самімі сабою, трывала стаяць на сваёй зямлі. І, натуральна, чытаць. Да дзірак зачытваць кніжкі Сыракомлі й Шпілеўскага.
Ракіцкі: Апошняе пытаньне да вас — як і гісторыка мастацтва, і жыхара гораду, і вандроўніка па сьвеце. Што лепей: у Менску жыць — ці бываць?
Харэўскі: Натуральна, жыць. Я, напрыклад, не хацеў бы жыць у Рыме. Мне было б вельмі цяжка жыць у Бэрліне. Я разумею, што гэтыя гарады могуць падабацца. Але я толькі ў Менску, як сказаў паэт, на радзіме.