Пасьля выпускнога

Таня Скарынкіна

Дзякуй богу, што Віця і гэтым разам не падвёў.

Віця, найлепшы вучань клясы, прывёз віскі зь Менску. І не абы які, а «Джэк Дэніелс» літровы. Я наўмысна глянула, калі мы на другі дзень пілі кактэйлі зь сяброўкай Зояй, колькі каштуе «Джэк» у кафэтэрыі. Мільён за бутэльку! Гэта значыцца, кілішак стограмовы — 100 тысяч. А мы іх на вечары выпускным пілі, не лічылі. Ну, тыя, канешне, хто піў віскі. Бо амаль усе хлопцы-аднаклясьнікі па звычцы на гарэлку налягалі. Трыццацігодзьдзе заканчэньня школы сьвяткавалі ў рэстаране. Шмат каго выратаваў «Джэк» ад цяжкога пахмельля назаўтра, я так думаю. Мяне дык адназначна. Бо прачнуцца пасьля выпускнога юбілею і адчуваць сябе амаль у норме — гэта дзіва і радасьць. Пасьля трыццатага заканчэньня школы мяне крыху хістала па кватэры, і можна было лёгка схіліць у любы бок, што і зрабіла мама. Мама патрабавала справаздачы. Я прынесла ёй рэшткі рэстараннай ежы, якую грэбавалі браць аднаклясьнікі, бо не жылі ў Эўропе. А ў Эўропе ня сорамна забіраць тое, што не даеў. Аплачана ж. Мама ела мясное асарці, а я, разваліўшыся ў фатэлі, справаздачыла. Я шчыра дзялілася ўспамінамі пра падзеі вечара, то з жахам, то са сьмехам паступова вымаючы іх з дурнаватай усё ж галавы: хто быў у што апрануты, якая закусь на сталах, якія школы разам з намі балявалі ў «Віліі» (так называецца самая старая рэстарацыя ў Смаргонях), і ўсякае такое. Калі я дэтальна пра ўрачыстасьць распавяла, пакінуўшы за межамі сёе-тое, якое толькі найлепшай сяброўцы можна расказаць, і тое на вушка, мама ўспомніла пра сваё трыццацігодзьдзе:

*

— Мы трыццацігодзьдзе выпуску таксама ў «Віліі» адзначалі. Там небальшы зальчык быў налева ад глаўнага ўвахода.

— Ён і цяпер ёсьць.

— Усе 45 чалавек памясьціліся. Два класы «А» і «Б». Як і вы. Тут заходзіць да нас крупны такі мужчына, як гара, у наш зальчык. З Валгаграда камандзіровачны. Прыгласіў на танец меня. Дамой правадзіў. Нескалька дней мы ўстрачалісь, пака не ўехаў. У рэстаран вадзіў.

— А пасьля што?

— Ну, а што? Не было мне зь ім, як бывае з кім, уютна. Дажэ еслі не ухажор. Не было ўютна.

— Памятаю здымак зь вечару твайго. Каля школы вы стаіцё. Ты ў вэлюравай бярэтцы вішнёвай.

— Так. Я надта любіла яе!

— Але нейкія вы значна старэйшыя за нас.

— Дык у вайну ж не вучыліся. Нам па 50 гадоў недзе было ў 30-гадовы юбілей. Але шмат хто прыехаў. Там і Таня была, каторая сядзела з-за Лапіцкага. Яна з паралельнага класа была. Я з «А», а яна ў «Б» вучылася. З Вільнюса прыяжджала на юбілейны выпускны. Пела на вечары раманс красівы.

*

Унутры нешта ёкнула. Лапіцкі! Размова паварочвала ў нечаканы бок, і я леапардам, нягледзячы на постпахмельны стан, кінулася па асадку і сшытак.

*

— А як прозьвішча яе? — пытаюся ўжо зусім не расслабленым, а працоўным рэпарцёрскім тонам.

— Юшкевіч. Таню забралі з урока. Пасьля ўрока было нешта такое непанятнае. Як табе аб’ясьніць...

— Напуганыя вы былі?

— Напуганыя. Ёжыліся ўсе.

— Вы ня зналі, каго менавіта ўзялі?

— Зналі. Чаму ня зналі? Суседнія ж класы. Яны ў гражданскім прышлі за Таняй. Яны не хадзілі ў форме. Сказалі адзецца, і яна з сумкай пайшла за імі.

— Жудасна. Заходзяць два незнаёмцы на ўрок, забіраюць дзяўчынку і ўсё.

— І яна ж панімала за што. Мы дык ня зналі.

— Ты бачыла гэтыя лістоўкі, за якія іх пасадзілі?

— Чула пра іх. Але пакуль іх не арыштавалі, ніхто ня знаў, што гэта школьнікі рабілі.

— Нехта ж данёс на іх.

— Таня, работа такая. Ім трэба было шукаць. Сястра Тані — Тамара — таксама была сасланая з-за гэтых лістовак. Яны обе красавіцы былі. Пелі добра. Адзяваліся са ўкусам. Таню я помню на танцах, калі яна вярнулася з лагераў. Блузачка на ёй паплінавая белая. Юбка чорная. Туфлі-лодачкі. Фігура тоненькая. Арцістка!

— На ейнай зьнешнасьці не было адбіткаў лягернага жыцьця?

— Не! Не! Яна прыйшла на танцы і, панімаеш, яна была... Знаеш, бывае, другія адзенуцца ў такое во, як у яе, але на іх ня відна, дажэ моднае. А гэта Таня... Юбачка і блузачка спарціўная белая. І ня нада больш нічога. Волас падкручаны. У ейнай сястры Тамары моцна валасы самі па сабе віліся, Таня дык падкручвала... А ў той дзень, пасьля гэтага, як забралі Таню, такая напружаная цішыня стаяла ў школе. Ніхто нічога не казаў. Але ўсе зналі, нешта страшнае тут случылася. Я толькі, панімаеш, як прадстаўлю, як гэта было. Іх вязьлі на самы север. У такі холад. У Верхаянск.

*

Пагугліла. Сапраўды, холад:

«Верхоянск — самый холодный город в мире. Самая низкая температура: −67,8 °C была зарегистрирована в феврале 1892 года. Верхоянск часто называют Полюсом холода северного полушария».

— А там, расказваў Тадзік, ім у вочы капалі нешта, каб сьлеплі, — працягвае мама.

— Поўнасьцю сьлеплі? Яны ж там працаваць мусілі.

— Не, каб зрэніе порцілася.

*

Тадзік, Тадэвуш Хацілоўскі — родны брат мужа цёці Марыі — мамінай роднай сястры, быў таксама арыштаваны па «справе Лапіцкага». Трэба будзе цёцю Марыю пра Тадзіка распытаць.

Але час класьціся. Ды ня сьпіцца нешта. Перажываю тыя страшныя падзеі, супакоіцца цяжка ад іх. Сяджу на канапе, разглядаю ў тупым задуменьні куртку сэкандную, у якой толькі што курыла на бальконе. Куртка файная, дызайнэрская італьянская з натуральнай скуры, рукавы — футра можа нават шыншылы і стаячы каўнер з футра таксама. Паблісквае у футры каўняра медная кнопка, на якую ён зашпільваецца. Я ўпершыню за два гады носячы куртку разгледзела на кнопачцы літары. Чытаю: Fiocchi ITALY. Набіраю ў пошукавіку:

*

«Fiocchi Munizioni (Fiocchi Ammunition) — один из старейших и крупнейших итальянских производителей боеприпасов. В течение своего существования компания производила всевозможные типы боеприпасов, начиная со шпилечных патронов, дроби, картечи вплоть до патронов кольцевого и центрального воспламенения. В 1903 году для коммерческого использования отходов от производства боеприпасов было организовано подразделение Fiocchi Snaps, которое занималось производством кнопок и мелкой галантереи».

*

Мне ажно млосна зрабілася. Ну ты падумай — нават кнопка на куртцы для курэньня нагадвае пра нявінна застрэленага Расьціслава. Як кажа адна мая сяброўка: «Галоўнае — не звар’яцець». Карацей, размовы пра не такія ўжо далёкія страшныя падзеі і кнопка, вырабленая з баявога патрона, мелі наступствам жудасны сон:

*

Быццам у цемры спрабую зачыніць кладоўку. Я баюся кагосьці чорнага ў кладоўцы. І ведаю — страх не павінен спраўдзіцца. Бо і раней баялася гэтага чорнага. Бо ў гэтым сьне я ўжо бывала ня раз, і нічога не здаралася. Баялася, зачыняла і клалася спаць. У сьне. Вось і цяпер. Думаю, будзе як заўсёды. Выключаю сьвятло і рукой па сьцяне шукаю, каб зачыніць кладоўку, нават зачыняю. Але са страху ад мамінага расповеду, напэўна, зблытала пасьлядоўнасьць рухаў. Замест таго, каб зачыніць кладоўку і выключыць сьвятло, выключыла і толькі потым зачыніла. Гэта была недаравальная памылка. Зь цемры вырасла цямнейшая за цемру чорная фігура і пачала душыць. Я верашчу немым голасам, прыкладна так, як гераіня Наомі Ўотс у фінале стужкі «Малхоланд Драйв» Дэйвіда Лінча. Дачка глядзела днямі. Я зазірнула ў экран — з Наомі адбывалася прыкладна тое, што са мной у сьне. І каб пазбавіцца ад кашмару, яна застрэлілася. А я ўпарта спрабавала выратавацца. Клічу нема на дапамогу, надрываюся з усёй моцы — голасу ня маю. Нейкія сіпы, хрыпы. Ведаю, што людзі ў суседнім пакоі мірна п’юць гарбату. І ўдвая крыўдна гінуць у спальні ўласнай кватэры. Вось тут за два крокі мірнае жыцьцё, і табе яно недаступнае. Чысты Кафка. Памятаю, чорны душыцель быў у чорнай кепцы сталінскіх часоў, у такіх заўсёды гэбэшнікі ў кіно ходзяць. І тыя, каторыя забіралі Расьціслава лютаўскай ноччу, маглі быць у гэткіх кепках. Цяпер, калі пішу, таксама люты.

*

Перад арыштам Расьціславу Лапіцкаму таксама сьніўся кашмар, «быццам гадзюка ўспаўзла на столь i выкручваецца там, а малыя гадзючаняты сыплюцца адтуль на падлогу». У кніжцы «Як пошуг маланкі» Міхася Чарняўскага сон Расьціслава мацней за увесь тэкст на гады ўрэзаўся ў галаву. І тое, што Лапіцкі «дэманстратыўна насіў на лацкане пінжака значок з галавой сабакі, дражнячы мясцовых камсамольцаў».

*

Назаўтра цёця Марыя прыйшла на абед. Быццам адчувала, што яна мне патрэбная да сьмерці. А можа і адчувала. Тая самая цёця, родны брат мужа якой — той самы Тадзік, які разам з усімі паплечнікамі Лапіцкага быў сасланы ў Сыбір. Я пытаюся:

— Цёця Марыя! А што вы ведаеце пра арганізацыю Лапіцкага? Дзядзя Тадзік там жа быў.

— Таня! Якая арганізацыя?! Начыталіся дзеці «Маладой гвардзіі» і прыдумалі сваю гульню ў герояў.

— Але ж дзядзя Тадзік не прымаў удзелу ў іхных справах, я чытала.

— А хто там прынімаў?! Дзецкая забава была! Лістоўкі разнасілі і ўсё. Але ня знаю ні сколькі Тадзік сядзеў, ні дзе. Нічым табе не памагу.

— А хто можа ведаць?

— Сястра яго жывая — Ірка. На Прагрэсіўнай вуліцы жыве.

*

І дала мне хатні нумар тэлефона. І я пайшла ў краму па ежу. Раптам бачу ля прыпынку па дарозе — Ніна. Дачка той самай Іры, Тадзікавай сястры. І тэлефанаваць ня трэба. Сто гадоў ня бачыла, а тут стаіць, нікуды не сьпяшаецца, балаболіць зь некім захоплена. Я сумленна Ніне паведаміла, што менавіта патрэбна мне ад ейнай мамы.

*

Сяджу насупраць Тадзікавай сястры — Ірыны Альбэртаўны. Яна пасьля інсульту, але выразна і падрабязна расказвае пра старэйшага брата:

— Тадзік вучыўся ў школе і работаў па вечарах памочнікам кінамяханіка ў Доме культуры. Езьдзіў у Вілейку за лентамі. За фільмамі. В тот раз ён таксама за імі паехаў і абратна с поезда па Камсамольскай вуліцы ідзёт. Встрэчае этага Лапіцкага. І гаварыт Тадзік: «Куда ты ідзёш?» Лапіцкі гаварыт: «Меня ўжэ закалебалі зьдзесь. Паеду ў Астравец. А ты што?» «А я во вязу ленты». Усё. І ўся между імі сьвязь.

— Выходзіць, нехта бачыў іх разам?

— Выходзіць, так. І стукануў. І ён прыехаў, прывёз эці ленты. А яго назаўтра ўзялі. І радзіцелі большэ яго ня відзелі.

— Дажэ не далі прасьціцца з бацькамі?

— Какое прашчаніе?! Нікакова прашчанія! Патом мама вазіла ў Вілейку цёплыя вешчы, кагда сказалі, што пашлюць яго па этапу. І ўстрэціцца не далі. А эта на 35 лет адпраўлялі хлопца, як дзекабрыста, на катаргу. Па ідзее, яна магла яго больш ня ўбачыць ніколі. Выдзержы ты 35 лет ждаць...

— Колькі яму гадоў тады было?

— 17. Са Смаргоняў скора ў Вілейку перавязьлі ў цюрму. Мама езьдзіла, пасылкі яму вазіла. А патом ужэ ў Вілейке судзілі. І на Сібір. Прывезьлі іх, гаварыў, сьнег, дзярэўя. Ні дамоў, ні палатак. Скінулі с поезда іх і усё, як хочаце. Яны давай сьнег капаць, спратацца хоць ад мароза нямнога. А патом валілі лес, пастроілі баракі сабе. Нары ў тры ярусы зьдзелалі. Гаварыт, кагда былі адні палітзаключонныя, то нікакога вараўства не было, нічога такога, жылі дружна, а патом прывязлі ўгалоўнікаў. І началіся кражы, убійства, ізьдзевательства. Патом іх ужо да таго давялі ўгалоўнікі, што ані паднялі васстаніе, узбунтаваліся ўсе. І іх у другое места перавязьлі. Вот такое было дзела.

— Як іх там кармілі?

— Елі такую пахлёбку какую-та з крупы ці мукі. Там былі павары, ім давалі. І была медсанчасьць. Тадзік ад работы цяжолай і ад пітанія плахога аслаб саўсем. Ня мог хадзіць. Харашо, што там быў врач адзін, паляк. Тадзік папаў у бальніцу да яго. Врач яго начаў лячыць, паддзержываў. Патом дажэ можна было яго адпусьціць ў лагер апяць, а врач яшчэ дзяржаў нямнога, каб укрэпіўся ён. Ну, а пасылкі можна было пасылаць у год два раза, толька па 8 кілаграмаў. Мама пасылала яму.

— Колькі ён там прабыў?

— 5 лет. А давалі 25 лет лагероў і 10 лет — бяз права вазврашчэнія на родзіну. Толька за тое, што паразгаварываў. Во якая власьць была! Тагда ж такое врэмя было — дома баяліся разгаварываць. Бо сьцены слышат. Я помню мама з папам, есьлі какой вапрос абсуждалі, што-та гаварылі пра Тадзіка там, так яны ноччу шопатам, каб ніхто ня чуў, дажэ зь дзяцей. Да таго ўсе баяліся.

— А калі Тадзік вярнуўся, моцна зьмяніўся?

— Ня помню. Калі яго забіралі, я зусім малая была. Помню толькі, што вярнуўся ў марце. У той дзень ў нас быў кружок па астраноміі. Мы на зьвёзды на небе глядзелі. І я з такой радасьцю прыбягаю вечарам са школы. Ужэ цёмна, і з парога: «Ой, какія я відзела звёзды ў целескоп!» А мама гаварыт: «Тадзіка ты там ня відзела?» Я гавару: «Не!» Тут гляджу, Тадзік на печы ляжыт — грэецца. Помню такой вот мамент.

— Хутка ён уваўшоў ў жыцьцё звычайнае?

— Ён сразу пайшоў работаць. Толькі начаў работаць, можа года не прайшло, яго забралі ў армію. Служыў у авіяцыённых вайсках. У Латвіі. Як так, дык враг народа. А тут у авіяцыю паслалі.

— А была яму кампэнсацыя якая-небудзь за тое, што быў несправядліва асуджаны?

— Пры савецкай власьці нічога не давалі, а ў перастройку, точна помню, далі мяшок сахара.

*

Ужо пасьля Іры заходжу да мамы, бо Іра прасіла маме прывітаньне перадаць. І мама ўспамінае важную дэталь. Успамінае Ванду Баран:

— Любоў была ў іх з Лапіцкім. Яны, наверна, у адным класе вучыліся. Мы не абшчаліся з Вандай. Яна старшая была. На вечарах яны былі ўсягда ўдваіх. Ванда была красавіца: і роста, і ўсяго было там. Не замеціць яе няльзя было. І адзета ўсягда скромна. Нічога не напялена. Не было гэтай безукусіцы, як ёсьць у людзей многа. І галава ідзеальная — назад усё гладка прычосана. Ліцо красівае, лоб высокі, пазвалялі ёй гэта ўсё. Яна мне Быстрыцкую напамінала. Артыстку, якая ў «Ціхім Доне» Аксінью іграла.

— Але Ванда не была ў кампаніі Лапіцкага. Не арыштавалі ж разам з усімі. Я чытала ў сьпісе з 19-ці чалавек яе прозьвішча няма, — удакладняю.

— Значыт, не пасьвяшчаў ён яе. Не хацеў ўцягіваць. Помню, яны жылі па уліце Інтэрнацыянальнай, Бараны гэтыя. Многа іх сясьцёр, ніводнага брата, а бацька Ванды шыў туфлі дзевіч’і, жэнскія. Тагда ж у магазінах нічога не было. Я туфлі ягоныя насіла, і сястра Яня, і зь Перавозаў Зося, і старшая Зосіна сястра. Помню гэтыя лодачкі. Красівая такая мадэль. І каблучок такі нармальны.

— Дома ў сябе шыў?

— Да, дома. Гэта ўжо, як шыў Баран — гэта было капітальнае. Панімаеш? Баран — гэта былі туфлі!

— А Лапіцкага ты зусім ня помніш?

— Ня надта. Помню, што любоў была ў іх з Вандай, што яна была надта красівая. Памярла пару гадоў таму. І ён быў красівы. Заметны, як і яна. Мала ёсьць заметных і сільна красівых.

— Красівых мала, — падтакваю, разумеючы, што гісторыя канчаецца і пытацца больш няма пра што.

— Мала. І некрасівых мала. Ёсьць срэднія, в аснаўном. Абычныя ўсе такія, — падводзіць мама нечаканы вынік.

Фоткі:

Мама ў вішнёвай бярэтцы і акулярах – трэці рад, справа. Таня Юшкевіч побач з мамай у сьветлым плашчы.

Тадзік у белай кашулі – справа. Эдзік, ягоны малодшы брат і мой дзядзя, і цёця Марыя – зьлева.