Ці варта баяцца «чалавека ў спадніцы»? 

Наколькі няроўныя беларусы і беларускі ў грамадзкім жыцьці? Індэкс гендэрнай роўнасьці Беларусі — паміж Швэцыяй і Савудаўскай Арабіяй? Хто больш вінаваты ў гэтай няроўнасьці — улада ці грамадзтва?

Тры пытаньні для трох аналітыкаў — Валера Карбалевіча, Віталя Цыганкова і Юрыя Дракахруста.


Карбалевіч: Лукашэнка, на выбарчым участку ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў у кастрычніку леташняга году заявіў: «Прэзыдэнт у нашай краіне займаецца многімі пытаньнямі — ад бясьпекі да эканомікі, якія чалавек у спадніцы пакуль, напэўна, ня зможа выконваць». У іншай краіне гэткая заява публічнага чалавека выклікала б хвалю абурэньня, найперш, сярод жанчын. Фэмінісцкія ці жаночыя арганізацыі пацягнулі б такога дзеяча ў суд. І ўвогуле, такі палітык страціў бы жаночыя галасы на любых наступных выбарах і вымушаны быў бы пакінуць палітычнае жыцьцё. У Беларусі нічога падобнага не адбылося. Як вядома з сацыялягічных апытаньняў, беларускія жанчыны зьяўляюцца большымі прыхільніцамі Лукашэнкі, чым мужчыны.

Валер Карбалевіч


Наколькі патрыярхальнае беларускае грамадзтва ў стаўленьні да жанчын? З аднаго боку, здаецца, што не. Жаночая занятасьць у Беларусі, як у любой краіне, якая перакрочыла індустрыяльны этап, вялікая. Сфэра адукацыі, мэдыцыны трымаюцца пераважна на жанчынах. Доля жанчын сярод дэпутатаў і парлямэнту, і мясцовых саветаў — на эўрапейскім узроўні. У Беларусі адзін з самых высокіх у сьвеце узроўняў распаду шлюбаў — каля 40%, што таксама ніяк ня сьведчыць пра патрыярхальнасьць грамадзтва.

Меншасьць беларусаў і беларусак бачаць жанчыну на пасадзе прэзыдэнта.


Зь іншага боку, вобраз, намаляваны Лукашэнкам, жанчына — гэта «чалавек у спадніцы» — даволі дакладна адлюстроўвае стаўленьне значнай часткі насельніцтва да жанчыны, асабліва ў ролі палітыка. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што толькі меншасьць беларусаў і беларусак бачаць жанчыну на пасадзе прэзыдэнта. Увогуле, на высокіх пасадах жанчын няшмат. Вось ва ўрадзе толькі тры жанчыны: віце-прэм’ер Качанава і два міністра — Шчоткіна і Ананіч. Ды і тыя апошнім часам найбольш трапляюць пад шквал крытыкі ў сацыяльных сетках. Дык якое месца ў грамадзтве займае жаночае пытаньне?

Дракахруст: Прыгадаю анэкдатычны адказ колішняга прэм’ер-міністра Расеі Віктара Чарнамырдзіна, калі яго спыталі: чаму у вас ва ўрадзе так мала жанчын? Ён адказаў: не да іх было.

Юры Дракахруст


Калі казаць сур’ёзна, то гендэрныя праблемы ўсё ж не зьяўляюцца самымі вострымі, самымі надзённымі для беларускага грамадзтва. Ад вострага сацыяльна-эканамічнага крызісу церпяць усе.

Што да палітыкі, то можна прыгадаць выказваньне Лідзіі Ярмошынай, якая сама жанчына і сваім досьведам абвяргае гэты вобраз «чалавека ў спадніцы», у якога прызначэньне — кухня і дзеці. Яна казала, што няма чаго жанчынам шастаць па мітынгах, трэба сядзець дома і боршч варыць. Я думаю, што і Лукашэнка, і яна агучылі меркаваньне значнай часткі беларускага грамадзтва.

Але тут ёсьць свае «але». Напрыклад, вядома, што высокая доля жанчын у палаце прадстаўнікоў — гэта прамы загад Лукашэнкі. Таго ж самага Лукашэнкі, які казаў, што «чалавек у спадніцы» дзяржавай кіраваць ня можа.

Карбалевіч: У Эўропе таксама ёсьць квоты і ў парлямэнт, і ва ўрадавыя ўстановы наконт жанчын.

Высокая доля жанчын у палаце прадстаўнікоў — гэта прамы загад Лукашэнкі, які казаў, што «чалавек у спадніцы» дзяржавай кіраваць ня можа.

Дракахруст: Я сумняюся ў гэтым. Што да Беларусі, дык я адмыслова цікавіўся — у Вярхоўным Савеце 12 і 13 скліканьняў, калі доля жанчын не рэглямэнтавалася, яна складала 4.5%. Таму тут улада аказалася больш фэмінісцкай, чым насельніцтва. Пра тое, што Беларусь — не Савудаўская Арабія, сьведчыць вылучэньне кандыдата-жанчыны ў прэзыдэнты, якая дайшла да фінішу, атрымала ладную частку галасоў. Цікава, што яна сама не выступала з фэмінісцкіх пазыцый, нават акцэнту на праблемах становішча жанчын не рабіла. І грамадзтва ўспрымала яе даволі арганічна, не фіксуючыся на яе полавай прыналежнасьці.

Цыганкоў: Мне здаецца, што на фоне іншых постсавецкіх краін, нават тых, дзе зараз перамагаюць эўрапейскія каштоўнасьці, Беларусь у гендэрным пытаньні зьяўляецца больш сучаснай і прагрэсіўнай. Я маю на ўвазе Грузію, дзе я быў і чуў ад жанчын-журналістак, якое патрыярхальнае грузінскае грамадзтва. Яны прыводзілі канкрэтныя прыклады. Там вельмі моцная сувязь з царквой, фактычна жанчына ня можа разьвесьціся без дазволу царквы. Ва Ўкраіне ў ток-шоў на ТБ дапушчальныя такія сэксісцкія жарты, якія ў Беларусі проста ня пройдуць.

Карбалевіч: А як жа фэномэн Юліі Цімашэнкі?

Цыганкоў: Гэта варыянт Маргарэт Тэтчар, калі жанчына прадстаўляе не «чалавека ў спадніцы», а «чалавека ў штанах» — то бок, жанчыну зь ярка выражанымі мужчынскімі палітычнымі якасьцямі. А вось стаўленьне да жанчыны ва Ўкраіне, сучаснай дэмакратычнай дзяржаве, на думку ўсіх дасьледчыкаў гендэрнага пытаньня, горшае, чым у Беларусі.

Віталь Цыганкоў


Тут Беларусь, як мінімум, не зьяўляецца аўтсайдэрам. Існуе думка, што калі ў Беларусі аўтарытарызм, дыктатура, дык у ёй павінна быць усё кепска ва ўсіх сфэрах жыцьця. Але сапраўды аўтарытарная краіна Беларусь у гендэрным пытаньні выглядае лепш за некаторыя іншыя краіны Эўропы.

Гендэрнае нераўнапраўе ёсьць, але яно існуе дзякуючы ня столькі законам і рашэньням уладаў, колькі традыцыям грамадзтва. Памятаю, у дыскусіях у Фэйсбуку прыводзілася думка, якая падавалася як аксіёма: за адну і тую ж працу жанчынам у Беларусі плацяць менш. Але няма такога факту, гэта ілюзія. Ёсьць тое, што сапраўды мужчыны зарабляюць больш, але гэта выкліканае тым, што яны працуюць больш на высокааплочваемых працах. Калі жанчына банкір, а мужчына настаўнік, то жанчына зарабляе больш. Але часьцей банкірамі, кіраўнікамі ёсьць мужчыны — гэта гістарычнае нераўнапраўе. Нідзе няма ў Беларусі такой інструкцыі, што, напрыклад, за журналісцкі матэрыял жанчыне плацім адно, а мужчыну іншае.

Гендэрнае нераўнапраўе ёсьць, але яно існуе дзякуючы ня столькі законам і рашэньням уладаў, колькі традыцыям грамадзтва.


Жанчыны самі не павінны здымаць зь сябе адказнасьць за сытуацыю з гендэрным пытаньнем. Бо стала агульнай нормай абвінавачваць кагосьці, а не глядзець на сябе. Як калі б беларусы масава загаварылі па-беларуску, ніякая ўлада не забараніла б ім гэтага. Калі некаторыя жанчыны мараць толькі аб тым, каб выйсьці замуж за багатага і не працаваць, то ў гэтым не адны мужчыны вінаватыя. Калі некаторыя маюць больш стрыманыя, сьціплыя паводзіны і ня хочуць вылучацца на нейкія пазыцыі, няхай мужчына займае — то гэта справа псыхалёгіі, а не дыскрымінацыі.