5 сакавіка вытворчае аб’яднаньне «Гомсельмаш»працуе апошні дзень перад чарговым калектыўным адпачынкам. З наступнага тыдня адміністрацыя выпраўляе ў вымушаны адпачынак 90 адсоткаў камбайнабудаўнікоў — гэта каля 13 тысяч рабочых і спэцыялістаў.
Старшыня прафкаму «Гомсельмашу» Пётр Ахраменка заявіў у СМІ, што арганізаваць працу заводам пакуль што немагчыма фактычна ва ўсіх цэхах — адсутнічаюць матэрыяльныя рэсурсы, і найперш камплектуючыя вузлы й сыстэмы. Таму прадпрыемствам выгадней адпусьціць людзей у адпачынак, часткова заплаціць за яго, чымсьці імітаваць працу цэхаў і несьці выдаткі на іх ацяпленьне ды асьвятленьне.
У «Гомсельмашу» цяпер проста бракуе грошай — даўгі ёсьць, а выручкі належнай няма. І дэбіторская запазычанасьць па цяперашнім часе проста астранамічная ў пераліку на цьвёрдую валюту — каля 150 мільёнаў даляраў.
У мінулым годзе «Гомсельмаш» ужо трапляў у падобную сытуацыю — працаваў па тры-чатыры дні на тыдзень. У ліпені, калі набліжаліся прэзыдэнцкія выбары, Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ дзеля стабілізацыі фінансава-гаспадарчай дзейнасьці найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі — МТЗ і холдынгу «Гомсельмаш». Дапамога хольдынгу «Гомсельмаш» пайшла праз эмісію дзяржаўных аблігацыяў на суму да 425,8 мільёна даляраў.
Праз паўгоду “Гомсельмаш” зноў апынуўся ў складаным фінансава-гаспадарчым становішчы.