Гарадзенец Анатоль Кулікоў аздобіў сьцяну свайго дома глінянай лепкай, на якой знакаміты малюнак Мацея Цюнта з выявай Горадні ХVI стагодзьдзя.
Анатоль Кулікоў, пэнсіянэр і бізнэсовец, прызнае, што копія магчыма не зусім дакладная. Але кажа, што малады майстар, які рабіў гэтую лепку, вельмі стараўся і праца яго вельмі цешыць. На гербе ў цэнтры гравюры зьмясьцілі ініцыялы гаспадара дома.
«Я вельмі люблю і шаную гісторыю свайго горада і сваёй краіны і здаўна ёй цікаўлюся. І мне б вельмі хацелася, каб мае дзеці ды і ўсё іх пакаленьне найперш ведалі нашу гісторыю, пранікліся ёю, каб гэта было для іх нечым сьвятым.
Мы, калі пачалі адбудоўваць яшчэ дзедаў дом, то ўжо тады з жонкай шукалі, як бы нам нешта зрабіць арыгінальнае. Мне ў той час патрапіўся артыкул у інтэрнэце аб тым, што гарадзенскія ўлады не змаглі набыць на адным з аўкцыёнаў у Эўропе арыгінал гравюры Мацея Цюнта з выявай Горадні XVI стагодзьдзя. Цана арыгінала 1568 года складала 40 тысяч даляраў і горад ня змог гэтага зрабіць. Зрэшты, я таксама ня змог бы гэтага зрабіць сам, але гэты выпадак мяне вельмі ўзбудзіў і вось рашэньне прыйшло: у нашай хаце будзе копія гэтага ўнікальнага малюнка.
«А як да вашай ідэі паставіліся вашыя дзеці, жонка...».
«Дзеці маюць на гэта свой пункт погляду і нават казалі, што я з хаты раблю музэй, а, маўляў, у людзей па-іншаму. Хаця апошнім часам бачу, што яны часьцей паглядваюць на нашу сьцяну. А жонка падтрымала маю ідэю адразу, яна — стыліст і ёй вельмі ідэя спадабалася. Дарэчы, мая жонка расейка, але нашай гісторыяй вельмі праніклася і патрыётка Беларусі большая за многіх беларусаў».
«А вось такая сьцяна з музэйнай выявай — яна не надакучвае ў жылым памяшканьні?»
«Ведаеце, я сам не чакаў, але мы з жонкай увечары найбольш любім
Пусьціце Гісторыю ў свой дом, яна вам ніколі не надакучыць
цяпер сесьці побач і глядзець на яе. Яна нібы нечым грэе, мы знаходзім тут кожны раз нешта новае. Я многім кажу: пусьціце Гісторыю ў свой дом, яна вам ніколі не надакучыць».
«А вы сустракалі нешта падобнае ў сваіх сяброў ці знаёмых у хаце?»
«Не, не сустракаў, але і маім сябрам і суседзям ідэя спадабалася. Дарэчы, гэта каштуе не такіх ужо і вялікіх грошай, але зьмяняе ваша жыльлё да непазнаванага. Ды і, ведаеце, сам адчуваеш нібы захоўваеш гэту гісторыю для нашчадкаў. Раю ўсім падобныя рэчы ў дом, яны робяць яго іншым.
«А які ваш улюбёны пэрыяд беларускай гісторыі, у які час хацелася б патрапіць, пажыць?»
«Я люблю гартаць Статут ВКЛ, чытаць яго цікавей чым мастацкую літаратуру. Больш таго, я сам былы міліцыянт і прыходжу да высновы, што ў той час людзі мелі больш правоў, ім было лягчэй зарыентавацца. Мы цяпер, як правіла, маем толькі абавязкі, а пра правы можам пачуць толькі ў тэлебачаньні, але скарыстацца імі ў жыцьці далёка незаўсёды ўдаецца.
Канешне, хацелася б пажыць у часы росквіту Вялікага княства менавіта ў маёй роднай Горадні, хацелася б узысьці на замкавыя муры і паглядзець на той Нёман і хто па ім плыве, зайсьці ў гарадзенскія храмы, пагуляць проста па гораду... Але гэта так, мары...».
Копія гравюры спадару Анатолю на сьцяне ягонага дома абышлася ў 12 мільёнаў рублёў. А вось упершыню гравюра «Vera designatio urbis in Littavia Grodnae» (Сапраўднае апісаньне горада Горадні ў Літве) паводле гістарычных зьвестак была выканана Маціясам Цюнтам у 1568 годзе па малюнку Ганса Адэльгаўзера, які той зрабіў у ліпені 1567 года. На гравюры сцэна сустрэчы літоўскага маршалка Валовіча з маскоўскім пасольствам. На адваротным баку зьмешчана тэкставая інфармацыя пра горад.
У 1575 годзе гравюру Горадні ў некалькі спрошчаным выглядзе вырабілі Франц Хагэнберг і Георг Браўн. Яны зьмясцілі яе ў сваім «Атласе гарадоў сьвету». Ёсць і пазьнейшыя варыянты, яшчэ менш дакладныя і якасныя.