Наша і ваша «Ніва»

Беластоцкая Ніва. Рэдакцыя «Нівы» ў 1986 годзе. Сядзіць пасярэдзіне: Юры Валкавыцкі

Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Сяргей Навумчык, Валер Каліноўскі, Ян Максімюк.


Максімюк: Беларускі тыднёвік «Ніва» зь Беластоку сёньня адзначае 60-годзьдзе выхаду ў сьвет. Першы нумар выйшаў 4-га сакавіка 1956-га году.

Ян Максімюк

«Ніва» ўзьнікла на хвалі пасьлясталінскай адлігі, як орган Беларускага грамадзка-культурнага таварыства. Пасьля сьмерці Сталіна быў пэрыяд, калі партыйныя ўлады дайшлі да высновы, што ўсім тым нацыянальным мяншыням, якія тады існавалі ў Польшчы, варта мець і сваю арганізацыю, і свой прэсавы орган. Цікавосткай гэтага пэрыяду было тое, што стварэньне нацыянальных арганізацый адбывалася адначасова з абмежаваньнем дзейнасьці габрэйскай нацыянальнай мяншыні. Габрэі пасьля вайны мелі вельмі багатае культурнае і выдавецкае жыцьцё. Партыя вырашыла, што ўсе мяншыні павінны мець толькі адну сваю арганізацыю і прэсавы орган.

Партыя вырашыла, што ўсе мяншыні павінны мець толькі адну сваю арганізацыю і прэсавы орган.


Першы рэдактар «Нівы» — Юры Валкавыцкі. Ён меў прафэсійную адукацыю журналіста, працаваў на партыйнай пасадзе і атрымаў заданьне арганізаваць працу тыднёвіка. Валкавыцкі прабыў на гэтай пасадзе 30 гадоў. Зь ягоным імем зьвязаны практычна ўсе на той час дасягненьні беларускага руху ў Польшчы, таму што ў «Ніве» дэбютавалі ўсе нашыя пісьменьнікі і паэты. «Ніва» таксама ліквідавала непісьменнасьць на вёсках сярод старэйшых пакаленьняў, якія па-польску не пісалі і не чыталі. Гэта была народная газэта ў 1960-я гады, калі яшчэ жылі нашыя вёскі. Пад канец 1960-х наклад «Нівы» дасягаў 10 тысяч асобнікаў, што на такі невялічкі рэгіён, як Беласточчына, было вялікім дасягненьнем.

«Ніва» выхавала беларускую нацыянальную эліту на Беласточчыне, як і пакаленьне студэнтаў 1980-х, якое прынесла новы павеў у беларускі нацыянальны рух.

У мяне такое ўражаньне, што савецкія ўлады амаль да канца БССР хавалі «Ніву» ад беларускага чытача. Таму маё пытаньне да вас, калегі, наступнае: у якіх абставінах вы асабіста сутыкнуліся з гэтай газэтай?

Сяргей Навумчык

Навумчык: Не прыгадаю, дзе дакладная яе бачыў, але гэта быў пачатак 1980-х гадоў. Але гэта ніяк не было зьвязана з «Майстроўняй» Вінцука Вячоркі, я ня быў яе актыўным удзельнікам. «Ніва» пісала пра тое, пра што БССРаўская прэса не пісала. Здаецца, гэта тычылася заходніх рок-гуртоў, і былі там яшчэ нейкія рэпартажы пра фальклорныя сьвяты. Гэта падавалася нф так кандова, як у беларускай прэсе. Камуністы, трэба сказаць, падтрымлівалі фальклор, але ён быў у вузкія рамкі заціснуты. А вось там я бачыў, што гэта ішло ад душы. Шкада, што ні ў часы БССР, ні цяпер, Рэспубліка Беларусь не падтрымлівае гэтае выданьне, як і іншыя нацыянальныя асяродкі за мяжой. Сёньня яны б і не прынялі дапамогу ад лукашэнкаўскай улады, але разважаючы глябальна, мэтраполія мусіць свае нацыянальныя меншасьці ў іншых краінах падтрымліваць.

Шкада, што ні ў часы БССР, ні цяпер, Рэспубліка Беларусь не падтрымлівае гэтае выданьне, як і іншыя нацыянальныя асяродкі за мяжой.


Каліноўскі: Я атрымаў першы раз нумар тыднёвіка «Ніва», калі пасьля першага курсу ў БДУ і службы ў войску пачаў працаваць у рэдакцыі раённай газэты ў горадзе Янаве Берасьцейскай вобласьці. Мне далі пачытаць гэтую газэту сябры, я захапіўся ёю, нават выпісаў і потым шмат гадоў чытаў. Гэта быў яшчэ савецкі час, ужо была перабудова і галоснасць, але тым ня меней газэта гэтая мяне ўразіла, яна была іншай. Беларуская мова ў ёй была іншай, тэмы былі іншымі, нават папера была больш якаснай і друкарская фарба пахла іначай.

Валер Каліноўскі

Гэта было як бы акенца ў іншую беларускую рэальнасьць, у іншыя праблемы, якія мелі беларусы ў Польшчы, праблемы нацыянальнай меншасьці. І мне гэта было вельмі цікава і сымпатычна.

На пачатку 1990-х я ўжо як карэспандэнт газэт «Чырвоная зьмена» і «Зьвязда» некалькі разоў наведваў Беласток у камандзіроўках, сустракаўся зь мясцовымі беларусамі, у тым ліку з рэдакцыі «Нівы», бываў на іх імпрэзах, вечарынах, канцэртах, браў інтэрвію, пісаў артыкулы пра іх жыцьцё. І натуральна, што я чэрпаў для гэтага інфармацыю зь «Нівы».

Беласточчына доўга ня зможа заставацца фарпостам беларушчыны, калі нацыянальнага адраджэньня і росту ня будзе ў самой Беларусі

Мяркую, што юбілей «Нівы» — нагода пагаварыць пра нацыянальныя праблемы беларускай меншасьці ў Польшчы, якая страчвае сваю ідэнтычнасьць. І тут мая галоўная думка палягае ў тым, што іх праблемы — гэта працяг праблем беларусаў мэтраполіі, калі беларусы далей інтэнсіўна русыфікуюцца, то яны ня могуць падтрымаць сваіх суродзічаў у Польшчы. У гэтым бяда, і думаю, што Беласточчына доўга ня зможа заставацца фарпостам беларушчыны, калі нацыянальнага адраджэньня і росту ня будзе ў самой Беларусі.

Навумчык: У чэрвені 1991-га году, калі я быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, разам з Анатолем Вярцінскім, які быў намесьнікам старшыні камісіі Вярхоўнага Савету па сродках масавай інфармацыі, быў у Беластоку некалькі дзён у гасьцях у «Нівы», сустракаліся з актывістамі і журналістамі. Калі вярнуліся, мы спрабавалі празь Вярхоўны Савет дапамагчы выданьню фінансава. На жаль, нічога ў нас не атрымалася. Што ня дзіўна — у той момант кожную тысячу рублёў нават для беларускіх выданьняў даводзілася выбіваць, тым больш нічога камуністычныя ўлады не хацелі чуць пра падтрымку меншасьці беларусаў, як яны лічылі, нацыяналістаў, па-за межамі СССР.