У Магілёве да Міжнароднага жаночага дня жанчынам-кіраўнікам сельскіх гаспадарак падарылі трактары. У афіцыйных паведамленьнях адзначаецца: трактары — гэта «сюрпрыз ад спонсараў».
Як увязваюцца трактары і міжнародны жаночы дзень, акрамя таго, што кіраўнікі гаспадарак жанчыны, не тлумачыцца.
Ключы ад 14 трактароў ўручылі жанчынам на ўрачыстасьці да 8 сакавіка, якую зладзілі на базе малочнага холдынгу «Бабушкіна крынка» Камітэт сельскай гаспадаркі і харчаваньня Магілёўскага аблвыканкаму і прафсаюз працаўнікоў аграпрамысловага комплексу.
«Сёлета шанаваньне жанчын не звычайнае. Тут прысутнічае 14 кіраўнікоў гаспадарак нашай вобласьці, якія прадстаўляюць цудоўны пол нашага чалавецтва. І сёньня ім на гаспадарку будуць уручаныя 14 трактароў», — пракамэнтаваў падарунак у рэгіянальным выпуску навін на тэлеканале Беларусь-1 дырэктар малочнага холдынгу «Бабушкіна крынка» Ігар Кананчук.
Намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў, у былым кіраўнік сельскай гаспадаркі, адзначае: Менскі трактарны завод знайшоў спосаб, як пазбавіцца затаваранасьці складу.
«Тое, што абласныя ўлады вырашылі павіншаваць жанчын, занятых у сельскай гаспадарцы, выклікае толькі пазытыўную рэакцыю», — зазначае партыец.
«Але што тычыцца самога падарунка — трактароў Менскага трактарнага заводу, дык у мяне меркаваньне адназначнае: абласныя ўлады вырашылі дапамагчы Менскаму трактарнаму заводу разгрузіць склады, — кажа Рыгор Кастусёў. — Дарыць тэхніку, якая ня мае збыту, як па мне, дык гэта зьдзек з тых людзей, якія потым будуць на іх працаваць. У сельскагаспадарчых прадпрыемствах тэхніка з маркай МТЗ не карыстаецца вялікай папулярнасьцю. Ведаю гэта з размоваў з кіраўнікамі гаспадарак. Тыя зь іх, якія стаяць добра на нагах, стараюцца купіць замежную тэхніку, бо ў айчынай зашмат праблемаў».
Летась на беларускіх складах не запатрабаваных пакупнікамі трактароў было больш за дзевяць тысяч. Экспэрты адзначаюць: для асноўных рынкаў збыту — Расеі і Ўкраіны — беларускія трактары задарагія. Акрамя трактароў маюцца праблемы і з продажам беларускіх грузавікоў ды зернеўборачных камбайнаў.