Днямі размаўляў з маладой калегай пра стэрэатыпы.
«Паэт — Пушкін, фрукт — яблык, — прыводзіла яна прыклады, — ну а актор — ...» — «Актор — Марчэла Мастраяні?» — апярэдзіў я. «Не, ды Капрыё» — паправіла мяне калега, даючы зразумець, што яна — чалавек XXI стагодзьдзя (а не ХХ, у якім заблукаў аўтар гэтых радкоў).
Словам, з Мастраяні я памыліўся.
А вось з Пушкіным крыху памылілася мая візаві. У тым сэнсе, што, хаця ён, безумоўна, застаецца паэтам, але ў сьвядомасьці расейцаў — ня зь ім найперш асацыюецца руская літаратура.
Расейская сацыялягічная служба «Левада-цэнтар» зрабіла апытаньне, прапанаваўшы 1600 рэспандэнтам у 137 населеных пунктах Расеі назваць, на іх погляд, «найбольш выбітных айчынных пісьменьнікаў». Што важна — падказкі не было, апытаныя самі называлі імёны пісьменьнікаў.
Дык вось, на першым месцы — Леў Талстой, на другім — Фёдар Дастаеўскі, на трэцім Чэхаў, а «наше всё» — Пушкін — толькі на чацьвёртым. У «дзесятку» увайшлі таксама Гогаль, Шолахаў, Булгакаў, Тургенеў, Горкі і Лермантаў.
Наступную дваццатку пачынае Салжаніцын, за ім — Купрын, Бунін, Някрасаў (які «Кому на Руси жить хорошо»).
А вось далей пачынаюцца нечаканасьці.
14-е і 15-е месца ў аўтараў дэтэктываў Данцовай і Акуніна. Яны апярэджваюць Грыбаедава і драматурга Астроўскага. Усе іншыя маюць 1-2 %, што, як тлумачаць аўтары дасьледаваньня, трапляе ў катэгорыю «статыстычнай пагрэшнасьці».
На 19-м месцы Набокаў, на 22 — Аляксей Талстой, на 23 — Шукшын, на 23 — Салтыкоў-Шчадрын. 33-е месца падзялілі аўтары «12 крэслаў» і «Залатога цяляці».
На 40 месцы — Пастарнак, на 41 — Пелевін, на 42 — Быкаў. За Быкавым ідуць яшчэ 53 аўтары, сярод якіх — Платонаў, Айтматаў, Чарнышэўскі, Даўлатаў, браты Стругацкія, Твардоўскі, Вайновіч, Гумілёў, Ламанасоў, Уліцкая, Чукоўскі ...
Але — за якім Быкавым?
У аматараў сучаснай рускай літаратуры папулярны Дзьмітрый Быкаў — аўтар раманаў, біяграфіяў Пастарнака і Акуджавы, эсэ і палітычнай сатыры ў выкананьні Міхаіла Яфрэмава («Гражданин поэт»).
Я патэлефанаваў у Маскву, у «Левада-цэнтар, і ў прэсавай службе мне пацьвердзілі, што гэта — Васіль Быкаў.
Менавіта Васіля Быкава жыхары Расеі пазначалі ў якасьці аднаго з «найбольш выбітных айчынных пісьменьнікаў».
«Але ж гэта — у межах статыстычнай пагрэшнасьці», — нагадала супрацоўніца «Левада-цэнтру».
Сапраўды, можна сказаць, што 1% — гэта вельмі мала.
А можна спраектаваць гэты працэнт на колькасьць насельніцтва Расеі — і атрымаецца амаль паўтара мільёна.
Можна абурыцца, што расейцы прысабечылі беларускага пісьменьніка Быкава, тым самым нібыта ўвогуле ігнаруючы існаваньне гэтай самай беларускай літаратуры.
А можна з задавальненьнем усьвядоміць, што наш вялікі зямляк стварыў такія творы, што іх хоча лічыць «сваімі» іншы народ — які, заўважу, уласную літаратуру вылучае як найвялікшае дасягненьне (праўда, пасьля балету і ядзерных ракетаў).
Галоўнае, каб мы памяталі, што Быкаў — наш.
І што ён у нас ёсьць.