Грамадзкая актывістка, пэнсіянэрка Ніна Багінская атрымала копію пратакола па выніках мітынгу індывідуальных прадпрымальнікаў, які адбыўся на Кастрычніцкай плошчы Менску 22 лютага.
Дакумэнт быў дасланы паштовым лістом, і ў ім паведамляецца, што актывістка «ўдзельнічала ў мітынгу», бо «выгуквала лёзунгі», у тым ліку «Жыве Беларусь».
У сапраўднасьці, Ніна Багінская прыйшла на плошчу падтрымаць дробных гандляроў не выгукваньнем лёзунгаў, а зь бел-чырвона-белым сьцягам у руках. Падчас акцыі супрацоўнікі міліцыі да яе не падыходзілі, а тым больш не складалі адміністрацыйны пратакол. Гэткім чынам, абвінавачаньне паводле адміністрацыйнага пратаколу аб удзеле ў несанкцыянаванай вулічнай акцыі Ніне Багінскай было выстаўлена завочна, а пратакол складзены безь яе пашпартных зьвестак. Адначасна, пра суд у справе прызначанага адміністрацыйнага правапарушэньня ў дасланым пратаколе ці іншых дакумэнтах не паведамляецца.
Гэтаксама копіі пратаколаў за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі атрымалі і палітычныя актывісты Павал Севярынец і Леанід Кулакоў, якія таксама прымалі ўдзел у мітынгу і шэсьці прадпрымальнікаў ў Менску 28 лютага.
На Ніну Багінскую завочна склалі пратакол за лёзунгі, якіх яна не выгуквала

Ніна Багінская стаіць са сьцягам на мітынгу прадпрымальнікаў