Ці прыме Беларусь сірыйскіх уцекачоў?

Мігранты і ўцекачы ў лягеры Ідамені ў Грэцыі 1 сакавіка 2016 году.

Ці зьменіцца стаўленьне эўрапейцаў да мігранцкага крызысу на фоне рэпартажаў пра сутычкі мігрантаў з паліцыяй ў Францыі і Македоніі?

Тры пытаньні да трох аналітыкаў: Уладзімер Глод, Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: За гэтыя дні адбыліся дзьве падзеі, якія могуць скарэктаваць стаўленьне эўрапейцаў да мігранцкага крызысу. У двух месцах — на мяжы Грэцыі з Макэдоніяй і у мігранцкім лягеры ў Францыі — адбыліся сутыкненьні мігрантаў з мясцовай паліцыяй. У Македоніі яны спрабавалі прарвацца праз мяжу, а ў Францыі аказалі супраціў паліцыі, якая, выконваючы рашэньне суду, спрабавала разабраць лягер уцекачоў, вядомы як «джунглі».

Масавая сьвядомасьць, у тым ліку і ў Эўропе, фармуецца ў пэўнай ступені дзякуючы карцінкам у СМІ. І калі ў пачатку крызысу пераважалі карцінкі мёртвага хлопчыка, які патануў у моры, ці відэакадры мігрантаў, якія маюць патрэбу ў цяпле і ежы, і выклікаюць найперш спачуваньне, то цяпер сюжэты, якія пераважаюць у СМІ, зьмяніліся. Усё часьцей мы бачым, як мігранты гучна пратэстуюць, прарываюць кардоны, уступаюць у сутычкі з паліцыяй.

Віталь Цыганкоў

Стаўленьне да мігранцкага крызысу ў эўрапейскай грамадзкасьці, палітыкаў і журналістаў відавочна зьмянілася за апошнія месяцы. Многія эўрапейцы пераканаліся, што некаторыя мігранты бягуць зусім не ад вайны — бо ад вайны яны ўцяклі ў Турэччыну і Лібан. Сьмешна казаць, што мігранты, якім не падабаецца ў Францыі, і якія хочуць трапіць у Брытанію — бягуць ад вайны. Здаецца, у Францыі ніякай вайны няма. Яны проста шукаюць лепшыя ўмовы жыцьця, гэта эканамічныя мігранты — многія зь якіх, дарэчы, зусім не зьяўляюцца грамадзянамі Сірыі ці Іраку, дзе сапраўды ідзе вайна. З цяперашняга мігранцкага крызысу менш за палову грамадзян Іраку і Сірыі, астатнія — выхадцы з іншых краінаў.

Ну а калі гэта эканамічная міграцыя, то адпаведна да яе і трэба ставіцца. Існуюць законныя, легальныя шляхі міграцыі, і імі трэба карыстацца.
Мне здаецца, што ў гэтай тэме будзе менш эмоцыяў, якія ў свой час перапаўнялі гэтую праблему, і больш практычнага стаўленьня да мэтадаў яе вырашэньня. На фоне такога стаўленьня эўрапейскім палітыкам будзе прасьцей прымаць больш жорсткія рашэньні.

Уладзімір Глод

Глод: Прыкладна тыдзень таму глядзеў рэпартаж з Кале, адкуль гэтыя людзі спрабуюць пераехаць у Брытанію. Там задавалі пытаньне чатыром людзям: «Чаму вы не хочаце заставацца ў Францыі, а хочаце пераехаць у Вялікабрытанію»? І толькі адзін сказаў, што ў мяне там ёсьць сваякі, хачу паехаць да сваякоў. Астатнія адно: там больш плацяць. Тут няма пра што весьці спрэчку.

Але мяне хвалюе іншае. У сакавіку адбудзецца вялікая сустрэча, пра якую ўжо абвешчана прадстаўніком Вярхоўнага камісара ААН па ўцекачах. Гэта будзе сустрэча прадстаўнікоў тых краінаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз. Дакладна абвешчана, што сярод удзельнікаў будзе і Беларусь. Тэма таксама абазначана: будуць прасіць гэтыя краіны, каб яны дапамаглі краінам Эўразьвязу, узялі трошкі ўцекачоў на сябе. Ужо вядома, што Беларусі прапаноўваюць узяць 50-100 сямей. Гэта, канешне, невялікая лічба. Але узгадваю Аляксандра Лукашэнку, які казаў: у нас зямлі хапае, а пракарміць мы можам 30 мільёнаў. Пакуль і дзесяці няма, дык 20 мільёнаў вольных месцаў! Як бы не атрымалася так, што і Беларусь можа стаць для некаторай часткі мігрантаў прывабным месцам.

Цыганкоў: Пакуль Беларусь занадта бедная для гэтага. Хацелася б, канешне, каб Беларусь стала прывабным месцам.

Юры Дракахруст

Дракахруст: Лукашэнка сапраўды гэта казаў, але запрашаў пры гэтым, наколькі я памятаю, людзей з Расеі, з Украіны, гэта значыць культурна блізкіх беларусам. У гэтым сэнсе стаўленьне беларусаў да мігрантаў іншай культуры ня надта спрыяльная. Калі беларусаў падчас апытаньняў пытаюцца, як яны ставяцца да цяперашняй міграцыйнай хвалі ў Эўропу, то большасьць зь іх адказвае, што Эўропе не варта было і ня варта зараз адкрываць гэтым уцекачам абдымкі. Мяркую, што нават «ручаёк» гэтай хвалі ў саму Беларусь будзе ўспрыняты даволі хваравіта. Можна прыгадаць даволі адмоўную рэакцыю беларусаў нават на пэрспэктыву прыезду ў краіну ладнай колькасьці кітайцаў.

Але, ня выключана, што беларускія ўлады ў межах гэтага «мядовага месяцу» з Эўропай нейкую невялікую колькасьць мігрантаў пагодзяцца прыняць, каб паказаць, што яны «ратуюць Эўропу».