Кайданкі на чыноўнікаў — «опіюм для народу»

Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Чаму ўлада робіць у СМІ гучную прапагандысцкую кампанію наконт неапраўданага росту камунальных паслугаў і іх магчымага зьніжэньня пасьля ўмяшаньня Лукашэнкі?

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Беларускае тэлебачаньне больш за палову часу ў выніковых перадачах тыдня прысьвяціла праблеме росту камунальных тарыфаў і пакараньня тых, хто гэта дапусьціў. Чаму гэта тэма стала такой важнай для дзяржаўных СМІ? Вядома, найперш ня таму, што дзяржаўных журналістаў так турбуе падаражаньне. Мы бачым, як іншыя падаражаньні ці ўвядзеньні новых падаткаў часам папросту замоўчваюцца дзяржаўнымі мэдыямі.

Відавочна, што гэтая тэма стала настолькі актуальнай толькі таму, што на яе зьвярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

«Значыць, надзеньце кайданкі тым, хто ня выканаў даведзеныя па маім загадзе тарыфы. Надзеньце і публічна пасадзіце дзясятак-другі чалавек. Усё стане на свае месцы, — заявіў Лукашэнка. — Тут павінен быць сьпіс, хто гэтую „балду“ прыдумаў. Хопіць зь імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плянуем, а яны робяць усё па-свойму».

Асабліва ўражвае, як хутка пасьля словаў кіраўніка дзяржавы знайшлі вінаватых і завялі справы супраць 13 кіраўнікоў камунальных службаў розных ўзроўняў. Прапагандысты любяць казаць, што ў Беларусі праваахоўная сыстэма не залежыць ад палітыкі. Але пакуль Лукашэнка не сказаў на нарадзе — не было ніякіх вінаватых. А заявіў, што трэба знайсьці і пасадзіць — то адразу знайшліся.

Ня ведаю, як шырокія масы насельніцтва будуць рэагаваць на гэтую піяр-акцыю. Зь іншага боку, калі за гэты месяц, за люты, людзі атрымаюць камунальныя разьлікі значна меншыя чым за студзень — то, вядома, многія зь іх успрымуць гэта менавіта так — вось Лукашэнка ўмяшаўся і цэны зьнізілі.

Адсюль некалькі высноваў. Па-першае, пытаньні рэйтынгу, пытаньні масавай падтрымкі па-ранейшаму важныя для Лукашэнкі. Бо казалі, што пры тым, як адбываюцца ў Беларусі выбары, маўляў, яму гэта ўжо ня важна. Але гэта ня так, рэйтынг і папулярнасьць па-ранейшаму застаюцца для Лукашэнкі важнай задачай.

І яшчэ адна выснова. Кажуць, што сфармавалася кляса намэнклятуры, са сваімі інтарэсамі. Але гэта гісторыя паказвае, што нейкай асаблівай палітычнай вагі намэнклятура ня мае, што кіраўнік дзяржавы па-ранейшаму лічыць, што іх трэба трымаць у чорным целе і пры нагозе выстаўляць хлопчыкамі для біцьця.

Валер Карбалевіч

: Дасюль у дыскусіях наконт пэрспэктыў эканамічнай палітыкі, у спрэчках аб рэформах ніяк ня ўдзельнічала насельніцтва, народ, абывацель. Калі вынесьці за дужкі пратэсты ІП (гэта асобны выпадак), то народ маўчаў, «безмолствовал», як пісаў Пушкін. Хоць ужо другі год падаюць рэальныя заробкі, людзей абкладаюць усё новымі паборамі, дэвальваваўся рубель, пагоршыліся ўмовы захаваньня банкаўскіх укладаў, нават заробкі затрымлівалі. Але ў краіне быў поўны палітычны штыль, ніякіх пратэстаў не было, калі не лічыць рэакцыю сацыяльных сетак. Было ўражаньне, што народу ў краіне няма. Таму ўлады мелі пэўную свабоду дзеяньня. Спрэчкі ва ўладных структурах наконт рэформаў ішлі ў камфортных умовах, былі акадэмічнымі, тэарэтычнымі. І толькі падвышэньне камунальных тарыфаў паказала, што народ у краіне ёсьць. І не спатрэбілася яму выходзіць на Плошчу, ладзіць маршы пустых рондаляў, перакрываць вуліцы ці ладзіць страйкі, уступаць у канфлікты з начальствам на заводах і ўстановах. Дастаткова аказалася пачаць атаку на ЖЭСы ці інфармацыйна-разьліковыя цэнтры, каб улады пачулі голас насельніцтва. Ну і адпаведна зрэагавалі.

Юры Дракахруст

Дракахруст: Сапраўды, улады не чакалі такога «ціхага бунту» — хаджэньня людзей у ЖЭСы. Улада ўспрыняла яго як кепскі індыкатар. Меры, якія ўлада прымала наконт ІП, наконт пасылак — былі меры, накіраваныя на пэўныя групы насельніцтва, як правіла, ня самы бедныя. А «камуналка» — яна тычыцца ўсіх. Тое, што гэта было зроблена так дэманстратыўна, «адзеньце наручнікі» — гэта як у старым габрэйскім анэкдоце, «выпусьці казу». Габрэй жыў кепска, яму рабін параіў узяць казу ў хату. Той потым кажа, ну зусім немагчыма жыць. Рабін кажа: дык выпусьці казу. Той выпусьціў, узрадаваўся — дык гэта ж жыцьцё!

З «камуналкай» атрымалася тое самае. Бо апошні час беларусу і так ёсьць з-за чаго пераймацца. Беспрацоўе расьце, цэны растуць, дэвальвацыя, падзеньне рэальных даходаў — а тут яшчэ і «камуналка» падвысілася. Але раптам аднавілі справядлівасьць Да таго ж як? Гэта звычайная хада народнай думкі: калі нешта ў эканоміцы ідзе ня так — нехта ж павінен быць у тым вінаваты! Вось знайшлі. І іншыя праблемы, якія нікуды ня зьніклі, псыхалягічна адціскаюцца на другі плян гэтай камбінацыяй.